У балеі блакітнай іржа —
У балею выкідвалі рыбу.
На страсе конь бляшаны іржаў
I аб комін вычэсваў грыву.
I цякла па Давыд-Гарадку
Бруку польскага палатніна.
Стрэльба гойдалася на суку
I здавалася хворай галінай.
Маці выбера шчупака
I аддасць невядомай жанчыне,
А ў балеі луску пакіне,
Бо з іржою ужо луска.
Вытра нож і пакіне ляжаць
На услоне пад хворай галінай.
На лязу каля тронак іржа
Спелай свеціцца журавінай.
Акно адчыню —
На фіранку
Прылепіцца лісцік сцюдзёны.
Да казачнае старчанкі
Ляцяць вераб'і і вароны.
На цыганскай убачу будзе
Пеўня ці коршака злога,
А голуба гарадскога
У жытнім духмяным арудзе,
I ў дзюбе трымаці ён будзе
Сцябліну аера сівога.
Насупраць,
На сумным троне,
Старая сядзіць на балконе
У лапленым кажушку,—
Яшчэ ў маладосці пашыла,—
На баляску паклала руку,
Выпацканую ў чарніла.
Магчыма, чакае са школы
Унука ці ўнучку сваю
Альбо свой настрой вясёлы,
Бадзёрасць былую сваю.
Магчыма, глядзіць на мяне
Здзіўлёна: «Жанаты ці не?»
На фіранцы лапік зрудзелы
Чорнай ніткай прышыты па белым.
1. Маленства
Вось яна, казка — Давыд-Гарадок,
Бацька на ганку і маці ў гародзе,
А перад хатаю чысты грудок —
Сонца стаіць і не хоча заходзіць.
Вось яна, ява — ахоўца нябёс
Крылы суцішыў ля нашае хаты.
Маці глядзіць, не хаваючы слёз,
Бацька глядзіць у здзіўленні зацятым...
Добры ахоўца ізноў да мяне...
Цацку прынёс... я прамовіць баюся.
Ён вандраваў па дажджы-тумане,
Вочы ягоныя ў стомленай скрусе.
«Я на хвіліну, каб выпіць вады»,—
Словы гучаць, як вандроўныя сховы.
Бусел з адрыны зляціць малады,
Студню крануўшы крылом чаратовым.
2. Сталасць
Зноў яна, казка,—
У студні віно:
Верх залацісты,
Празрыстае дно...
Студзячы зоры,
Студня гаворыць:
«Сініцы валлём казыталі мяне,
Калі спаталялі раптоўную смагу,
I навальніцы у гэтым віне
Купалі маланкі свае і адвагу.
Дарога плыла, абтрасаючы пыл,
I кроплі спадалі на тую дарогу.
Вандроўнік самотны праходзіў і піў
I забываўся на сон і знямогу.
Глыні, чалавек, і ў цябе гэткі лёс!»
Глынуў толькі кроплю, і студня заснула.
I строгая сталасць ахоўцу нябёс
З дарослае казкі ў маленства вярнула.
О, бацькавыя пілкі, малаткі,
Цвікі ў бляшанках, пляшкі на паліцах...
Апоўначы сівыя пацукі
У сенцах пачыналі варушыцца.
I пачыналі сенцы вар'яцець,
I пачыналі глухнуць аканіцы.
Згінацца пачыналі і сівець
Ад поўсці і ад вэрхалу паліцы.
Звінелі пілкі, малаткі гулі,
Цвікі дзяўблі гліняную падлогу —
I мы нікога з маці не маглі
Паклікаць да сябе на дапамогу.
Дзяўчынка-маці Васілю свайму
Паведаміць пра гэтыя трывогі
На цаліну,
I слёзнаму пісьму
Да Омска тры далёкія дарогі.
А мне да сенцаў рапіцой —
Адна:
Іду караць. Мяне сам бог баіцца.
Пацук апошні скокне да акна
У кош дзіравы і пачне маліцца.
Перасыпаць старую адрыну.
Перабраць мікалаеўскі плот.
Бугаю на струкатую спіну
Скіне фосфару самалёт.
У пакінутую балею
Нацячэ рудаватай вады,
I хмурынка ўгары зразумее:
Колер шчасця — таксама руды.
Выгнуць зашчапку на аканіцы.
Межы выцягні ў шнур прамы.
Граблі гразкія і капаніцы
На змярканні ў калюзе памыць-
Абмінаючы шулы-вароты
I абдоймы паветраных ям,
Па гарбатым хрыбце Еўропы
Сонца коціцца ў акіян.
Палівачку пакінь, будзе дождж
З лёгкім водарам аўтамабільным.
Пад акном у гародчыку кош
Да падмурка прыціснецца шчыльна.
Дождж, бы меўшы чатыры нагі,
Праімчыць па запозненай крызе
I гарынскія берагі
Да бляшанага неба наблізіць.
Будзе дробна звінець-сумаваць
Палівачка ў дрымотнай адрыне.
Будзеш ты каля шыбкі стаяць
I глядзець у гародчык сіні,—
На маланкі агністы воз,
Які робіць шалёныя скокі.
Кіт сухі і патрэсканы скрозь
Будзе ў кош асыпацца глыбокі.
Неспадзяванае спатканне
Каля заснежанай чыгункі.
Неспадзяванае змярканне
I пацалункі, пацалункі.
Неспадзяваны, выпадковы
У два бакі нясе агні
Рух апантаны, цягніковы,
Шалёны, божа барані!
Чыгунцы ў цемрадзі завейнай
Нястрымна хочацца, дальбог,
Злізаці кропелькі глінтвейна
Са снегу каля нашых ног.
I хто ні едзе, хто ні едзе
У тых імгненных цягніках,
Твае сябры, мае суседзі
Ці так, ці з дзецьмі на руках,—
Усе б, напэўна, захацелі
Сысці вось тут, спыніцца тут,
Дзе будзень робіцца нядзеляй
I ні клапотаў, ні пакут.
Читать дальше