Аднойчы ноччу з суседняй камеры пастукаў былы палкоўнік: «Даведзены да адчаю. Прашу дазволу сёння ж вырашыць свой лёс…» Партгрупа нашай камеры параілася, асудзіла маладушша таварыша і забараніла нават думаць пра самагубства. Запэўніла, што ўсё высветліцца, партыя выкрые злачынствы і пакарае вінаватых. Палкоўнік адказаў: «Повинуюсь», — і пайшоў на доўгія пакуты. А Серпеня два здаравенных вывадных павалаклі на чарговы страшэнны допыт.
Мяне неўзабаве зноў перакінулі ў «амерыканку», каб зручней было цягаць на допыты. Агульная камера для многіх была сапраўдным універсітэтам. Дацэнт Магілёўскага педінстытута Піпота кожны вечар чытаў лекцыі па гісторыі Расіі. Мы ж яе не вывучалі ні ў школе, ні ў інстытуце, і кожны эпізод, маляўніча расказаны Кліментам Пракопавічам, быў для нас адкрыццём. Перад адбоем Піпота развучваў з намі шчымлівыя і жартоўныя ўкраінскія песні. Мы ў яго куточку ціха-ціха спявалі, часам глытаючы слёзы. Пра асваенне Поўначы расказваў вопытны палярнік Язэп Іванавіч Сцяпура, невысокі ладны мужчына з каштанаваю бародкаю і хвалістымі доўгімі валасамі. Ён насіў цяльняшку і флоцкі бушлат. Сцяпура быў арыштант з вялікім дарэвалюцыйным стажам і трымаўся ўпэўнена і спакойна. Прывезлі яго з Ленінграда, бо назваў яго сваім даўнім знаёмым з дарэвалюцыйнай пары Анатоль Зіміёнка, арыштаваны па справе Клімянка і прызначаны следствам ідэйным кіраўніком «трацкісцкай» групы. Некалі Сцяпура і Зіміёнка спачувалі эсэрам. Калі гэта было, яны ўжо не помнілі самі, а для следчых яны былі знаходкаю, як натхніцелі і кіраўнікі контррэвалюцыйнай групы.
Укінулі ў камеру высокага і мажнога прыгажуна з чорнаю чупрынаю, былога старшыню Лепельскага райвыканкама Язэпа Сямашку. Яго судзілі з раённым кіраўніцтвам, далі ўсяго год і прыслалі на гаспадарчы двор мінскай турмы. Там ён падмятаў прагулачныя загоны, разносіў баланду, ды раптам забралі пад следства ў «амерыканку». Ён грукаў у дзверы, патрабаваў каменданта, але ніхто не зважаў на яго пратэсты. Сямашка абвясціў галадоўку. Апрача вады, нічога не браў у рот. Турэмны доктар, плюгавы чалавечак з сінім носам і мышынымі вочкамі за шкельцамі пенснэ, гразіў, што будзе карміць штучна праз гумовую кішку. Сямашка казаў: «Калі ўдасца» — і паказваў вялізны кулак.
На дзесяты дзень галадоўкі па яго прыйшлі два вывадных і забралі на допыт. Хацелі ўзяць пад пахі, але Сямашка так крутануўся, што яны адскочылі ў розныя бакі. Яму прад’явілі абвінавачанне ў шкодніцтве і ашуканстве суда і ўзялі на канвеер. Лёс яго, відаць, закончыўся трагічна, бо нідзе ніхто яго не сустракаў, а мяне 2 кастрычніка 1937 года павезлі на суд у былую гарадскую ратушу на плошчы Волі, пад белаю вежаю з гадзіннікам.
Судзілі нас, васьмярых былых студэнтаў газетна-выдавецкага аддзялення літфака педінстытута. Дзевяты, ціхі, таленавіты і кволы Янка Валасевіч, не вытрымаў здзекаў і сканаў пад следствам. Дзеля саліднасці нам далі ў «кіраўнікі» вядомага драматурга Васіля Шашалевіча. Апрача мяне і яго колішняй вучаніцы Жэні Каплуновай, ніхто з абвінавачаных з ім ніколі не сустракаўся, і пра іх існаванне Васіль Антонавіч нічога не чуў.
За судовым сталом — дробненькі чарнявы старшыня з невыразным тварам, Васіль Сымонавіч Карпік, і дзве бязмоўныя постаці засядацеляў. Сапраўды, яны добра сядзелі і маўчалі. Збоку сакратар, а за асобным столікам каля акна ў цывільным — следчы Наркамата ўнутраных спраў. Карпік прамармытаў «Абвінаваўчае заключэнне», якое магло быць перадавіцай раённай газеты аб класавай барацьбе і пільнасці. У канцы паведаміў: «Вещественных доказательств и свидетельских показаний по делу нет. Дело слушается в закрытом судебном заседании без участия сторон». Не падымаючы вачэй, суддзя пытае ў кожнага: «Признаете себя виновным в предъявленном обвинении?» Адказ катэгарычны: «Не». Спрабуем растлумачыць, як выбіваліся подпісы ў пратаколах. «Суду ясно. Садитесь! Вы клевещете на советское следствие. Секретарь, занесите в протокол». I такая размова з кожным. Засядацелі нерухома маўчаць, а следчы пагрозліва круціць галавою. «Суд удаляется на совещание».
Канваіры тэрміновай службы ўнутраных войск, пераважна ўкраінскія хлопцы, суцяшаюць заплаканую Жэню: «Та нэ плачтэ. За що вас судыты? Зараз підэтэ додому». Хлопцы парушаюць статут канвойнай службы, бо ў пакоі больш нікога няма, і супакойваюць нас. Выцягваем з кішэняў недаедзеныя пайкі, запыленыя драбочкі цукру, дзелімся адзін з адным і чакаем свайго лёсу. Хвілін праз дваццаць: «Встать. Суд идет!» Вось табе і «Нэ мае за що!». Сямі чалавекам па дзесяць гадоў папраўчага лагера і па пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў, аднаму — восем і аднаму — пяць. «Приговор окончательный и обжалованию не подлежит», — прамармытаў Карпік і, не гледзячы на нас, выскачыў з пакоя; чапляючыся за крэслы, няўклюдна пасунуліся заседачы. Мы стаялі як аглушаныя громам. За што? Навошта? Каму гэта трэба? Гэтыя пытанні мучылі ўсё жыццё і будуць мучыць да скону.
Читать дальше