Раззлаваныя канваіры скруцілі Гарэлага, кінулі на заледзянелы палок саней, накрылі прыцярушанымі трантамі, прывязалі вяроўкаю, і стралок павёз яго ў лес.
Да арышту я верыў кожнаму лозунгу, кожнаму друкаванаму і афіцыйнаму слову, быў узорам бяздумнага «патрыятызму», згаджаўся, што ў нас усё перадавое, разумнае і неабходнае. «Перавыхаванне» ў лагеры мне расплюшчыла вочы, вучыла самастойна думаць, сумнявацца, пратэставаць у душы, але зацята маўчаць.
На пачатку 1942 года пайшлі этап за этапам мужчыны ў шынялях, без папруг і пятліц. Прыбывалі салдаты, камандзіры, штабныя работнікі — прадстаўнікі ўсіх родаў войск з Варонежскага і Калінінскага франтоў. Віна іх была ў тым, што трапілі ў акружэнне, з баямі прабіліся да сваіх, а каб не трапілі ворагам дакументы, частку іх знішчылі або закапалі, многія выйшлі без партыйных білетаў. «Ага, значыць, былі паражэнчыя настроі, не спадзяваліся выйсці з акружэння, а можа, і знарок хацелі здацца», — разважалі «асабісты» і «смершаўцы». А ў іх размова кароткая: «Рукі назад!» — і ў турму, а там, як прусакоў у шчылінах, поўна цывільных «шпіёнаў» і «ворагаў». Стаяць стаяком, на нары кладуцца па чарзе. Людзі падаюць у непрытомнасці. Без затрымак пачыналіся разгрузкі турмаў, падаваліся закратаваныя цялятнікі, і паехала на ўсход свежая рабсіла, і гэтых рабоў ехала мільёны.
Разам з вайскоўцамі прыбывалі жанчыны за тое, што асталіся пад акупацыяй, перахопленыя на дарогах на ўсход, пакінутыя начальствам у тыле ворага. Ніхто ніякага следства не вёў. Паспявалі толькі запоўніць фармуляры. У графе «артыкул і тэрмін» было напісана «следственный». I так у кожнага. Спадзяваліся — прыедуць следчыя і будуць разбірацца на месцы. Але ніхто так і не прыехаў.
У вачах учарашніх воінаў былі разгубленасць і адчай, на злінялых гімнасцёрках — цьмяныя сляды павыдзіраных ордэнаў і камандзірскіх адзнак, пілоткі без зорачак, і на гэтых былі шынялі да калень. У зоне стаяў шэры маўклівы натоўп былых акружэнцаў. Нядаўнія баявыя камандзіры і салдаты глядзелі на падвойны плот з калючага дроту, на вышкі, на змрочныя баракі, на лагернікаў у абшарпаных, прасмоленых на павале трантах, на схуднелыя, задубелыя на сцюжах, пад ветрам і дымам твары мужчын і на жанчын, якія даўно страцілі адзнакі хоць прыблізнай жаноцкасці. Старажылы лагера ўяўляліся ім страшэннымі злачынцамі, рэцыдывістамі, бандытамі і забойцамі, а да вахты цягнуліся былыя партыйныя работнікі, лётчыкі, настаўнікі, сяляне — «злосныя нядоімшчыкі, нехацімцы і сабатажнікі», каб пабачыць «новенькіх», распытаць, што на волі, на фронце, а можа, і сустрэць знаёмых. Этапнікі трымаліся насцярожана і маўкліва.
За натоўпам ваяк чуліся мілыя жаночыя галасы. I пайшлі ў зону ў прыгожых сукеначках, жакеціках і чаравічках пераважна маладыя, яшчэ не злінялыя ў камерах прывабныя маладзіцы і зусім юныя дзяўчаты. Начальнік УРЧ выклікаў прозвішчы: Коласава, Кальцова, Фокіна, Каравашкіна, Зяленіна, Гаўрылава, Волкава Зінаіда і Волкава Антаніна, Сальнікава, Андрэева. На пытанне «Артыкул і тэрмін?» адказ быў адзін — «следственная». Гэта быў сапраўдны парад прыгажунь з волжскіх узбярэжжаў. Прайшла з высока паднятаю галавою срэбравалосая чарнабровая жанчына, і я адразу ў ёй пазнаў былую настаўніцу і не памыліўся. Яна пяшчотна суцяшала разгубленых і заплаканых дзяўчат. Многія былі яе колішнімі вучаніцамі.
У шэрую і змрочную зону, з якое патыхала трупным тленам, уварваўся свежы, шматкалёрны промень жыцця. Нехта з начальніцкіх падбрэхічаў кінуў: «нямецкія падсцілкі», другі ўдакладніў: «аўчаркі». А яны, прыгнечаныя прадчуваннем свайго трагічнага будучага, моўчкі выціралі слёзы.
Мне, недасведчанаму ў юрыспрудэнцыі, нельга было зразумець і пагадзіцца, чаму гэтых няшчасных, над якімі нават не пачалося так званае следства, прыгналі ў лагер, а заўтра гэтым кволым дзяўчатам дадуць пілы і канадскія тапары і пагоняць у лес ставіць кубікі, выконваць нечалавечую норму, а начамі грузіць пульманаўскія вагоны [3] Мяркую, аўтар меў на ўвазе вялікі таварны чыгуначны вагон — Polochanin72.
. Я глядзеў на іх, і не верылася, што яны здатныя хоць на маленечкае злачынства ці здраду. Магчыма, нехта з іх і стаў ахвяраю гвалту нямецкага салдата ці афіцэра, але не больш.
Пакуль выклікалі астатніх, я ўгледзеў каля ганка страшнай баковачкі оперупаўнаважанага маленькую, як падлетак, зусім беленькую, у сіняй сукеначцы ў крапінку, дзяўчынку. Па шчоках каціліся буйныя слёзы. Мне яе зрабілася асабліва шкода. Яна здавалася бездапаможнаю і адзінокаю, нечым вылучалася з натоўпу кідкіх прыгажунь, запомнілася мне адразу і запала ў душу.
Читать дальше