«Чорны воран» даставіў нас у гарадскую турму. Год мы не бачыліся і цяпер расказвалі, хто з кім сядзеў, чаго дамагаліся следчыя. У прахадной паміж турэмнымі варотамі чакалі, пакуль адвядуць у камеру, як маглі суцяшалі Жэню і самі верылі, што хутка разбяруцца і вызваляць. Відаць, на начную змену некага мардаваць і «расколваць» ішоў следчы Серашаў. За год ён ведаў нас усіх. Усміхнуўся і весела спытаў: «Ну, па колькі адхапілі? Лічыце, што вам пашанцавала. Сёння прыняты закон і тэрміны павялічаны да дваццаці пяці гадоў» — і павольна пайшоў да жалезнай брамкі, папраўляючы фуражку з блакітным верхам.
Можа, і праўда пашанцавала. Маглі ж і пастраляць, як Галавача, Каваля, Вольнага, Лявоннага, Харыка, Маракова, Зарэцкага, Сташэўскага, Чарота, як Зіміёнку і ўсю «групу Клімянка», як тысячы такіх жа невінаватых, сумленных пакутнікаў. Зноў у скроні стукае кроў і не даюць збыту адны і тыя ж пытанні.
У перасыльную камеру турэмнага сутарэння за некалькі дзён сагналі некалькі дзесяткаў беларускіх літаратараў, якіх мінавала «вышка». Апынуліся на адных нарах Сымон Баранавых і Барыс Мікуліч, Янка Скрыган і Міхась Багун, Уладзімір Хадыка і Васіль Шашалевіч, Сяргей Ракіта і Станіслаў Шушкевіч, Алесь Розна і Сяргей Знаёмы, Зяма Півавараў і Змітрок Астапенка, Алесь Пальчэўскі і Сымон Куніцкі, былы дырэктар Дома пісьменніка Васіль Залуцкі і начальнік Галоўліта Аляксандр Якшэвіч, яўрэйскі празаік Шыман Гарэлік, ды хіба ўсіх успомніш і пералічыш? Алесь Звонак і пасля суда мог яшчэ жартаваць. Ён лагічна даводзіў, што відавочнае глупства заўважыць разумны і сумленны чалавек і ўвесь гэты «контррэвалюцыйны» міф рассыплецца пылам. Асабліва ўзрадаваліся і акрыялі духам, калі дазналіся, што былы пракурор Глезер, які падпісваў на нас ордэры, на другім паверсе турмы сам выносіць парашу. Значыць, нешта зменіцца да лепшага. Без суцяшэння, без веры ніхто б не вытрымаў турмы і лагера. Больш за ўсё спадзяваліся на амністыю да дваццатай гадавіны Кастрычніка.
У кожнай камеры з’яўляліся перакананыя аптымісты і суцяшальнікі, «тэарэтыкі» амністыі. Да іх ішлі, як на споведзь, «аблегчыць душу», суцешыцца, паверыць у збавенне, у справядлівасць, яны нечым нагадвалі горкаўскага Луку — падтрымлівалі веру і надзею даведзеных да адчаю. Асабліва вылучаўся былы армейскі палітработнік высокага рангу Іосіф Львовіч Коўтун. Маленькі, лысы, з палаючымі чорнымі вочкамі, бледным нервовым тварам. Ён сядзеў па-турэцку на асобным тапчане, бо карыстаўся асаблівай павагай усёй камеры. Вакол яго заўсёды сядзелі даведзеныя да адчаю людзі, якія прагнулі суцяшэння, падтрымкі, веры ў блізкую волю.
Коўтун быў палымяны прамоўца і перакананы тэарэтык: ён тлумачыў масавыя арышты злачынствам шкоднікаў у следчых органах. Яны ашукваюць таварыша Сталіна і народ, падрываюць аўтарытэт партыі. Іх хутка выкрыюць, і ўсе мы пойдзем на волю, адноўленыя ў партыі і на ранейшых пасадах. Ён пераконваў, што ўжо падпісаны ўказ аб амністыі ўсіх зняволеных па палітычных справах і дваццатую гадавіну мы будзем сустракаць дома. Малапісьменныя калгаснікі на пайку выменьвалі кавалачкі паперы, і Коўтун ім пісаў поўныя патэтыкі «слязніцы» вялікаму Сталіну. У іх ён укладаў усю сваю палітычную эрудыцыю вайсковага прапагандыста і лірычны літаратурны талент. Часам пісаў так «жаласна», што, чытаючы свае скаргі, сам выціраў вочы, а «заказчыкі» шморгалі насамі і кулакамі па шчоках размазвалі слёзы. Казалі: «Гэны развярэдзіць любому душу». I спадзяваліся на добрае сэрца.
Нас усіх падтрымлівала патаемная вера, што хутка разбяруцца сумленныя людзі, як толькі даведаецца пра ўсё «вялікі і мудры бацька народаў». Бадай усе былі загіпнатызаваны гэтым страшным імем, верылі ў яго мудрасць, сумленне, дабрату. А гэтыя рысы вытраўляліся з душы кожнага чалавека, людзей ператваралі ў даносчыкаў, паклёпнікаў, ілжэсведак, садыстаў і катаў. Потым знішчалі іх як небяспечных сведак страшэнных злачынстваў. Гэтае разуменне прыйшло з вялікім спазненнем, хоць часам са страхам думалася пра гэта, але ўголас нельга было сказаць самым блізкім і сабе самому.
У камеры прасочваліся чуткі (іх звалі турэмнымі «парашамі»), што многіх нашых следчых «за адданую працу па барацьбе з ворагамі народа» ўзнагароджвалі ордэнамі, а праз некаторы час арыштоўвалі і знішчалі ў тых жа падвалах, дзе яны знішчалі нашых сяброў. Замест іх набіралі новых катаў, і машына беззаконня працавала без перабояў у зададзеным рэжыме і тэмпе. I так увесь час: адны касталомы змянялі другіх, а канвеер круціўся няспынна.
Читать дальше