Усё гэта бачыў ляснічы. Ён, заўсёды сухаваты і стрыманы, сустрэў Мальвіну як ніколі ветліва — падаў руку, падставіў крэсла і без слова выпісаў білет не на тры, а на пяць кубаметраў.
— А цяпер хачу з вамі параіцца, Мальвіна Юстынаўна, што рабіць з асірацелым жарабятам? Дзіцячых ясляў пакуль што для іх няма, а вы, даўно ведаю, любіце коней.
— Хіба ж можна іх не любіць і не шкадаваць? Самая патрэбная чалавеку і самая чыстая жывёліна. Давайце паспрабуем. Можа, і выгадую добрага вам каня. А жарабок, відаць, завадскі. Глядзіце — малы-малы, а вунь якія персі, і шыя, як у таго лебедзя... Стайня ў мяне цёплая, кароўка, дзякаваць богу, малачка дае, а дагледзець дагледзім.
— На чым жа пагодзімся? — запытаў ляснічы.
— Як канём стане, тады будзе відно. А пакуль што дасце на зіму трохі аўса і сена. Астатняе — мой клопат. Не аднаго ж каня выгадавала.
— А за работу вашу, за гадоўлю, як разлічвацца будзем? У вас жа служба, ды і свая гаспадарка.
— У вашым лясніцтве процьма траўных лапікаў, балацінак і някошаных пеляў. Дасце дзе-небудзь накошваць на кароўку, і жарабок пры ёй перакідаецца. Сірот жа людзі гадуюць без усялякае платы. Вырасце — аддзячыце, а не — і на тым спасіба. А гэта ж скаціна: не папросіць і не пажаліцца.
Мальвіна накінула на шыю жарабяці павадок, намацала ў кішэні запылены драбок цукру, абшорхала яго аб спадніцу і паднесла да аксамітных губ жарабка. Ён уцягнуў ноздрамі паветра, недаверліва і асцярожна ўзяў з далоні салодкі пачастунак.
— Ну, хадзем,— Мальвіна пагладзіла прыгожую сінявокую морду.
Гэтак у жарабка з'явілася новая «маці».
Мальвіна няньчыла яго, як малое дзіця: ноччу ўставала, грэла малачко і выпойвала з соскі. А колькі яна папакутавала пасля канавалавай аперацыі,— лясніцтву трэба быў цягавіты конь, а не жарабец. І ён стаў вунь які рэзвы ды цягавіты, разумны ды паслухмяны: без аброці і повада, як сабачаня, хадзіў за Мальвінаю. Колькі яна яму папаношвала «цаглін» хлеба, колькі скарміла пачкаў цукру, а колькі доўгімі зімовымі начамі папаношвала цёплай паранкі, засмачанай вобмешкай і пылам з млына.
І вось ідзе за Мальвінаю з пашы з высока паднятаю галавою, танканогі, дужы і зграбны Орлік. Цяпер у яго гарачая пара — абганяць картоплю. А насадзілі яе леснікі на сотках, на лясных палянках, на расцяробах, не шкадуючы ні сябе, ні Орліка. Сёння ён па разнарадцы пойдзе да лесніка з Балашоўскага кардону. Той ужо чакае на лавачцы каля Мальвінінай хаты з белымі аканіцамі і новым шыферным дахам. Пакуль вяла Орліка з пашы, чаго толькі не перадумала Мальвіна — у яе заўсёды нешта круцілася ў галаве. Успомніла, як нябожчык дзядзька Андрон гадоў да сарака ўсё падбіраў сабе пару, ды так бабылём і звекаваў. Жыла пры ім аўдавелая сястра Варвара з дачушкаю Мальвінаю. Маленькую яе звалі то Аляю, то Мальваю, у школе запісалі з метрыкі Мальвінаю, так і была яна адна з такім імем на ўсё мястэчка. Вучыцца Мальвіна не ленавалася: табліцу множання схапіла адразу, нібы аддрукавала ў мазгах, задачкі лузала, як гарбузікі, чытала — рэпу грызла, і кожную весну на радасць маме і дзядзьку прыносіла пахвальныя лісты.
Пасля школы лынды ніколі не біла. Павучыць урокі — і з лясёнкаю па маладую траву, то свінням намяшае, то курэй пакорміць, а ўсё лецечка — у полі і ў полі. Да калгасаў дзядзька меў два маргі зямлі, каня і пару кароў, ды яшчэ служыў. За Мікалаем — у манапольцы, за Саветамі — у крэдытным таварыстве «Гаспадарка» загадваў складам: выдаваў у растэрміноўку «культурным» гаспадарам жняяркі, веялкі, дыскавыя бароны, у касавіцу і жніво прадаваў косы і сярпы. І да свае гаспадаркі быў падкі, хоць нашто яна яму была, і сам не ведаў. Думаў — усё для Мальвіны. Як толькі яна папрутчэла, скрозь паспявала, а больш за ўсё любіла свайго пястунчыка Варанка. Выпасвала ўсе ўзмежкі і канаўкі, разам з хлопцамі вадзіла на начлег і ніколі не адставала ад іх галопу туды і назад. Варанок азываўся на яе голас, а наскубшыся, спутаны дрыбаў да вогнішча і стаяў каля закручанай у рудую суконную світу Мальвіны. З тае пары яна ўжо ніколі не разлучалася з коньмі. Калі ўжо нельга было трымаць сваіх, бралася даглядаць то сельпоўскіх, то з дарожнага ўчастка, а некалі гады са два трымала пракурорскага перастарка, то вось з соскі выкарміла і не разлучалася з лясніцкім Орлікам. Клопату і траты з ім было куды больш, як таго набытку.
Мальвініны ўспаміны дзяліліся не па гадах і важных падзеях, а па конях: мама памерла, калі яшчэ быў Варанок, вайна пачалася пры наравістым Буяне. Хоць не раз ёй даваўся ў знакі, але часцей выручаў з бяды і верна служыў, пакуль на палаючым мосце не скасіла яго варожая куля. Работу ў ашчадкасе пачала, калі даглядала пракурорскага Кодэкса. Гэтак яна ахрысціла супроць волі гаспадара. І слухаўся. Пакуль вяла Орліка з пашы, чаго толькі не перадумала Мальвіна.
Читать дальше