Гільман на новай пасадзе выпрастаўся, у голасе пачуўся метал і інтанацыі загаду. Добра толькі, што не азвярэў, а некаторыя начальнікі з былых нявольнікаў, каб утрымацца на службе, станавіліся асабліва лютымі і няўмольнымі.
За зонаю прайшло і спынілася чалавек сорак вайскоўцаў без зброі, з рэчавымі мяшкамі, у многіх на злінялых прапацелых гімнасцёрках — ордэны.
Змораныя няблізкай дарогай, запыленыя і няголеныя, яны паселі на траве каля інструменталкі, здзіўлена і са страхам глядзелі на дзве рэдзі калючага дроту, на вышкі з вартавымі і паціху перагаворваліся на незнаёмай пявучай мове. Прывёў іх лейтэнант унутраных войск. Ён з вялікім партфелем прайшоў да начальніка лагпункта, праз некалькі хвілін туды ж паспяшаліся камандзір узвода аховы Грыгарэнка і «кум» Марозкін. Пакуль яны нешта вырашалі, салдаты прынеслі пайкі хлеба і два бачкі з баландою і кашаю. Агаладалыя вайскоўцы прагна елі арыштанцкую страву.
Неўзабаве да іх выйшлі Марозкін з Грыгарэнкам, нешта даволі ціха пагаварылі, падвялі да інструменталкі, салдаты пабралі пілы, сякеры і рыдлёўкі і з двума стралкамі без вінтовак пайшлі ў лес па дарозе на вёску Пруды.
Што за вайскоўцы, адкуль яны, навошта прыгналі сюды, ніхто не ведаў. Але і ў лагеры сакрэты трымаюцца не больш двух-трох дзён: гэта на фронце знялі з перадавой крымскіх грэкаў, пагрузілі ў вагоны і прывезлі сюды, але не загналі ў зону: яны ж не асуджаныя, амаль усе з ордэнамі, гвардзейскімі значкамі і нашыўкамі раненняў, многія члены партыі. Завялі іх у гушчар каля вёскі Пруды, загадалі ставіць сабе буданы, капаць зямлянкі і валіць лес «на патрэбы фронту».
У некага «наверсе» ўзнік недавер не толькі да крымскіх татар, але і да грэкаў. Усе яны нарадзіліся, выхаваліся на савецкай зямлі, прынялі і засвоілі патрэбную ідэалогію, сталі камуністамі, адважна ваявалі на перадавой, а ім не верылі толькі таму, што яны грэкі.
Праз пару дзён захмарыла, грымнула, рассекла небасхіл бліскавіца, з ветрам лупянуў дождж і не сціхаў двое сутак. Мы былі ў бараках, а нядаўнія воіны моклі і курчыліся ад холаду на голай зямлі ў буданах з яловага лапніку.
Іх экспедытар часам прыходзіў у лагер па прадукты. Ад вахты па зоне яго вёў стралок, каб «не ўступаў у кантакт з лагернікамі». Бесканвойныя з конбазы траплялі ў «Лясную Эладу», гаварылі з пакутнікамі-ардэнаносцамі і камуністамі без дакументаў. Іх партбілеты і вайсковыя кніжкі ляжалі ў сейфе Грыгарэнкі.
Новыя лесарубы ледзьве авалодвалі чужою для іх спецыяльнасцю. Днём іх заядалі авадні і сляпні, ноччу даймала плойма камароў, твары і рукі распухалі, гнаіліся пухіры. Жылі яны ў трохі лепш дагледжаных буданах, прыкіданых ссохлаю яловаю карою, страву варылі на вогнішчы ў вялікім казане, ваду насілі з копанкі, хадзілі зарослыя і брудныя. Але вольныя іх называлі «таварышамі», камуністаў запрашалі на партыйныя сходы ў чырвоны куток ваенізаванай аховы, а «вольныя» грэкі зайздросцілі нам, што жывём і працуем пад дахам.
Аднойчы мне давялося пабачыць іх лагер. А было гэта так: начальнік гаспадарчай часці, звольнены па раненні Шылаў, загадаў мне раніцай падаць да вахты асядланых коней начальніка, упаўнаважанага і загадчыка конбазы і самому сабрацца ў дарогу на ўвесь дзень. Куды, дзеля чаго ехаць, пытаць не дазволена.
Толькі я пад’ехаў да канавязі, з вахты выйшлі з цяжкімі партфелямі ўпаўнаважаны оперчэкісцкага аддзела Марозкін і Шылаў, селі ў сёдлы і загадалі ехаць следам. Марозкін хвастануў буланага стаенніка, закурыў пыл, і ён знік у гушчары лясной дарогі. Мы ехалі павольней. Відаць, Шылаву раненне давала сябе знаць на сядле.
Хутка пачуліся ў лесе галасы, гул і трэск спіленых сосен, пахла дымам лаўжоў. Налева ад дарогі была дзялянка «вольных» грэкаў.
Мы прыехалі ў кержацкую вёску Пруды. Марозкін ужо рассядлаў каня і чакаў нас каля вялікага, на два паверхі, дома. Унізе былі стайня, катухі для свіней, курэй і авечак, свіронак і кладоўка. Некалькі прыступак вялі ў хату. Сцены з чэсаных векавых соснаў адлівалі бурштынаваю жаўцізною, вышараваная да бляску падлога, пабеленая печ з умазаным люстэркам, мноства вазонаў здзівілі мяне чысцінёю і акуратнасцю.
Мае начальнікі пабралі партфелі, і мы пайшлі праз сталочаны кароўмі і коньмі выган. Быў пачатак верасня, дзьмуў сіверны вецер, неба засцілалі нізкія хмары, часам паміж іх бліскала і знікала сонца. Перад намі была шырокая з крутымі берагамі лясная рака Кержанец. Вада здавалася свінцова-сіняю, узвіхраныя хвалі біліся ў глеістыя берагі. За ракою стаялі скіты і каплічкі колішніх раскольнікаў. Вось чаму многіх старавераў завуць «кержакамі». Яны гэтую назву прынеслі і ў Сібір.
Читать дальше