Плёткі паўзлі па трох вуліцах, хоць праўды ў іх і каліва не было. Акрыяў Вася, заслужыў медаль «Партызану Айчыннай вайны», і прызначылі яго загадваць нафтабазай, а кватараваў і сталаваўся ў прасторным Мальвініным доме. Яна пайшла рабіць у ашчадкасу і ўпраўлялася ў хаце і ў хляве. Паехалі яны неяк з Васілём на сена. Ён таптаў стог, Мальвіна падавала пласты сена. Толькі накінулі на сцежар віцы, адкуль ні вазьміся, насунулася вялізная хмара з малінавымі беражкамі, кроеная-перакроеная зыркімі стрэламі бліскавіцы, і ўрэзаў суцэльнай сцяною дождж. Мальвіна з Васілём падскублі пад стогам пячурку і схаваліся ў ёй. Узмакрэлыя распараныя целы прытуліліся адно да аднаго. У проразь кофты на потную Мальвініну спіну і шыю насыпалася пацяруха, яна спрабавала вытрасці яе. «Давай памагу». І Васіль асцярожна запусціў руку пад кофту і затрымаў яе, гарачымі вуснамі ўпіўся ў падатлівыя перасмяглыя дзявочыя губы. Мальвіна прытулілася шчыльней і ахапіла дужую шыю, і тут упершыню адчула боль і радасць жаночага шчасця. З тае навальніцы яны жылі, як муж з жонкаю.
Часам Васіль прыносіў з базы заткнутую кудзеляю пляшку першаку і тлумачыў: «Шафёр замастоцкі запраўляўся, дык от участаваў». Вечарамі патроху «запраўляўся» і сам. Пад восень усё часцей і часцей Вася пачаў адлучацца вечарамі на базу — то «рабіць справаздачы», то «афармляць заяўкі», то «падбіваць накладныя». Вяртаўся позна, падпіты, з пахам незнаёмай салодкай парфумы. Аднаго разу Мальвіна не сцярпела і выгаварыла яму. А Вася і вокам не міргнуў: «Ты ж стайняю і паранкаю смярдзіш. Прачнешся ноччу і не разбярэш, хто спіць побач — баба ці конь. Цьфу! Абрыдла». Ляснуў дзвярыма і знік у цемені ночы. Камень крыўды і жалю прыдушыў Мальвініна сэрца, а слёзы стрымала, толькі болька смылела ўсё жыццё і жальба да сябе, што першы раз пакахала і не ўтрымала такога статнага і вясёлага прайдзісвета з цыганскім чубам і вачамі. А пад сэрцам ужо ўпінаўся ножкамі яго нашчадак.
Ні заўтра, ні пазаўтра Вася не вярнуўся. А людзі раней за Мальвіну ведалі, што ён, туляючыся, прападаў у гладкай, як ласіца, адзінокай медсястры. Калі пасяліўся ў яе, Мальвіна склала на воз яго транты, адвезла на новую кватэру, перакінула іх цераз плот, паляпала ў шыбіну пугаўём: «Забірай пасаг свайго абармота»,— села на воз, сцебанула ляйчынаю Хаз-Булата, і толькі пыл закурэў.
Праз тры месяцы Мальвіна нарадзіла Толіка. Ніхто на яе брыдкага слова не сказаў, пальцам не тыцнуў, не папракнуў. Хадзіла вясёлая і шчаслівая, а колькі начамі слёз праглынула, ніхто ніколі не дазнаецца. Затое хлопец удаўся ўсім на дзіва.
А Вася патроху співаўся, азыз, спахмурнеў, па тыдню хадзіў няголены. На базе выявілася недастача. Хацелі судзіць, але зжаліўся і заступіўся былы камандзір брыгады, нешта аформілі, нешта скруцілі. Спецыяльнасць у Васі, як кажуць, вузкая — піць, спяваць ды цешыць маладзіц.
Пакуль валаводзіла следства, аціраўся Васіль у «шаткоме», пляшку зарабляў на разгрузцы-пагрузцы, спрабаваў шабашыць з сякераю, але не цярпеў мазалёў. Кінуў. Быў дарожнікам і вартаўніком крамы, пакуль не ўкралі стрэльбу. Цяпер вось на пенсіі. Ат, і пенсіі тае на хлеб ды на «Прыму» ледзьве хапае. Летам — усяе работы шлёпаць вудаю па вадзе, а ўвечары ацірацца каля чайной: можа, каму спатрэбіцца трэці.
Пакуль Мальвіна глядзела на кепку над берагам і з жалем успамінала і Васю, і сваё горкае жыццё ні дзеўкі, ні ўдавы, Орлік устаў і ўзяўся асцярожна скубці дробную траўку на сталочаным выгане. Толькі выпнуліся рэбры, ды ямкі над клубамі надзімаліся і ападалі, як пухіры. Гэта ж трэба! За якога паўдня такога каня зрабіць інвалідам... А Вася? Вася сам сябе жывасілам у інваліды перавёў. Ах, такі ж хлопец быў! Чорт чортам у любым дзеле, а розуму, выходзіць,— на адну зацяжку. Адно шчасце, што Толік толькі мордаю ды чубам у бацьку ўдаўся, а сэрца і рукі залатыя.
Мабыць, Васіль здалёк пазнаў Мальвіну, ніжэй нацягнуў кепку, скруціў акунёўку, забраў свой веласіпед і падаўся берагам за лазовыя кусты, ці на лепшае месца, ці каб не сутыкнуцца з ёю. Мальвіна доўга глядзела ўслед, потым падняла галаву ўгору, каб не скаціліся непатрэбныя слёзы. Высока-высока ў чыстым блакіце адно за адным плылі бусел з бусліхаю на буслянку на старой таполі да сваіх буслянят.
Мальвіна ўзяла повад, і за ёю млява патупаў Орлік. Пасля прабежкі за грузавіком куды дзеліся спрыт, сіла і жвавасць? Глядзіш — Орлік і не Орлік, ён і не ён: нейкая струна лопнула ў ім, ужо не чутно залівістага ржання, гулкага цокату капытоў, ужо не нясе высока сваёй зграбнай белай галавы, толькі па-ранейшаму лашчыцца да Мальвіны і слухае яе.
Читать дальше