Да цяплушкі на станцыю Лапшанга вялі нас блакітнаю месячнаю ноччу. Паперадзе на развалках ехала Ліда з двума чамаданчыкамі. Часам падсаджвала на сані каго-небудзь з саслабелых дзяўчат. Над конікам курыўся парок, рыпелі палазы па ўкатанай дарозе. Свяціў вялікі месяц на ўсыпаным зоркамі небе, паблісквалі вострыя кончыкі штыхоў на вінтоўках нашых канваіраў. Яны ведалі амаль усіх нас і не надта былі лютыя ў дарозе.
Пасля лесапавальных трэці лагпункт здаваўся курортам. У лес хадзіла толькі адна брыгада рэзаць дровы для зоны, фабрыкі, электрастанцыі і цэхаў шырпатрэба. Ад вахты да сталоўкі вяла шырокая бярозавая алея, з-пад снегу тырчала сухое бадылле леташніх кветак, баракі атынкаваныя і пабеленыя. Да жылой зоны прымыкае вялікі сталярны цэх, некалькі сушылак драўніны, кухня, склад піламатэрыялаў і гатовай прадукцыі, наступныя — зона швейнай фабрыкі. У сталярні чырванадрэўшчыкі і мастакі-рэзчыкі па спецзаказах робяць паліраваную, з прыгожымі інкрустацыямі мэблю, плінтусы, панелі для кабінетаў ГУЛАГа, выразаюць шахматныя фігуры, лыжкі, точаць гузікі. I ўсё пад дахам, у адносным цяпле. Вырвацца з лесу — мара кожнага зэка. У механічным цэху звіняць цыркуляркі і фугавальныя станкі, на двары — горы пілавіння, валіць дым з сушылак.
Швейная фабрыка працуе ў тры змены. Тут шыюць ватнае адзенне, гімнасцёркі, плашч-палаткі і маскхалаты, рукавіцы для арміі, бушлаты і целагрэйкі — для лагернікаў.
Тут смертнасць значна меншая, але ўсё роўна цэлы барак займае «слабасільная каманда», каля хлебных кропак сланяюцца з закуранымі кацялкамі, нешта вараць у кар’еры каля цагельні і ўсё каштуюць сваё варыва з падабраных каля сталоўкі адкідаў. Харчы тут, як і скрозь, — памерзлая бульба, турнэпс (дзе яго столькі бралі?), вотруб’е, праўда, трошкі лепшы хлеб. Аля пайшла матарысткаю на фабрыку, а мяне Ліда пакуль што ўсватала брыгадзірам на пагрузку. На чыгуначную ветку прыбывалі вагоны з «метражом», цюкамі ваты, скрынкамі нітак. Усё гэта мы згружалі ў склад, а паражняк напакоўвалі гатовай прадукцыяй фабрыкі. Гэта ўсё ж не бярвенні качаць, не шпалы і дровы цягаць за трыста метраў. Вагоны пераважна падавалі ноччу. Стралкоў не хапала, і начальнік вырашыў сабраць брыгаду з бесканвойных. Я адбыў тры чвэрткі свайго «чырвонца», у фармуляры амаль не было спагнанняў, ды і Ліда, пэўна, закінула слова, спадзеючыся ўзяць у памочнікі, а самой біць лынды. I мне выдалі пропуск бесканвойнага. О - о, гэта ўжо нешта значыла. Я мог хадзіць па тэрыторыі лагпункта і нават ездзіць у цяплушцы з дазволам начальніка.
Адчуваю, нехта з вас папракне: «Э-э, браце, дык табе шанцавала, умеў прыстасоўвацца, не столькі рваўся на рабоце, колькі прыдурваўся». А няўжо, каб не вылазіў з лесу і загнуўся, было б лепш? Ведаю па ўласным вопыце — ніводзін самы дужы ўвесь тэрмін, нават палову не вытрываў на павале і пагрузцы. «Стаханаўскія» брыгады Ложкіна, Карагодзіна, Яфанава заносілі на чырвоныя дошкі, кармілі на сцэне, каб усе бачылі, давалі па малюсенькай белай булачцы. I ніхто з гэтых «стаханаўцаў» не дацягнуў да канца тэрміну. Усіх павывозіў Кастроў за вахту з фанернымі біркамі на назе. Выжылі толькі тыя, каму хоць трохі пашанцавала пракантавацца на лёгкіх работах. Некаторыя дацягнулі да нашых дзён. Ці не лёс іх абраў сведкамі народнай трагедыі?
I мне наканавана было выжыць, каб хоць збольшага расказаць пра пакуты маіх «аднабарачнікаў» і «аднабаланднікаў», пра сваю няволю і неадольную прагу жыць, бо не ведаў, якія выпрабаванні яшчэ чакаюць мяне, але, каб і прадбачыў, усё адно чапляўся б за жыццё: ніводная ж фантазія не магла ўявіць усяго, што мне давялося перажыць, пабачыць на сваім вяку і стаць сведкам, калі праўда стала Праўдаю. Дзеля гэтага трэба было жыць.
А тады я быў шчаслівы, атрымаўшы пропуск бесканвойнага. Гэта ўжо невялічкая палёгка: можна праскочыць у ягады, на падсобнай гаспадарцы высмыкнуць морквіну, выпрасіць агурок. Пасля пагрузкі я забягаў хоць трохі адвесці душу да вусатага, суровага з выгляду агранома Бахціна, хваліў яго парнікі і грады, а ён на развітанне што-небудзь соваў мне ў кішэню. Я свой вітамінны набытак заўсёды адносіў Алі. Яна аднеквалася і дзяліла ўсё пароўну. Я ўжо да драбніц ведаў яе кароткае жыццё ў невялічкім рабочым пасёлку ў сям’і гутніка. Правучылася два гады ў педінстытуце, а калі ў 1939 годзе ўвялі плату за вучэнне, вымушана была паехаць настаўнічаць у вясковую школу непадалёк ад свайго пасёлка. На пачатку вайны капала акопы і супрацьтанкавыя траншэі, а калі да сяла падышлі немцы, пад абстрэлам і бамбёжкаю знаёмымі ляснымі сцежкамі прабілася дадому. Праз некалькі дзён пайшла ў міліцыю аформіць прапіску ў кватэры бацькоў. Пайшла і не вярнулася. Пад канвоем адправілі ў набітую да самых дзвярэй камеру абласной турмы. Следства ні пачаць, ні скончыць не ўправіліся, і пагналі яшчэ адну «следственную» ў лагер. Добра, што далі бытавы артыкул, а маглі ж прыпісаць шпіянаж, здраду радзіме, дыверсію, хоць немцаў яна і ў вочы не бачыла.
Читать дальше