Перад Новым годам на лагпунктаўскай электрастанцыі згарэў генератар. Усё патанула ў змроку. Як у першыя дні, вакол зоны палалі вогнішчы, чорныя цені баракаў гайдаліся на паружавелым снезе, у канторы, санчасці і сталоўцы мільгалі каганцы. Генератар трэба было везці на завод, чакаць, пакуль прымуць, а рамонт зойме не меней як тры месяцы. Цяжка было жыць упоцемку. Аднойчы Апарын без энтузіязму сказаў, што можна адрамантаваць генератар на месцы. Патрэбен толькі ізаляцыйны матэрыял і два абмотчыкі. Я пабег да начальніка. Той з недаверам выслухаў мяне і ўсё ж паклікаў Апарына. Глядзеў на яго скептычна, відаць, падумаў — захацеў дахадзяга пакантавацца на ўзмоцненым пайку, але довады Сяргея Дзмітравіча былі пераканаўчыя, ды ён не вельмі і набіваўся з паслугамі. Паслаў начальнік экспедытара за патрэбнымі матэрыяламі, даў на выбар абмотчыкаў з непаўналетак, і закруцілася работа: пры газніцах працавалі да поўначы. Праз тыдзень на лагпункце загарэлася святло. Начальнік, відаць, стрымліваў эмоцыі, калі дзякаваў Апарыну, загадаў карміць па трэцім катле, апрануць ва ўсё новае і прызначыў загадваць усёй энергетыкай.
Запыніў мяне неяк каля сталоўкі сціплы панылы чалавечак, што запомніўся мне ў апошнім этапе па энкавэдысцкай кубаначцы. «Землячок, вы тут даўно, усіх ведаеце, калі можаце, ратуйце мяне. Маё прозвішча Лукашонак. Можа, чулі?» — «А як жа, чуў, калі з мяне на «канвееры» выцягвалі жылы, каб далажыць таварышу Лукашонку». — «Мы ведалі, што вы ні ў чым не вінаваты. Але што маглі зрабіць? З нас патрабавалі… і мы мусілі». — «Ратавалі свой дабрабыт крывёю і жыццём тысяч невінаватых. А вы як сюды трапілі? Што ўзарвалі? На каго рыхтавалі замах?» — «Хутчэй за верную службу. Спачатку ўсіх узнагародзілі ордэнамі, урачыста іх уручалі, а потым загналі ў «амерыканку». Кунцэвіча, Лаймана, Карэліна расстралялі, Басянкевіча, Шліфенсона і ўсіх астатніх адправілі на Калыму, а мне ўшпілілі чырвонец. Блатары лаюць «лягавым», заганяюць пад нары… Не дайце загінуць, землячок». — «Перш за ўсё спаліце сваю чэкісцкую «камілаўку». Хіба не разумееце, што яна вас здалёку выдае. Я вас яшчэ за вахтаю пазнаў».
Па брудных, даўно не мытых запалых шчоках Лукашонка беглі два светлыя струменьчыкі слёз. Ён іх выціраў закарэлым рукавом целагрэйкі. «Схадзілі б да «кума», можа б, памог свайму аднакроўніку». — «Хадзіў, і слухаць не хоча. Усе ацураліся, і жонка выраклася…»
Мабыць, у мяне нешта было ад талстоўства — караць дабратою. Для тых, у каго хоць трошачкі асталося сумлення, — найбольшая кара, а нягоднік нягоднікам і памрэ. Я папрасіў нашага земляка Андрэя Андросіка, каб узяў Лукашонка на кухню абіраць мёрзлую бульбу і качаць ваду. Няхай жыве і адпакутуе свой чырвонец. Ён здалёк мне лісліва кланяўся і здымаў прапалены малахай. У ім стаў падобен да звычайнага чалавека. Як яго склаўся лёс, не ведаю, бо ў лютым 1943 года тэрмінова расфарміравалі лагпункт і вызвалілі зону для немак з Паволжа.
Пачалася паніка: разлучаліся сябры, напарнікі; сувязі ўзаемнай дапамогі і выручкі рваліся назаўсёды, расставаліся звязаныя патаемным каханнем блізкія людзі. Многія з плачам упрошвалі начальніка, каб адправіў разам, а ён рабіў усё наадварот. Такая была ўстаноўка чэкісцкага аддзела, каб людзі не прыціраліся адзін да аднаго, рабіць усё як найгорш для зняволеных. Жанчын пераважна адпраўлялі на трэці асобны лагерны пункт. Туды ў пачатку вайны эвакуіравалі швейную фабрыку. Яна выпускала вопратку для арміі і для лагернікаў, а матарыстак бракавала, вось і павезлі змізарнелых на пагрузцы і павале дзяўчат у швачкі. Адпраўлялі і маю «падшэфную» Алю.
Пераводзілі на трэці лагпункт інспектара УРЧ Ліду Сярову. Яе бацька служыў у лагеры вольнанаёмных дзесятнікам. Хударлявы з чорнаю бародкаю дзядок хадзіў з метроваю меркаю і заўсёды на сярэднім падпітку. Ні шкоды, ні карысці ад яго нікому не было, але трымалі дзеля «аб’ектыўнага» кантролю. Лідка была яго малодшая дачка. Я яе помніў дванаццацігадоваю дзяўчынкаю. Ці не ў шаснаццаць гадоў яна выскачыла замуж за стралка Арэшнікава, яго адразу забралі на фронт, азваўся адным лістом і кануў без следу. А «саламяная» ўдава стала інспектарам УРЧ, строіла з сябе начальніцу. У асноўным яна падпісвала гатовыя зводкі, а я іх складаў, як трэба было начальству. З маім артыкулам да ўліку нельга было і блізка падпускаць, але Лідка мяне ратавала кожны раз. Бывала, выганяць у грузчыкі, а яна тыдні праз два-тры верне зноў. Угаварыла Ліда адправіць і мяне на трэці лагпункт, баючыся, што там не адразу знойдзе сабе парабка. Парабкавалі ў бухгалтэрыі, у планавай часці, у КВЧ, а начальнікі камандавалі, пакрыквалі і палучалі зарплату. I я марыў трапіць на адзіны, «нелесапавальны» лагпункт, ды і баяўся страціць сімпатычную мне Алю.
Читать дальше