Буян карміў яе і дзядзьку ўсю вайну: заворвала людзям гароды, вазіла дровы і сена і на сваёй гаспадарцы ўпраўлялася. Нанач адводзіла пасвіць за рэчку, у Дубнякі. На досвітку, як і Орліка, клікала, стоячы на вале. Як бы далёка ні быў Буян, бег на гаспадынін голас — ведаў, з пустымі рукамі не прыйшла. Абдыме яго Мальвіна за шыю, намацае пад густою грываю заплецены каснічок, а ў ім у адказ — для яе скручаная пісулька: «Калі збіраюцца ў Зарасціў сваты? Чаму трымаюць на прывязі Бобіка?» Гэты няхітры шыфр партызанскага разведчыка Басі Мікіцюка добра разумела Мальвіна і адпісвала пра ўсё, што бачыла і ведала. Надзейным паштальёнам быў Буян. Рызыкоўны, зіркаты, з цыганскім чубам Вася ноччу падкрадаўся да спутанага на выгане Буяна, мяняў пошту і знікаў у тумане. Успамінала і яго. Разануў ён па самым сэрцы, спакусіў неспакушаную Мальвіну, і хлопец — выліты ён.
Гаркавата-салодкія ўспаміны перабіў грукат дзвярэй: у ашчадкасу ўскочыла Мальвініна суседка Антоля Карбуцянка, у суконных тапачках на босую нагу, без хусткі, запыханая. І адразу з парога:
— Юстынаўна, што ж гэта ён, гад, робіць, га? Няўжо ты дала такую волю? Загубіць жа каня. Бяжы барзджэй, даганяй гэнага шкурадзёра. Але дзе ты здагоніш. Каб хіба на легкавушцы...
Мальвіна ўскочыла за шкляною загарадкаю:
— Кажы толкам, куды бегчы, каго даганяць?
Антоля трохі аддыхалася:
— Насіла гэта я да Буячыхі адрэз на сукенку. Ледзьве ўпрасіла пашыць. Не табе ж казаць, якая яна нотная. Ага, толькі выйшла ад яе, аж бачу: курыць цераз масток «газон», з кузава тырчыць мазгаўня балашоўскага Змітра, а ззаду... што б ты думала? Прывязаны да кузава Орлік. Ледзь паспявае. Повад напяты, як струна. Каб з таго дурня кішкі павыцягвала, а ён, што б ты думала? Курыць сабе ў кузаве і не шманае. Я крычу, махаю рукамі, а ён — пень пнём. Машына, праўда, дабітая, уся лескаціць, а як выскачыць на гравійку, чаго добрага, газане на ўсе застаўкі...
Мальвіна, як апараная, выскачыла з-за свае загарадкі.
— Так бы адразу і казала, а то Буячыха, адрэз... каб яго разачка рэзала,— і ўжо не папрасіла, а наказала загадчыцы: — Надзечка, пасядзі за мяне. Я мігам. Скруціўся ён, няйначай.— І выскачыла з ашчадкасы.
Але куды бегчы? Як яго дагнаць? Гэта ж столькі часу прайшло!
Мальвіна ў роспачы закруцілася на месцы. Але ж нешта трэба рабіць, некуды бегчы. Яна перасекла плошчу, абсаджаную старымі ліпамі і таполямі, і ўгледзела, што якраз каля райкома спынілася «Волга». Адкуль толькі той спрыт узяўся: праз якую хвіліну запыханая Мальвіна спынілася каля машыны. З пярэдняга сядзення сышла сакратарка райкома і нешта наказвала шафёру.
— Вольга Барысаўна, галубачка,— запрычытала Мальвіна,— выручайце, ратуйце!
— Што здарылася? — здзівілася такой трывозе ўжо не надта маладая, падцягнутая, у зграбнай джынсавай сукенцы Вольга Барысаўна.
Захлынаючыся, Мальвіна коратка расказала пра сваю бяду: «Загубіць жа каня, ахламон. Памажыце пераняць».
Сакратарка шырэй расчыніла дзверцы:
— Сядайце. Паўлік, пакуль што паездка адкладаецца. Даганяй. Вернешся, зойдзеш. Шчасліва,— ляснула яна дзверцамі. «Волга» сарвалася з месца.
— Газуй, Паўлічак. Гэты шкурадзёр загубіць та-а-к-к-ога каня!
— Куды ехаць, Юстынаўна?
— Гані на Балашоўскі шлях. Каб яго разачка ганяла.
Хутка праскочылі шчарбаты булыжнік колішняй кавалёўшчыны, мінулі масток праз забраснявелую канаву, і машына пакацілася па шырокай пясчанай Слабадзе.
Як толькі выскачылі з мястэчка, Мальвіна аж падскоквала з сядзення і ўглядалася ўдалеч. Мільгалі пабеленыя прыдарожныя слупкі, на зарэчным выгане шчыпалі траву чароды гусей, тупалі прыпнутыя козы, а грузавіка ўсё не было відно. Толькі за павароткаю Мальвіна ўбачыла: матляючы галавою, ледзь паспявае за машынаю Орлік.
— Паўлушачка, гані, галубочак, газуй на ўсе застаўкі,— аж заенчыла Мальвіна. Адлегласць хутка менела. Павел пасігналіў, а грузавік і не думаў стараніцца.
— Абганяй, заходзь наперад. От жа гад, от жывадзёр,— аж падскоквала Мальвіна.
Паўлік не здымаў руку з сігналу. А «газон» валачэ воблака пылу і не шманае сабе. Мальвіна перад шклом гразілася кулаком, гатовая выскачыць і бегчы напярэймы. Як толькі параўняліся з упараным Орлікам, па расчырванелых Мальвініных шчоках пакаціліся слёзы. Райкомаўская «Волга» заскочыла наперад і перагарадзіла дарогу, а Мальвіна выбегла на шлях, ухапіла на ўзбочыне хлудзіну і кінулася напярэймы грузавіку. Той стаў. Узваліўшыся на кабіну, лыпаў вачыма Зміцер з прыліплаю да губы цыгарэтаю. Мальвіна размахнулася, хацела выцяць яго, але сухая хлудзіна ляснула па борце і пераламалася напал.
Читать дальше