А я паміж радкоў чытаю,
Чаго не папісала ты,
Бо я не той i ты не тая,
Адны ранейшыя — лісты
З далёкай нашай маладосці,
З тае вясны, з тае зімы,
Калі не крыўды i ні злосці
Яшчэ не разумелі мы.
Пытальнікі, шматкроп'і, кропкі,
Паперы колішняй памер
I почырк дробны i таропкі
Мяне хвалююць i цяпер.
Лісты, сатлелыя на зломах,
Сyxi, збялелы васілёк
I слабы пах лясоў знаёмых
Хвалююць i цяпер здалёк.
Гартаю ў апусцелай хаце
З лістамі даўнія гады,
I нельга дараваць, што страціў
Твой адрас i твае сляды.
Куды, каму цяпер напішаш
Даўно запознены адказ?
I надалёка тая ціша,
Калі ніхто не ўспомніць нас.
БЕЛАЯ НОЧ
Дарога, быццам з алебастры,
У лёгкай шэрані сады,
На шыбах — папараць i астры,
A ў небе — месяц малады,
Аздоблены ружовым кругам
У цёмна-сіняй цішыні,
У мітульзе, за дальнім лугам,
Гараць халодныя агні.
То прывідным, то воўчым вокам
Знікаюць, каб ізноў зайграць,
То знічкай упадуць звысоку,
То ў стылым снезе дагараць.
Такая бездань нада мною,
Сузор'і неба замялі…
Мне ўсё здаецца навіною,
А я — пясчынка на Зямлі.
БЫВАЙ
Дагарае захад, дагарае,
Зелянее на лугах туман,
Дзе ж ты, азавіся, дарагая,—
Даўняя надзея i падман.
Нашыя дарогі разышліся
На мяжы сумлення i маны.
Дзе ж ты, дарагая, азавіся
З прывіднай далёкай даўніны.
Нас ніхто ніколі не пачуе,
Мы знікаем, як начны туман.
Дагарае захад, i хачу я
Хоць у сне убачыць тонкі стан.
Юнаю, іскрыстаю прысніся
I мяне ні ў чым не дакарай.
Калі ж ты жывая, азавіся,
Каб было каму сказаць «Бывай».
НА АПОШНЯЙ ВЯРСЦЕ
Позні мой вечар, як ціхая восень:
Долу злятаюць лісты.
Гэта — пара i жніва, i дакосін
Каля апошняй вярсты.
Сонца заходзіць, плыве павуціна,
Ціха i пуста ў палях,
I на змярканні журбой жураўлінай
Млечны гайдаецца Шлях.
Дзе мая радасць? Дзе маё гора?
Дзе мая папараць-кветка цвіце?
Можа, калісьці, а можа, учора
Звяла яна на апошняй вярсце.
Не адшукаў яе, не дачакаўся.
Падаюць восенню зоры часцей.
Як ні гукаю, не дагукаўся
Шчасця свайго на апошняй вярсце.
ЖАДАННЕ
За ноч пасівела зямля
I шэрань лугі прысаліла,
А сосны здаюцца здаля
Укрытыя срэбраным пылам.
Нбыта яшчэ нe зіма,
А далеч у ціхай трывозе,
I восень выходзіць сама
Па гулкай настылай дарозе.
Настала чакання пара,
Спавітае сэрца ў кунегу,
Запахла пад вечар з двара
Іскрынкамі першага снегу.
Нябачная легла мяжа
На стыку сустрэч i расстанняў,
Павольна знікае імжа,
I снег на світанні растане,
Нa сцежках лісты зашумяць
Самотных дубоў i акацый,
А мне б перайсці цераз гаць
I новай вясны дачакацца.
ПЕРАД ЗАСЛОНАЙ
Усе мы трошачкі артысты,
I роля ў кожнага свая.
То абы-як, а то ўрачыста
Іграў сябе самога я.
З усіх няма цяжэйшай ролі,
Бо не хапае з неба зор
I не падказвае ніколі
Жыццё — суровы рэжысёр.
Кім толькі я не быў на сцэне,
Каго я толькі не іграў?
То быў узнёслы летуценнік,
То ўваскрасаў, то паміраў,
Рамэо быў, Шыльёнскім вязнем,
Адолець Гамлета хацеў,
Ды, збіўшыся на першым сказе,
У апраметную зляцеў,
I зала адказала свістам
Нa непрадбачаны правал.
Відаць, заўсёды быць статыстам
Мой горкі лёс ці ідэал.
Ніхто не заўважаў старання
Да зморы i да забыцця,
Калі гайдаўся я на грані
Сапраўднай смерці i жыцця.
Іграў я ўмела, то няўмела,
Бывалі спады i напал,
Пакуль душа не пасівела
I не наблізіўся фінал.
Знялі фанерныя калоны,
Скруцілі заднікі ў рулон.
Вось-вось апусціцца заслона…
I я выходжу на паклон.
* * *
Калі б перапісаць на чыставік
Маё жыццё i ўнесці карэктывы,
Магчыма, мой наступнік ці двайнік
Лічыў бы, што ён вольны i шчаслівы.
Закрэсліваю тыдні i гады,
A ў ix — недаравальныя пралікі,
I пакідаюць у душы сляды
Маленькі грэх i грэх вялікі.
Хоць сам знарок ніколі не грашыў,
I грэшных думак не было ніколі,
А страт маіх i час не заглушыў
I мне дасюль папрокам вочы коле.
Читать дальше