На кожным павароце даўжэзных калідораў з мноствам дзвярэй свішча або звоніць ключамі мой вывадны і зноў прыводзіць у вузкі пакойчык Даўгаленкі. Пакуль ішоў, наслухаўся прыглушаных крыкаў, тупату, енкаў і плачу з кабінетаў следчых. Тут «работа» пачыналася апоўначы і да світання. Днём «канвееры» праходзілі цішэй, каб выматаць чалавека бяссоннем і страхам, — нагняталіся пагрозы знішчыць родзічаў, на вачах расстраляць жонку. «Яна ж цяжарная». — «А каму патрэбны байструкі ворагаў народа?» Логіка следчых жалезная. Каторы раз следчы запаўняе маю анкету, задае адны і тыя ж пытанні — ловіць, заблытвае, каб не было разыходжанняў. Упарта піша: «Месца нараджэння Польшча». Як я ні даводжу, што мясціна, дзе я нарадзіўся і пражыў дзесяць месяцаў да імперыялістычнай вайны, ніколі Польшчаю не была, а часова захоплена ўрадам Пілсудскага і належыць Савецкаму Саюзу, ніяк пераканаць не магу. Следчаму так трэба. Грымяць мацюкі і кулак па стале: «Не вучы мяне, а лепш прызнавайся ў контррэвалюцыйнай трацкісцкай дзейнасці. Раззброены вораг нам не страшны. Запомні, што сказаў Горкі: «Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць». Знішчым і цябе. Шлёпнем, вось табе і следства, і суд». — «Без суда ніхто не мае права пакараць», — упінаюся я. «Эх ты, наіўны жаўтароты шчанюк. Прыстрэлім і складзём акт, што забіты пры спробе ўцячы, тады апраўдвайся, што не вінаваты». Думаю — лагічна, тут можа ўсё быць. Калі я трацкіст, дык чаму не магу быць нябожчыкам? Мне называюць членаў маёй арганізацыі. Я зроду не чуў такіх прозвішчаў — Барсукоў, Левашоў, Шляхціч, а мне крычаць: «Хлусіш! Прызнавайся!» Пачынаю разумець, што тут праўду лічаць маною, а хлусню — праўдаю. Зноў круціцца канвеер на трое сутак, без сну, без яды і вады, а следчым прыносяць чай з лімонам, бутэрброды з каўбасою, апельсіны, шакалад і пачкі «Беламора». А ў мяне пухнуць вушы ад жадання курыць, і я прагна ўцягваю дым, выпушчаны следчым.
Пасля допыту зноў камера, зноў: «Не спаць!» I так кожны дзень. А колькі іх? Запалкаю чыркаю рысачкі на нішы акна. Ого, трыццаць тры рысачкі, а я збіраўся раніцай таго ж дня быць дома. Першая ноч без допыту здзівіла і абрадавала — праспаў да пад’ёму на адным баку. Не патрывожылі і ўдзень. Ні кніжак, ні газет не даюць — думай пра свае «злачынствы», рыхтуй прызнанні. А ў чым прызнавацца, нават следчы не ведае, апрача невядомых прозвішчаў, не прад’явіў ніводнага абвінавачання. Зноў мераю камеру, за дзень прайшоў некалькі кіламетраў, добра, што хадзіць не забараняюць, а думкі замыкаюцца на адным: як там мая Таня, што з ёю? У гэтыя дні яна павінна стаць маці. Як ні ўпрошваў следчага даведацца пра яе лёс, адказ адзін: «Прызнаешся, дам спатканне. Што ж ты за бацька, што не хочаш даведацца, хто ў цябе нарадзіўся. Не прызнаешся, пасадзім і яе, дзіця здадзім у прытулак, зменім прозвішча, каб ніколі не найшлі».
Я ўпершыню сустрэўся з такою бесчалавечнаю жорсткасцю. На волі ледзь не кожны дзень хадзіў каля гэтага будынка, таямнічы страх апаноўваў і тады, але не мог уявіць, якія жахі, якая жорсткасць і якое звярынае беззаконне пануе за яго сценамі. Баяўся толькі звар’яцець.
Праз некалькі дзён вар’ята ўсё ж падкінулі мне ў камеру. I каго? Таго самага Сяргея Шляхціча, пра якога ў мяне так настойліва дапытваўся следчы. Як толькі ўвялі яго, вочка ў дзвярах не заплюшчвалася: сачылі, ці сапраўды мы незнаёмыя. Мой новы сусед яшчэ не зусім страціў прытомнасць і ў хвіліны прасвятлення расказваў, што вучыўся ў вячэрнім педінстытуце і аднойчы ў свайго аднакурсніка Федзі Клімянка ўбачыў дыскусійны зборнік з артыкулам Троцкага, але чытаць не захацеў. Клімянка таго я ведаў здалёк, працаваў ён сакратаром рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» і вучыўся на вячэрнім літфаку. Адразу я не мог звязаць свой арышт з Клімянком і гэтым няшчасным хлопцам. А ён дзень і ноч шнураваў па камеры, нешта мармытаў, вочы гарэлі малінавым святлом. Ён будзіў мяне і плакаў, бажыўся, што не вінаваты, казаў, што ў сяле адзінокая маці толькі і спадзявалася на яго, а цяпер сыдзе слязьмі і аддасць богу душу. Ён біўся галавою аб сцяну і крычаў: «Мамачка, я ж не вінаваты! Мамачка, даруй! Федзя, што ты нарабіў?»
Відаць, пераканаліся, што мы незнаёмыя, і хутка забралі з камеры майго «чокнутага» цёзку, а мяне тыдзень нікуды не выклікалі. Адзінота не меншая пакута — думкі могуць давесці да вар’яцтва. Я пачынаў здагадвацца, чаму мяне дапытвалі пра Клімянка, пра яго знаёмых і абвінавачвалі ў трацкізме. I толькі амаль праз год, пры заканчэнні следства, зразумеў усё. У даўжэзным спісе сваіх «знаёмых» арыштаваны ў пачатку восені сакратар «Піянера Беларусі» Клімянок назваў усіх пісьменнікаў, каго толькі ведаў у твар, у тым ліку і мяне.
Читать дальше