Увечары ў цьмяным калідорчыку канторы разам з брыгадзіркаю нечага чакала тая маленькая адзінокая дзяўчынка з апошняга этапу. Здаецца, звалі яе Аляю. Я папрасіў яе затрымацца, пакуль закончу зводку. Праз вузкае акенца сваёй канторкі бачыў, як яна прытулілася да сцяны ў вялізных лапцях на босую нагу. Праз паўгадзіны я папрасіў Алю прайсці са мною. Яна паслухмяна выйшла, а па дарозе спынілася і спалохана спытала, куды мы ідзём. Я супакоіў, што ідзём у капцёрку па важнай справе. Там нас чакаў Яша Смірноў, вясёлы, гаваркі валжанін. Ён паставіў на прылавак даволі зграбныя, адрамантаваныя Макравусавым чаравічкі. «Памерайце». Аля лыпала вачыма і не рухалася. Не ведаю, пераканаўча я хлусіў ці не, гаворачы, што яе прэміравалі за старанную работу на пагрузцы і… па разутасці. Удвух мы ўгаварылі яе ўзяць абнову і распісацца ў ведамасці, а яна ўсё даводзіла, што многія дзяўчаты працуюць куды лепш.
Назаўтра яна ўжо хадзіла хоць і не надта ў прыгожых, але ўсё ж чаравіках. Сяброўкі на яе глядзелі падазрона і недвухсэнсоўна перашэптваліся. А мы з ёю яшчэ ні разу не пагаварылі. Неўзабаве Алініну брыгадзірку ўзялі загадваць лазняю, а я дамовіўся з майстрам лесу Інакенціем Талакновым, каб ён брыгаду перадаў Алі. Звычайна брыгадзір расстаўляе брыгаду на падноску і пагрузку, улічвае аб’ём работы, запаўняе рапарцічку і, пакуль ідзе пагрузка, сядзіць каля вогнішча, счышчае шкельцам з фанернай дошчачкі ўчарашнія паказчыкі, каб запісаць новыя. З усіх брыгадзіраў адна Аля ўкалвала мудрэй за іншых сваіх грузчыц.
На яе брыгаду кухар падкідаў лішнія дзве-тры порцыі, хлебарэз «памыляўся» на пару паек. Яна іх вяртала назад. Андросік і Воранаў пыталіся ў мяне: «Яна што, чокнутая?» — «Проста яшчэ не навучылася жыць у лагеры», — адказваў я, а яе папярэдзіць не адважваўся, каб не падумала чаго благога. Увосень пачалі прыходзіць вузенькія паперкі на ўсіх «следственных», хоць ніякага следства яны не дачакаліся. Усім акружэнцам «тройка» па артыкуле 196 «прыпаяла» каму пяць, каму дзесяць гадоў, а дзяўчатам па артыкуле 7–35 (парушэнне пашпартнага рэжыму) — ад пяці да васьмі гадоў лагера. «За што?» — галасілі нядаўнія прыгажуні, ледзьве падобныя на саміх сябе. «Мы ж чакалі следства, верылі, што разбяруцца і адпусцяць нас. Якое парушэнне рэжыму? Мяне ж забралі з дому з пашпартам і прапіскай у бацькоўскай хаце». Яны хадзілі да начальніка УРЧ, да ўпаўнаважанага оперчэкісцкага аддзела. Тыя толькі разводзілі рукамі і раілі: «Пішыце. Разбяруцца. Але ж вы ведаеце, што ў нас невінаватых не саджаюць».
Па тым жа артыкуле Аля распісалася за пяць гадоў. Адразу замкнулася, як закамянела. Яна ведала, што ніхто не будзе пераглядаць і чытаць іх скаргі. Калі не было паражняка, і яе брыгаду ставілі на павал, а нанач — на пагрузку. У зону вярталіся ледзь жывыя, мокрыя, заляпаныя граззю — ні памыцца, ні абсушыцца. У бараку дымілі каганцы, са столі і шчылін у нарах сыпалася і паўзла плойма клапоў і секла схуднелыя дзявочыя целы.
З акружэнцаў стварылі брыгаду лесарубаў. Брыгадзірам яны абралі свайго камбата Папова і доўгі час трымаліся вайсковага статута: «Дазвольце звярнуцца, таварыш капітан. Дазвольце адлучыцца». Знясіленыя ў акружэнні, у камерах і на этапах, з восені яны яшчэ неяк трымаліся, а ўдарылі маразы, закруцілі завеі, многія паадразалі полы раней пакарочаных шынялёў на парцянкі і ў выцертых вайсковых неданосках калаціліся на марозе і сіверным ветры. I пасыпаліся адзін за адным нядаўна маладыя і здаровыя салдаты, якіх так не хапала на фронце. Адных з лесасекі везлі проста ў морг да Лясэра, іншыя гэты шлях праходзілі праз «слабасілку». Брыгада раставала на вачах. Яна ўжо не выходзіла на развод, яе паступова начамі вывозіў за вахту бесканвойны возчык Кастроў, складаючы ўдоўж і ўпоперак на санях рэшткі былых воінаў.
Трымаліся яшчэ трохі жанчыны. Яны заўсёды былі трывалейшыя. Але голад і катаржная работа выкруцілі іх так, што не пазнавалі сябе: ад ветру, сцюжы і дыму вогнішчаў шчокі задубелі і пасівералі, пад вачыма навіслі вадзяністыя мяшэчкі, пасекліся даўно не мытыя валасы. Каб не пладзіліся паразіты, многія паабстрыгаліся, і ўсё ж ратунку ад іх не было. У лазню ганялі раз на месяц. Змылачкам і галаву не памыеш, і вады было скупа. Жанчыны паступова прывыклі і сталі абыякавыя да зняважлівых «санапрацовак» Пецькі Самойліка. Спачатку ён цынічна жартаваў, а потым саромеўся непрыстойнай работы. Толькі некалькі манашак супраціўляліся знявазе. Яны адбіваліся, плакалі, малілі літасці, а іх валаклі сілком і нахабна ржалі: «Мы вас, бабанькі, хутка разманашым», а тыя толькі хрысціліся і шапталі: «Свят! Свят! Ізыдзі, сатана — нячыстая сіла. Госпадзі, памажы і ўкрапі!»
Читать дальше