Увайшоў у пакой і сумеўся: заплаканая жонка сядзела на ложку, а за сталом два вайскоўцы з лётнымі пятліцамі і лейтэнанцкімі кубікамі гарталі кніжкі, знятыя з адзінай этажэркі. Каб не кідацца ў вочы блакітнымі фуражкамі, аператыўнікі часта з’яўляліся ў цывільным або ў агульнавайсковай форме. Я адразу не спалохаўся і не разгубіўся, бо ведаў, што за мною няма ніякай віны. Магла быць адзіная зачэпка — вярнуўшыся з камандзіроўкі ў пагранічны раён, не паспеў своечасова здаць у камендатуру візу. Вось, думаю, адзіная прычына такога нечаканага візіту. Пацікавіўся, з якое прычыны яны капаюцца ў маіх кніжках, а мне працягнулі ордэр на права вобыску і арышту. I гэта мяне не вельмі ўразіла. Думаю, паўшчуваюць, папалохаюць і раніцай пусцяць дадому. Але аператыўнікі вельмі ж уважліва ўглядаюцца ў кожную старонку, дзе толькі падкрэсленне ці паметкі, — адкладаюць убок, складаюць у папку мае скрэмзаныя чарнавікі, лісты і фотаздымкі. Глядзеў на іх работу, пакуль не змарыў сон, і я спакойна заснуў.
У пяць гадзін раніцы разбудзіў пад акном гул машыны, тупат і незнаёмыя галасы людзей, што ўваліліся ў мой невялічкі пакойчык у агульнай кватэры радыёкамітэцкага дома. Ён стаяў у полі на пясчаным узгорку. Я яго адшукаў пасля вайны. Ён яшчэ доўга ліпеў паміж новых дамоў. Я хадзіў вакол яго, пазіраў у колішняе маё акно, бачыў нейкія постаці, а ў пакой зайсці не адважваўся, баяўся, што расплачуся. На тым парозе абарвалася мая маладосць, страчанае назаўсёды каханне, там убачыла свет маё дзіця, толькі я яго ніколі не пабачыў, а неўзабаве і яно стала ахвяраю крывавага тэрору: жонку з дзіцём на руках выселілі з ведамаснай кватэры, выключылі з інстытута. Без прытулку і грошай да самых маразоў яны начавалі ў скверы на плошчы Волі, сябры і знаёмыя пазбягалі, баяліся даць прытулак. Калі пахавала сына, падалася на нейкі торфазавод, і нашы шляхі разышліся назаўсёды.
А мяне ў тое кастрычніцкае ранне пяць узброеных чалавек везлі ў нейкую страшную невядомасць. Побач сядзеў мой будучы следчы, высокі з шэрым тварам і цёмнымі кругамі пад вачыма старшы сяржант Даўгаленка, з другога боку прыціснуўся маленькі ў скураным паліце, з авечым профілем начальнік сакрэтна-палітычнага аддзела Шліфенсон, у патыліцу дыхаў гніллю зубоў высачэзны міліцыянер, спераду сядзелі два «лётчыкі» на стосах забраных у мяне кніг. Нават Чэхаў і Горкі трапілі ў «крамольную» літаратуру.
У дарозе мяне агарнула трывога: калі іх столькі сабралася, выходзіць, справа не ў візе. Ламаю галаву, што мог кепскага зрабіць, і нічога прыпомніць не магу, а прадчуванне бяды сціснула сэрца і стукае ў скроні.
З таго пад’езда, дзе мне неаднойчы выдавалі візы, павялі ў сутарэнне. У вялікім пустым пакоі вопытны турэмшчык імгненна пазразаў усе металічныя гузікі і гаплікі, з чаравікаў павыцягваў шнуркі, распрануў, як у лазні, загадаў нагінацца і агледзеў усё, што і не кожны ўрач аглядае. А ў дзвярах ужо мяне чакаў «вывадны». Як жа ісці, калі ўсё звальваецца, а рукі трэба трымаць за спіною? Адарваў аблямоўку ад насоўкі, неяк звязаў паясніцу на штанах, і павялі мяне доўгімі прадымленымі «Беламорам» калідорамі на пяты паверх у невялікі пакой на першую пакуту. Праз акно ўбачыў халоднае світальнае неба ў цёмна-сініх хмарах з барвовымі пацёкамі ад недзе схаванага сонца. Злева за сталом нешта пісаў Даўгаленка. На ім была шэра-зялёная габардзінавая гімнасцёрка, на левым рукаве вышэй локця чэкісцкая эмблема — вышыты ў авале шчыт і меч, над манжэтамі — тры пунсовыя нашыўкі, падобныя на сэрцы. Следчы паказаў мне на прыкручанае ў куце да падлогі крэсла. Акно выходзіла на Рэспубліканскую вуліцу. Па ёй ішоў трамвай, з яго выходзілі і садзіліся людзі. Рабочыя спяшаліся на абутковую фабрыку, дзеці беглі ў школу. Учора так хадзіў і я, а з ночы гэты свет стаў для мяне чужы і недасяжны, усё дарагое і жаданае засталося за неадольнаю сцяною, імя якой няволя. Следчы толькі часам блісне на мяне, маўчыць і нешта піша. Зыркая настольная лямпа слепіць мне вочы. Я прыхінуўся да спінкі і па звычцы заклаў нагу на нагу. «Сядзьце, як паложана: спіною не абапірацца, ногі паставіць роўна, рукі на калені. I так заўсёды». Тады я яшчэ не здагадваўся, што ў гэтай пакутнай позе давядзецца сядзець па трое сутак запар, пакуль не страціш прытомнасць і не ссунешся з крэсла, а маладыя ўкормленыя следчыя, папіваючы чай з бутэрбродамі, будуць змяняць адзін аднаго і дзяўбці: «Прызнавайся ў контррэвалюцыйнай трацкісцкай дзейнасці». Як толькі ў калідоры зарыпяць боты, следчы ўскаквае, грукае кулаком па стале, крычыць і сыпле адборныя мацюкі. Сціхнуць крокі, цішэе і следчы, корпаецца ў паперках, звоніць дадому, жартуе з жонкаю і дачушкаю, відаць, на пытанне, калі прыйдзе, адказвае: «Ды тут адзін тып у мяне ніяк не хоча раззбройвацца, але нідзе не дзенецца».
Читать дальше