— А сабе не даруеш.— Васіль шморгнуў носам. І тут у два галасы залемантавалі Косцік з Аленкаю. Мальвіна пабегла да іх з дзвюма пляшачкамі малака. Пачула, як ляпнула клямка форткі, за акном прасунуліся ўвагнутыя плечы Васіля. Пякучы боль перахапіў дух, тугі камяк падкаціўся пад самае горла. Памкнулася зірнуць, куды ён падаўся, а яго і след прастыў.
На вуліцы глуха затупалі капыты. Каля брамкі стаяў спутаны Орлік. Мальвіна ўхапіла ладны акраец і выбегла з хаты.
Заўсёды заклапочаная і паспешлівая, яна толькі цяпер прыгледзелася, як у вузкім гародчыку буйна расцвілі цёмна-барвовыя вяргіні з пабялелымі кіпцікамі на кончыках вострых пялёсткаў, як выцягнуліся і пазгіналіся ад ружовых званочкаў светла-зялёныя сцябліны мальваў. Расцвілі мальвы — значыць, не за гарамі восень: трэба барзджэй упраўляцца, і Мальвіна пабегла на звонкія галасы ўнукаў.
СУСТРЭЧА З САМІМ САБОЮ
— А ці туды вы мяне везяце, малады чалавек? — спытаў Мікалай Іванавіч у шафёра таксі.
— Куды сказалі, туды і вязу.
— Гляджу і не верыцца, няўжо гэта той самы горад...
Машына імчалася па роўнай асфальтавай магістралі, залітай малочным святлом, мільгалі высотныя дамы, шкляныя акварыумы магазінаў, здавалася, да самых зорак — вокны, вокны, з чырвонымі, зялёнымі, жоўтымі, сінімі абажурамі і гардзінамі. Насустрач і следам імчаліся машыны, праплывалі скверы з раскідзістымі кронамі ліп і клёнаў. Толькі там-сям па правую руку паміж дамамі паблісквалі хвалістыя палосы на знаёмай рацэ.
— Прыпыніся, калі ласка... Ну хоць бы тут.
Мікалай Іванавіч выйшаў з машыны. З Дзвіны цягнула прэснаю свежасцю, а ўнізе, каля самага берага, стаяла адзінокая, сагнутая снягамі і вятрамі, учарнелая сасна.
— Яна! Яна!
Шафёр праз апушчанае шкло глядзеў на дзіўнаватага пасажыра і не разумеў, каго ён там убачыў, каму так узрадаваўся. У доме насупраць ціха іграў магнітафон, на празрыстую фіранку то выплывалі, то знікалі цені танцораў, некалькі вокан свяцілася тэлевізійным блакітам. Горад паступова тушыў агні. Пасажыр глядзеў на ўсе бакі, нешта мармытаў, разводзіў рукамі.
— Яна. Яна! Разумееш,— звярнуўся ён да шафёра,— стаіць. Адна асталася, а больш нічога не пазнаю.
— Што мы стаім, а шчотчык працуе, гэта я разумею,— раздражнёна азваўся шафёр,— а больш нікога не бачу.
— І не ўбачыш, малады чалавек... Вунь на самым беразе сасна стаіць. Бачыш? Адна яна асталася ад колішняй вёскі. Апошні сведка. А вёску ведаеш, як звалі?
— Горад ведаю як свае пяць пальцаў, што вёска была, нібыта чуў, а як звалася,— ён паціснуў плячыма,— лепш сядайце. Паехалі. Мне яшчэ трэба на вакзал зматацца.
Мікалай Іванавіч сеў і з сілаю ляснуў дзверцамі, ссунуў на патыліцу капялюш, выцер хусцінкаю лоб.
— А вёска звалася Плаксы. Так, так. Плаксы. Плакалі тут людзі вякамі, і легенду я чуў, але забылася. А цяпер онь які горад... А там, што гэта каля Дзвіны? Не, не там, вунь, наперадзе?
— А, гэта? Гэта спартыўны комплекс. А вы што, бывалі тут?
— З першага катлавана. Не паверыш, тут поле было, ільнішча. Пад тою сасною абедала наша брыгада, а ўвечары дзяўчатам прызначалі спатканні. Тут я ча-лаве-кам стаў.
— А цяпер дзе жывяце?
— Далёка, брат. Адсюль не відаць. Цюменскую нафту качаем. А школу тут прайшоў.
— Дык вы, мабыць, на юбілей горада едзеце? Усіх ветэранаў збіраюць.
— Запрасілі, не забыліся.
Яны ўехалі ў цэнтр горада. На слупах, на дрэвах, пасярод вуліцы пераліваліся ўсімі колерамі электрычныя гірлянды, скрозь мільгалі чырвоныя лічбы 25. Збоку з'явіўся і знік нейкі белы буданчык.
— А гэта што? — спахапіўся пасажыр.
— Гэта? Гэта помнік першай палатцы. Усе ж гарады пачынаюцца з палатак.
— Малайцы. Разумныя, відаць, тут кіраўнікі. Трэба, каб людзі ўсё помнілі. Горад без гісторыі, што чалавек без памяці... А вунь там, каля моста, была наша першая сталоўка: чатыры слупы, на іх нацягнутыя кавалкі толі, укапаныя ў зямлю стол і лавы. Адкуль падзьме вецер, з таго боку зашалюємся аполкамі... А-а-а! Гэта ж першая школа. І тут я бетоніў.
— Цяпер тут такія школы... Што школы! Інстытут свой, тэхнікумы — закачаешся.
Машына рэзка павярнула ўлева і спынілася каля дзевяціпавярховай гасцініцы.
— Прыехалі!
Мікалай Іванавіч разлічыўся, узяў свой лёгкі чамаданчык, пажадаў шафёру шчаслівай дарогі і ўзбег па шырокіх прыступках у светлы вестыбюль. Для ўдзельнікаў свята былі забраніраваны лепшыя нумары, абстаўленыя дарагою і зручнаю мэбляю, з прыгожымі свяцільнікамі, тэлевізарам і тэлефонам.
Читать дальше