На лавачцы аж круціўся ад нецярпення балатоўскі ляснік Зміцер. На кожнага, каму давала каня, глядзела Мальвіна з недаверам і затоенай варожасцю, нібы роднае дзіця аддавала ў егіпецкую работу. Яна павяла Орліка ў двор, на Змітра і не глянула, насыпала ў карытца аўса, выцерла травяным вехцем холку і крыж, вынесла лясніку вупраж і барак з пастронкамі, паклала на лавачку і буркнула: «Барак нясі. А будзе валачыцца, барані божа бабкі пазбівае». — «Не бойся, Юстынаўна,— заюліў Зміцер,— усё будзе ў парадку. Тутака наш шофер е, казаў, і хамут з сядзёлкаю давязе».— «Ну, глядзі! Сядзеш палуднаваць — і Орліка не забудзь пакарміць. Гэта ж табе не трактар».— «Усё будзе як часы. Там і работы тае ад сілы на паўдня». Узяў повад і заспяшаўся.
Мальвіна пад умывальнікам, прыбітым да плота, апаласнула рукі і твар, стоячы з'ела аладку, каўтнула з гладышкі малака, надзела чыстую кофту, пацёрты да бляску на рукавах карычневы жакецік, упхнула парэпаныя, пакручаныя ногі ў добра растаптаныя туфлі, абцерла іх трапкачом, паглядзелася ў пацямнелае люстэрка ў паточанай шашалем раме з адбітымі балабешкамі і зноў пашкадавала сябе: «Чаму ж я не такая, як другія бабы майго веку?» Шчокі прыпечаныя сонцам і ветрам, а пад вушамі і на падбародку бледна-жоўтая скура з рысачкамі маршчын, невялікі, востры, як дзюбка, нос, замест шыі, падобнае на гладыш, валлё, тонкія бровы ад пераносся крута спадаюць уніз, рэдкія гладка зачэсаныя валасы, сабраныя на патыліцы ў куксачку, шчодра прыцерушыла сівізна. З дзяцінства пакутавала Мальвіна, што бог не даў хоць трохі зграбнасці і прыгажосці. Таму цуралася сваіх статных і ладных равесніц, рэдка глядзелася ў люстэрка. Неяк паспрабавала падмаляваць вусны і бровы,— сама сабе брыдкаю здалася. Выкінула парфуму. Пра ўсе свае пакуты і беды расказвала толькі коням і верыла, што ўсё яны разумеюць і спагадаюць ёй.
Мальвіна прыгладзіла валасы, завязала беленькую хустачку і не вельмі ходка пайшла ў сваю ашчадкасу. Па дарозе падумалася: колькі ж ёй яшчэ хадзіць сюды? Як толькі стрэлка дойдзе да двух пяцёрак, павіншуюць з заслужаным адпачынкам, паднясуць электрычны чайнік, штапелю на сукенку, пашкадуюць, што трацяць такога вопытнага работніка і чулую жанчыну, назаўтра на яе месца сядзе размаляваная, з чырвонымі пазуркамі фіфачка і пачне «чмокаць» на гарадскі манер.
Апошнім часам усё часцей і часцей апаноўвалі Мальвіну ўспаміны. Значыць, набліжаецца старасць.
Летам пуставата было ў ашчадкасе — з кніжкамі чалавек дзесяць — дванаццаць заходзіла, болей здавалі членскія ўзносы, прыходзілі з пералічэннямі, правяралі латарэйныя білеты. Але ёсць людзі ці няма — сядзі, чакай, пазірай у акно, хто куды ідзе, што нясе, хто з кім сустрэўся, хто прыехаў аўтобусам. Ашчадкаса — на рагу местачковай плошчы ў колішняй цаглянай краме. Непадалёк — аўтобусная станцыя, цераз плошчу — райком, а побач — універмаг. Калі што вартае прывозілі туды, у ашчадкасе ведалі раней за ўсіх і па адной бегалі ў чаргу.
Мальвіна ведала ўсіх местачкоўцаў да трэцяга калена, і яе ведалі ўсе. Не толькі ведалі — паважалі старыя і малыя за сумленнасць, працавітасць, за ласкавую дабрату і нават за любоў да коней. Сядзіць Мальвіна, чакае наведвальнікаў, але адкуль ім быць: гарачая пара ў полі і ў гародах, у краме да канца месяца няма чаго рабіць. Вось і сядзіць сабе, перабірае ў памяці ўсё сваё жыццё. Як праз туман, бачыць невялічкую станцыю, дзе нарадзілася ў жоўтым чыгуначным доме пад стромкімі таполямі. Бацька быў старшым кандуктарам. Ад яго вобліку толькі і засталіся ў памяці казыткія светлыя вусы і два словы «дачушка» і «Мальвачка». Запомнілася яшчэ, як галасіла маці, праводзячы мужа на тую, мікалаеўскую, вайну. Больш яго ніхто не бачыў і нічога не чуў. Тады ж яны і пераехалі сюды, да дзядзькі Андрона. Усю нерастрачаную любоў ён аддаў маленькай пляменніцы: куды б ні ехаў, браў з сабою, гуляючы, прывучаў да рыдлёўкі і капаніцы, маленькую прыахвоціў да лічыльнікаў. А потым год ад году ўпрагалася ў бабскую і мужчынскую работу.
Была Мальвіна і партызанскай сувязной. Адыходзячы ў тыл, раённы ваенком пакінуў ёй на догляд казённага, занадта гарачага Буяна. Развітваючыся, ваенком сказаў: «Вернемся, аддзячым. А калі часам зойдзе чалавек адведаць Буяна і спытае, ці не трэба перавязаць хамут, не бойцеся яго, памажыце, калі чаго папросіць. Вам мы давяраем». Паціснуў руку і паехаў на райкомаўскай машыне са сваімі паперамі.
І праўда, неўзабаве зайшоў знаёмы ляснік з Лучак і, не вельмі тоячыся, дамовіўся з Мальвінаю, што і як ёй рабіць, каб памагчы «хлопцам у лесе».
Читать дальше