Праз некалькі гадоў мой зямляк расказаў, што па дарозе з санаторыя Павел Сушко раптоўна памёр на тым жа Рыжскім вакзале. Мне стала шкада гэтую невідушчую ахвяру нашага часу.
У лагер прыгналі дзяцей. I іх папярэджвалі суровыя канваіры: «Крок улева, крок управа…» Да вахты беглі жанчыны — думалі, можа, і іх дзеткі трапілі ў гэтае пекла. Глядзелі на маленькіх спалоханых арыштантаў і выціралі слёзы. Кожнай, відаць, успаміналіся свае асірацелыя сынкі і дачушкі. А яны ў нейкіх невядомых дзіцячых дамах страцілі свае прозвішчы, забываліся абліччы бацькоў і мацярок, баяліся прызнацца, чые яны і адкуль. Так выхоўваўся страх і комплекс непаўнацэннасці. Пільныя выхавацелі ведалі іх радаслоўную, зневажалі як маглі, прыціскалі дзе толькі можна, каб сцвердзіць сваю адданасць і класавую непрымірымасць.
А гэтыя ж за што? Горкія ж дзеці, мурзатыя, стрыжаныя хлапчукі і дзяўчынкі, усе ў нейкіх трантах з чужога пляча, з палахлівымі і галоднымі поглядамі. Жанчыны дапытваліся, адкуль яны, за што іх забралі. Адказ быў адзін: «указнікі» — і ўся геаграфія цэнтральнай Расіі. I тэрміны былі дзіўныя — ад года да трох. Што ж гэта за ўказ на дзяцей выйшаў? Старэйшыя растлумачылі — за спазненне, нявыхад на работу і на заняткі ў рамеснае вучылішча. З дванаццаці гадоў — турма.
I пайшлі па турмах і лагерах «сагрэтыя клопатамі бацькі народаў» маленькія нявольнікі набываць жыццёвы вопыт і крымінальную кваліфікацыю.
А ў школах, на піянерскіх лінейках, на плошчах не змаўкалі галасы заўтрашніх маленькіх арыштантаў: «Спасибо товарищу Сталину за счастливое детство!» Праспала дзіця, спазнілася на 20 хвілін у «рамяслуху» ці на сваю скрыначку пад нагамі на заводзе і загрымела ў лагер набываць камерную і барачную адукацыю.
Новенькіх непаўналетак размясцілі ў асобным невялікім бараку і далі ім у выхавальнікі сімпатычнага сівагаловага Івана Міхайлавіча Віткова, разважлівага і стрыманага, з прэтэнзіяй на галантнасць і інтэлігентнасць у гаворцы, з вялікім крымінальным вопытам і стажам у многіх лагерах. У начальства Віткоў лічыўся цалкам «перакаваным» і палітычна надзейным. Ён дасканала валодаў дэмагагічнай тэрміналогіяй таго часу, бязлітасна пясочыў «ворагаў народа», «пресекал враждебные разговорчики», быў у пашане ў «кума», а па сутнасці застаўся схаваным «паханом» (старэйшым кіраўніком) рэцыдывістаў. Па яго загадзе і наводцы трашчалі капцёркі, куфэркі і мяшэчкі рабацяг, нават уцекачы рыхтаваліся з яго дапамогаю і кансультацыяй, — ён даваў адрасы надзейных «малін» (прытулкаў) для ўцекачоў у Маскве, Пскове і Горкім.
Не без удзелу Віткова зімою сорак другога года брыгада крымінальнікаў раззброіла стралка, брыгадзір надзеў яго шынель і шапку, а канваіра ў бушлаце і малахаі паставіў апошнім у строй і павёў брыгаду нібыта на пагрузку. Далёка ад ачаплення стралка прывязалі да асіны, а самі рассыпаліся куды каторы. Брыгадзір з трыма надзейнымі сябрамі спрабаваў прабіцца з тэрыторыі лагера. Уся лагерная ахова была кінута на ліквідацыю ўзброеных уцекачоў, і тры дні ўвесь лагер не выводзілі на работу. Арыштанты малілі бога, каб хоць яшчэ з тыдзень доўжылася гэтая пагоня. Задубелага стралка адшукалі позна ноччу. Да раніцы завея пазамятала сляды ўцекачоў, і знайсці іх было не так проста. Тых, што прыбіліся пагрэцца да вёсак, за невялікую ўзнагароду выдавалі «пільныя» калгаснікі, хітрэйшых доўга выпорвалі з стагоў і кінутых на зіму заімак. Калі напалі на след брыгадзіра, той адстрэльваўся да апошняга патрона. Як толькі змоўклі стрэлы, спусцілі зграю аўчарак. Праз некалькі хвілін пачуўся яшчэ стрэл і віск параненага сабакі. Скусаных і абадраных чатырох уцекачоў дабівалі па дарозе на лагпункт. Натоўп крыважэрных стралкоў вымяшчаў злосць на няшчасных хлопцах, што цаною жыцця рваліся на волю, а жывыя кляліся, што марылі трапіць на фронт.
Чатыры скрываўленыя да непазнавальнасці трупы кінулі каля вахты, каб астатнія глядзелі і не думалі ўцякаць. З тыдзень на марозе ляжалі апруцянелыя нябожчыкі з выклеванымі вачыма, падзёўбанымі тварамі, над імі з крыкам кружыліся і садзіліся на здабычу вялізныя крумкачы.
Пасля гэтага кожную брыгаду вадзілі не адзін, а два стралкі — адзін наперадзе, другі — ззаду. А дзе іх было браць? Маладыя пайшлі на фронт, а замест іх прысылалі перастаркаў — белабілетнікаў, кульгавых, касавокіх, задыхаватых, абы мог насіць вінтоўку. Па броні аставаліся маладыя чырванамордыя камандзіры ўзводаў ды паджарыя, спрытныя на нагу «сабачнікі». Гэта пераважна былі садысты. Калі не дастрэльвалі ўцекача адразу, дык доўга цешыліся здзекамі з яго: аўчарка па загадзе свайго гаспадара спускала да ніткі ўсю адзежу з няшчаснага, па другой камандзе магла перагрызці глотку, парваць да касцей.
Читать дальше