Рэдакцыі піянерскіх выданняў былі ў доме № 25 на Камсамольскай вуліцы, змяшчалася там і бухгалтэрыя выдавецтва «Чырвоная змена». Амаль усе пісьменнікі часта заходзілі туды. Клімянок іх ведаў у твар і на следстве назваў сваімі знаёмымі. Разам з Клімянком стыль-рэдактарам працаваў Анатоль Зіміёнка, вядомы як гумарыст Дзяркач.
Недзе ў вёсцы на Жлобіншчыне Клімянок знайшоў зборнік з артыкулам Троцкага, прывёз у Мінск і паказаў таварышам па інстытуце. Неўзабаве пра гэтае рэдкае выданне даведаліся ў шэрым доме на Савецкай вуліцы, арыштавалі ўсіх, хто яго толькі бачыў. Узнікла версія, што раскрыта трацкісцкая арганізацыя. Але ў пастку трапілі толькі жаўтаротыя юнакі. Не салідна. Патрэбен лідэр. Успомнілі старога Зіміёнку з нейкім цьмяным мінулым. Вось і знаходка! Першае пытанне кожнаму арыштаванаму: «Назавіце бліжэйшых сяброў і знаёмых». Тры-пяць прозвішчаў следчых не задавальнялі. Давай, давай чым больш, называй усіх, каго ведаеш. Клімянок і назваў усіх пісьменнікаў, хто толькі заходзіў у рэдакцыю і бухгалтэрыю. «Вось і буйная трацкісцкая арганізацыя». А пісьменнікі заўсёды народ ненадзейны. I пачаў «чорны воран» кожную ноч запаўняць камеры «амерыканкі» і сутарэння беларускімі празаікамі і паэтамі. Тыя называлі сваіх знаёмых. «Арганізацыя» разрасталася.
Усіх арыштаваных напачатку абвінавачвалі ў трацкізме. Але колькі ні біліся следчыя, амаль ніхто не ведаў Клімянка і яго сяброў, не меў, хоць бы прыблізна, дачынення да трацкізму. Версія рушылася, а выпускаць не выпадала, каб не было браку ў рабоце.
Перапынак у допытах мяне абнадзеіў, але дарэмна. Ноччу выклікалі зноў. Даўгаленка моўчкі перабіраў у шуфлядзе нейкія дакументы. Разгарнуў і паказаў мне білет Саюза пісьменнікаў. «Пазнаеце?» — «Няўжо і Цішка Гартны?» — «Тут, тут ваш правадыр. Ну, цяпер не адкруцішся. Мы думалі, трацкіст, а ты контррэвалюцыйны нацыяналіст. I запомні: дзверы ў нас адчыняюцца толькі ў адзін бок. Ёсць чалавек, будзе і справа. Гэты ваш ідэйны кіраўнік, — ён патрос білетам з карткаю Гартнага, — і разлічваў на такіх жаўтаротых. Вы павінны быць удзячны, што мы ізалявалі вас да таго, як маглі зрабіць цяжкія злачынствы.
А цяпер давайце сумленна расказваць пра сваю контррэвалюцыйную нацыяналістычную дзейнасць. Сумленна прызнаецеся, дапаможаце следству, два-тры гады праверым у працоўнай абстаноўцы, і вернецеся да ранейшай працы, не раззброішся, разатром і размажам па сценцы, і знаку не застанецца».
Так мяне перакваліфікавалі. Следства цягнулася год. Мяне кідалі з «амерыканкі» ў турму, з турмы зноў у адзіночку, мяняліся следчыя, а песня была адна і тая ж. Я адчуваў, што недзе тут мае інстытуцкія сябры, мне зачытвалі нейкую неверагодную лухту: сустрэча некалькіх сяброў з пляшкаю віна ператваралася ў контррэвалюцыйнае зборышча і змову. Вельмі напіраў следчы на сувязь з акадэмікам Замоціным. Яго дачка Таня, студэнтка-філолаг, запрасіла некалькі хлопцаў і сваю сяброўку з нашай групы да сябе ў госці. Для нас гэта быў вялікі гонар. Мы часам заходзілі да любімага прафесара на кансультацыю, а ў госці трапілі ўпершыню.
У вялікай з высокаю столлю сталовай быў накрыты стол. На белым абрусе блішчалі падставачкі пад нажы і відэльцы, пераліваліся перламутрам талеркі, талерачкі, разеткі, соусніцы. Усё гэта мы бачылі ўпершыню і разгубіліся, не ведаючы, як і за што брацца. Маўкліва туляліся па кутках. Абаяльны, дасціпны і вясёлы гаспадар праз некалькі хвілін зняў напружанне і разгубленасць уласцівай яму прастатою, жартамі і шчырай гасціннасцю. Пачаліся танцы, смех і песні. За сталом Іван Іванавіч паказваў, як трымаць нож, відэлец. I ўсё гэта з жарцікамі і анекдотамі, весела і нязмушана. Праз некалькі хвілін мы і за сталом адчувалі сябе як у сваёй кампаніі.
Разам з намі быў маўклівы аднакурснік дачкі прафесара. Ці не ён толькі дапамагаў следству ведаць, што пілі і елі, дзе хто сядзеў, але і тое, чаго ніколі не было, — ні анекдотаў, ні палітычных размоў: мы ж усе былі дысцыплінаванымі і запраграмаванымі камсамольцамі. Ніхто з арыштаваных не пацвердзіў паклёп, які нам падсоўвалі следчыя, але і гэта не ўратавала нашага любімага прафесара. Яго арыштавалі трохі пазней, бо аднаму з яго вучняў вельмі ж карцела заняць пасаду прафесара, а тады любое месца вызвалялася вельмі лёгка — «сігналам» у органы. Так «прасігналіў» і прэтэндэнт на месца Замоціна, а Івана Іванавіча пратрымалі амаль тры гады пад следствам, і памёр ён на пасадзе днявальнага лагернага барака. А ў нашых пратаколах засталося «зборышча» на кватэры Замоціна.
Читать дальше