У шэсць раніцы пад’ём. Хочаш не хочаш, уставай: наглядчыкі прыносяць пайкі хлеба з прышпіленымі трэсачкамі-давескамі. Гайдукевіч раздае хлеб дзесятнікам. У розных кутках усчынаюцца сваркі за гарбушкі. На іх існуе чарга, а калі гарбушак далі менш, часам даходзіць да бойкі.
У камеры шэсцьдзесят дзесятнікаў. I каго тут толькі няма? Такой разнастайнасці асоб, характараў і лёсаў болей нідзе не сустрэнеш. Турма раўняе ўсіх, і кожны — індывідуальнасць. Тут — брат і швагер былога Старшыні Саўнаркама Галадзеда, начальнік пагранзаставы, далікатны і інтэлігентны Удовін, маленькі, лысы, з палымянымі чорнымі вачыма армейскі палітработнік высокага рангу Коўтун — наш галоўны суцяшальнік. Ён змаўкае толькі, калі спіць. Да яго ідуць як на споведзь. Кожнаму ў бядзе і няшчасці патрэбна спагада і суцяшэнне, іх знаходзяць у Коўтуна. Ён звычайна сядзіць, падкурчыўшы ногі на засланым шынялём жалезным ложку, гаворыць і гаворыць, пакуль не зморыцца і не асіпне. Непадалёк ад Коўтуна — месца вясёлага кавалерыйскага лейтэнанта з дзіўнаватым прозвішчам Афтар. На ім сіняя венгерка, фуражка без зорачкі, збітая на левае вуха. Асобны куток на нарах займаюць былыя работнікі магілёўскай канторы «Заготзерно» Радкевіч, Халадэнка і Фрэнкель. За сцяною, у камеры для смертнікаў, чакае выканання прысуду іх таварыш Дамброўскі. Іх судзілі за кляшча. Ён спрадвеку вёўся ў збожжы. А знайшлі і пачалі знішчаць не кляшча, а работнікаў кантор, тэхнарукоў і загадчыкаў элеватараў. З лета 1937 года ў турмы пайшлі чыгуначнікі, ад начальнікаў дарог да машыністаў і стрэлачнікаў. На допытах яны «прызнаваліся», што рыхтавалі дыверсіі, а потым плакалі, што падвялі саміх сябе пад «вышку». Хадзіў па камеры да пояса голы, але з гальштукам на шыі і ў чорным берэце не то кантрабандыст, не то спекулянт з Польшчы.
Каля сцен шчыльна сядзелі на сваіх «сідарах» калгасныя «тракцысты», «гітатары» і «сабатажнікі»: мацюкнуў члена сельсавета — маеш чырвонец за знявагу «савецкай улады», паспагадаў раскулачанаму «нехацімцу» — ідзі следам за ім. Калгаснікі трымаліся асобна. Яны ўспаміналі, якія ў каго былі каровы, якіх жарабкоў гадавалі, як радзіла грэчка, дзе лепей проса расце. Амаль у кожнага з іх была агульная слабасць — выменьваць розныя транты на пайкі хлеба: самі хаўкаюць ад голаду, а ў хатулі пакуюць выменяныя кашулі, світэры, камізэлькі, споднікі, спадзеючыся хутка выйсці з танным набыткам. Спадзяюцца, бо цвярозы розум не можа пагадзіцца, што невінаватага можна караць. Галоўны камбінатар у камеры — голы кантрабандыст з гальштукам. Кідаецца ў вочы невядомага ўзросту, з постаццю падлетка, сагнуты, з сухою маленькаю галоўкаю і заўсёды раскрытым ротам Філя. Ён усім услужвае, падмятае падлогу, выносіць парашу, наглядчыкі яго выклікаюць мыць прыбіральню за лішнюю міску баланды. Чым ён займаўся на волі, за што сядзіць, ніхто не ведае, і ён нічога пра сябе не расказвае. Успамінаецца Пастарнак: «Сколько типов и лиц». А ў турме асабліва.
Увесь дзень камера гудзе і кіпіць, як мурашнік. Праз закратаваныя і закрытыя «наморднікамі» вокны далятаюць з вуліцы шум, смех, асобныя галасы і словы. Там іншы свет, там воля, там шчаслівыя людзі. Яны смяюцца і не ведаюць, што іх чакае заўтра. Так некалі смяяўся і я, і мой смех, напэўна, чулі пакутнікі ў сутарэнні таямнічага дома на Савецкай вуліцы.
Асаблівае ажыўленне настае за гадзіну да абеду: усе снуюць, як галодныя драпежнікі ў клетках заапарка. У дзве гадзіны ў калідоры чуваць грукат, галасы, тупанне, соўганне дзежак па падлозе, даходзіць пах варанага турнэпсу і бручкі, такі прывабны і чаканы. Два крымінальнікі-баландзёры ўносяць цэбар гарачай баланды. Дзесяткі строяцца адзін за адным, стараста сочыць, каб ніхто не «закасіў» лішнюю порцыю. Ёсць у камеры і «шакалы». Яны хуценька апаражняюць сваю міску і прашываюцца з ёю пад кашуляю да цэбра. Варта толькі баландзёру адвярнуцца, як шакал імгненна зачэрпне самае гушчы і, душачыся, апякаючыся, глытае яе. Бі, штурхай — не адбярэш.
Па абедзе ўсе разыходзяцца па сваіх кутках, як цяпер кажуць, «па інтарэсах»; успамінаюць былі і небыліцы, прыгожае і сытае жыццё на волі, расказваюць цікавыя выпадкі і анекдоты. Ёсць выдатныя апавядальнікі-імправізатары. Яны па некалькі дзён расказваюць «романы» накшталт «Прыгод Мікодыма Дызмы», «Таямніцы палаца на востраве святой Магдалены». Яны найбольш хлусяць пра шыкоўныя палацы, пра каханне прынцэсы да бандыта, пра смелыя налёты і неверагодныя ўцёкі. Адзін з лепшых «раманістаў» Уладзімір Мяжэвіч. За гэта ён вызвалены ад вынасу парашы і збору посуду. Асабліва крымінальнікі слухаюць яго з разяўленымі ратамі, а ён вядомыя сюжэты аздабляе такімі падрабязнасцямі, што ў многіх аж дух займае.
Читать дальше