— Ты што, здурэла, Юстынаўна? — адхіснуўся Зміцер.— Усё ж нармальна.
— Ану, злазь, жывадзёр,— з пенай на вуснах аж заходзілася Мальвіна.— Яму нармальна, га?! А хіба ж ты нармальны? — І ў роспачы яшчэ раз ляснула аскабалкам па борце, а сама зайшлася горкімі слязьмі.
— Скруцілася баба. Мы ж етта, на первай скорасьці пілуем. Праўда, Грыша? — звярнуўся ляснік да свайго шафёра.
— Каб табе дошак на труну напілавалі. Злазь, кажу!
Зміцер пазнаў райкомаўскую «Волгу» і адразу здрэйфіў. Відаць, Барысаўна ведае, а ў тае не заржавее. Усе мужыкі ў раёне асцерагаюцца яе: барані божа, убачыць каторага пад мухай ці пасля ўчарашняга, адразу мяняй партфель на вілы. Ды і гэтая «конская мама» скруцілася.
— Ну, чаго ты ўжо так, Юстынаўна? Палянь, што яму зрабілася? Не мог я, дальбог, верхам ехаць, не тут казана, скула на тым самым месцы ўскочыла, а пешкі да захаду сонца раскаракаю не давёў бы. Кінь хлудзіну, тады злезу.
Мальвіна адкінула палку і прыхінулася да змакрэлай Орлікавай храпы. Апалыя бакі хадзілі, як кавальскі мех, з ніжняе губы цягнуліся густыя, як патака, цуркі зеленаватай пены, трывожнае сіняе вока, здавалася, набрыняла слязою. Зміцер дрыготкімі рукамі апасліва адвязаў ад кузава повад, кінуў яго Мальвіне, адсунуўся да кабіны і заенчыў:
— Чым жа я картоплі абганю? Злітуйся, Юстынаўна, дальбог, за повад павяду. От табе хрэст,— і ён, не здымаючы шапкі, няўмела перажагнаўся.
— Каб цябе сляпога вадзілі. Нідзе дзенешся, сам упражэшся, а баба паганяць будзе. А вупраж заўтра на сабе прынясеш. Чуеш? І ў цябе, ёлупня, мазгоў хапіла, а яшчэ шофер называецца. Эх т-ы-ы! Круціць баранку навучыўся, а чалавекам так і не стаў,— Мальвіна горка заплакала. Орлік цяжка дыхаў, нізка звесіўшы галаву. Дзе дзеўся яго спрыт, пастава, жвавасць? Ад хуткага бегу па няроўным местачковым бруку распляскаліся, як старыя атопкі, капыты, ад газаў, што наглытаўся за машынаю, яго хістала з боку ў бок.
Следам і насустрач ехалі машыны і фурманкі, людзі пазіралі на распатланую Мальвіну, на змардаванага Орліка і спалоханага Змітра ў кузаве. Грузавік доўга не заводзіўся — рыпела, тузалася ручка, потым чмыхнуў, стрэліў і пусціўся наўцёкі.
Мальвіна асцярожна звяла каня на прырэчны куп'істы выган з дробным дзяцельнікам і кураслепам. За ракою жаўцелі пясчаныя выдмы з чырвоным ракітнікам, за імі цягнуліся сінія хвойнікі, прагрэтыя сонцам і набрынялыя смаловым духам, што аж сюды яго даносіў павольны слюдзяны ветрык. Орлік увесь калаціўся ад стомы і страху — хвалямі прабягала дрыготка па змакрэлай скуры, у каленях, нібы памякчэлыя, прагіналіся ногі, а насцярожана-пудкія вочы азіраліся на кожную машыну. Мальвіна пяшчотна гладзіла яго гарачую храпу, пальцамі разбірала злямчаную грыўку, суцяшала, верачы, што ён разумее кожнае слова: «Не бойся, Орлічак, болей цябе ў крыўду не дам. А гэтага дурня, бачыш, і след прастыў. Ёсць яшчэ вырадкі, што душа тванню зарасла, а мазгі ад сівухі, як смярдзючы баўтун».
Яна выскубла жменьку дзяцельніку і паднесла Орліку. Ён лена, губляючы былкі, пачаў пераціраць зубамі. Дажаваў і пацёрся мордаю аб Мальвінін плячук. Яна выпусціла повад. Орлік адышоўся на роўную лагчыну і лёг, выцягнуўшы пярэднія ногі. Мальвіна села побач. Па рэчцы плылі ружовыя воблакі, на перакаце плюскатала, калышучы сіняваты сітнік, жаўтаватая вада. Каля лазовага куста стаяў нечы пачарнелы веласіпед, над берагам тырчала ссунутая на вочы з пасівелай патыліцы маленькая кепачка, час ад часу мільгала і шлёпала па вадзе гнуткая вуда.
Мабыць, не столькі зрокам, колькі сэрцам адчула Мальвіна, ці не ён гэта, яе колішні Вася Мікіцюк. Вася, Васечка, Васілёк. Быў Васілёк, ды выцвіў, звяў і асыпаўся. Акружэнец, аднекуль з Палтаўшчыны, быў адважным і дзёрзкім разведчыкам у атрадзе «Разгром». Гэта ён здымаў пісулькі з грывы Буяна. Паранілі Васю вясною ў блакаду сорак чацвёртага. Выняньчыла, выпесціла яго Мальвіна спачатку ў зямлянцы, а як адкаціліся немцы, у сваёй хаце. Буяна ўжо не было. Прывезла Мальвіна Васю на яго маленькім «манголе», празваным Хаз-Булатам.
Лётаў ён, як вецер, сцелючыся па зямлі, не раз ратаваў свайго гаспадара. Васю з прабітым навылёт плячом у бальніцу Мальвіна не аддала: харчы там былі посныя, палаты цесныя, а дома — і сырадойчык, і маселца, і скварка вялася. Нічога не шкадавала Мальвіна, асабліва пяшчоты і ласкі. Паіла, карміла, перавязвала, бінты парыла, самога ў трусах у балеі купала, часам вазіла да доктара ў амбулаторыю. Камандавала хворым, як малым дзіцём, хацела здавацца грубаватай і абыякавай, каб не паказаць сваіх пачуццяў, а часам, каб суцешыць, шаптала ласкавыя словы і гладзіла смольныя пярсцёнкі валасоў.
Читать дальше