Памятаю, у ліпеньскую спёку над лесасекаю пракаціліся два стрэлы. Значыць, нехта ўцёк. У той бок, сігаючы цераз ламачча, пянькі і завалы, паімчаліся сабачнік з аўчаркаю і начальнік канвою. Усіх цікавіла: «Хто?» Удасца ўцячы ці спаймаюць? Праз паўгадзіны рагатала ўсё ачапленне: праз лесасеку сабачнік вёў голага, як маці радзіла, няўклюдага, маруднага, блізарукага кіеўскага вучонага Федчанку. Ён звычайна хадзіў апошні ў брыгадзе інвалідаў, як іх тут называлі, «хронікаў», на акорку падтаварніка, на падчыстку дзялянкі, нарыхтоўку лазы на лапці. Федчанка насіў акуляры з тоўстымі шкельцамі, праз іх вочы здаваліся вялікімі і пукатымі, а яго лічылі дзіваком, не разумелі яго разважанняў і з’едлівага, вельмі тонкага гумару. Каб хто пажартаваў: «Федчанка збіраецца ўцякаць», — ужо ўсе б рагаталі. А то вядуць голенькага, як Езуса, у жмені заціснутыя акуляры і трымае іх ніжэй пупка. «Глядзі, глядзі, снасць паказвае праз павелічальнае шкло, гы-гы-гы», — рагочуць дасціпныя жартаўнікі. Пацяшаецца і сабачнік Ташчакоў — то адпусціць павадок, і ашчэраная аўчарка з доўгім чырвоным языком вось-вось учэпіцца ікламі ў абвіслы зад вучонага, Федчанка войкае, увесь падцінаецца, спатыкаецца аб ламачча, шчыльней прыціскае да лабка акуляры і вінавата ўсміхаецца лесарубам. Адны глядзяць спагадліва, другія пад’юджваюць і строяць кпіны.
Нават оперупаўнаважаны не надта сур’ёзна паставіўся да ўцёку Федчанкі. Загадаў апрануць у транты трэцяга тэрміну, разы два выклікаў у сваю баковачку, склаў кароценькі пратакол і адпусціў. Пакуль адправяць на новы тэрмін, Федчанка сланяўся па зоне.
Неяк мы сустрэліся з ім каля сталоўкі, і я спытаў, няўжо і праўда, што ён хацеў уцячы. «Вядома, не, — адказаў Федчанка, — ішоў на верную смерць. Больш трываць не магу. Спадзяваўся — дастрэляць, і канец маім пакутам. Аж і тут не шанцуе», — горка ўсміхнуўся гэты ціхі, сімпатычны і добры вучоны. А я спрабаваў яго суцешыць, абнадзеіць, пераконваў, што пасля вайны разбяруцца з усімі намі. Пачаўся ж перагляд у 39-м годзе, некаторым адмянілі прысуды, а цяпер не да нас. Угаворваў і сам верыў, што прыйдзе збавенне, што будзем на волі і мы. Федчанка ўсміхаўся і паблажліва ківаў галавою, паглядзеў на мяне прасветленымі вачыма. «Блажен, кто верует», — сказаў і павольна пайшоў у барак.
Неўзабаве Федчанку адвезлі на каменданцкі лагпункт у цэнтральны ізалятар. Гэта лагерная турма з тоўстага бярвення за двайною высокаю агароджаю. У ёй трымаюць уцекачоў, забойцаў, рабаўнікоў капцёрак і пякарань і падапечных «кума» — «рэцыдывістаў-контрыкаў». Калі ёсць оперупаўнаважаны, дык павінна быць відна і яго работа. Перш за ўсё трэба мець у кожным бараку і ў кожнай брыгадзе па «стукачу» — добраахвотных і прымусовых даносчыкаў. А як іх навербаваць? Вельмі проста: паабяцаць за стараннасць блатную работу ў зоне, брыгадзірства, дзесятніцтва, датэрміновае вызваленне, перапіску праз «вольную» пошту — цэнзарам станавіўся сам «кум». I знаходзіліся ахвотнікі за міску баланды і кашы таварыша па нарах і брыгадзе ўпячы на новае дзесяцігоддзе, а то і падвесці пад «вышку» як непапраўнага рэцыдывіста. А ён толькі і сказаў, што на баландзе з турнэпсу і хлебе з вотруб’я хутка ўсе пазагінаюцца. Вось табе — контррэвалюцыйная агітацыя, незадаволенасць савецкім ладам, заклік да сабатажу, падрыў дысцыпліны ў ваенны час. Хлеб і баланда савецкія, ты імі не задаволены, значыць, незадаволены савецкай уладаю. Сафістыка магла абвінаваціць каня, які не хоча есці гнілую салому, у контррэвалюцыйным сабатажы. Ты павінен быць задаволены, што пасадзілі на дзесяць гадоў, барані божа сказаць, што не вінаваты — паклёп на «святая святых» — следчыя органы і «самы справядлівы суд». Не пікай, што галодны і халодны, мусіш вырабляць нечалавечую норму на павале — тры і тры дзесятых кубаметра паўметровых дроў за шэсцьсот грамаў глёўкага хлеба, міску баланды і лыжку кашы з неабдзіранай пшаніцы або з таго ж вотруб’я.
Лічы сябе шчаслівым, што гнешся, як цюцька, на голых нарах у смуродным бараку, што лупіць цябе дрынам блатны «дзяжурняк», радуйся і крычы, што ты шчаслівы чалавек, дзякуй вялікаму і мудраму правадыру за клопат пра цябе. Найвялікшая кара для чалавека — пазбавіць яго волі. Сядзелі некалі засуджаныя ў камеры на салдацкім пайку, чыталі кніжкі, вывучалі мовы, пісалі трактаты, раманы, як Чарнышэўскі, або паэмы, як Колас — «Новую зямлю». Марозаў і Засуліч пісалі ўспаміны і філасофскія даследаванні. Дабрачынныя таварыствы пасылалі ім перадачы і грошы, ніхто не меў права іх абразіць, пакрыўдзіць, назваць па «ты».
Читать дальше