Леанід Дранько-Майсюк
ПАЭТАГРАФІЧНЫ РАМАН
Вершы, проза
Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дранько-Майсюк, Паэтаграфічны раман: Вершы, проза — Мінск: Беларускае Таварыства “Кніга”, 2002. — 111 с, [10] іл.
Рэдактар: А. У. Лапцёнак
© OCR: Камунікат.org, 2010
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010
Някляеў — не проста прозвішча, а знак, сімвал, калі хочаце, стыль паводзін.
Ягоная паэзія — заўсёднае паляванне на спакой, а сам ён, між тым, дастаткова ўраўнаважаны.
Я назіраў за ім шмат у якіх сітуацыях, часам зусім нязручных, і заўсёды здзіўляўся ягонай цярплівасці.
Яна, гэтая цярплівасць, перш за ўсё ад разумення: марнасць — вызначальны сэнс жыцця.
* * *
Жыццё — мноства дзен, атручаных сумам.
Сум генетычна разбаўлены ў нашай крыві.
Ратавацца, выводзіць з крыві гэту атруту можна толькі алкаголем, каханнем і паэзіяй...
Алкаголь не страшны, калі кахаеш.
I каханне не ператворыць цябе ў бязвольнага раба, калі дакладна ведаеш сваю глыбіню ў алкаголі.
I паэзія не стане графаманіяй, калі не шкадуеш часу на алкаголь і каханне.
Някляеў першы ў нашай літаратуры зразумеў, як трэба скарыстоўваць гаючую энергію, якая існуе паміж алкаголем, каханнем і паэзіяй, і, пэўна ж, таму сваю маркоту не аддае нікому.
«Ты воблакам плыла...»
Гэта пра каханую — і пра сябе.
Воблака пакідае добры настрой.
Някляеў не модны паэт, модных паэтаў на Беларусі не бывае.
Але яго жадаюць бачыць, чуць, быць з ім разам.
Жанчыны прагнуць ягонай увагі.
Я ўжо казаў пра гэта, але мушу сказаць яшчэ раз: з ім заўсёды можна гаварыць пра жанчын, не называючы іх імёны.
* * *
У асаблівыя моманты настрою ўраўнаважанасць пакідае яго, і тады ён робіцца азартны.
Аднойчы захацеў навучыць мяне гуляць у прэферанс.
Ведаў мае абыякавыя адносіны да карт; ведаў, што я не паддаюся карцёжнай дрэсіроўцы, тым не менш пайшоў на свядомую авантуру.
Схаваўшы сваю незадаволенасць, я мусіў быў згадзіцца і адразу ж... выйграў.
Дык вось, першы мой выйграны даляр (не зароблены, а менавіта выйграны) быў далярам Някляева.
Такое запамінаецца.
* * *
Па начах любіць падымацца на дах свайго дома.
Я ніколі не пытаўся ў яго, што ён бачыць ці хоча ўбачыць з гэтай вышыні, але, нават не пытаючыся, знаю: дарэмны занятак — стаяць на даху.
Нешта істотнае ўбачыць адтуль заўсёды замінаюць сонныя каты Гофмана і патрывожаныя вераб'і Катула.
Аднак жа Гофман Гофманам і Катул Катулам, — прыгожыя метафары абавязкова саступяць метафарам сэнсавым, калі ўспомніць, што ён аўтар аповесці «Вежа» і паэмы «Прошча», у якіх тэма вышыні, ці інакш — тэма адыходу ад будзённасці, гучыць акордам неадольнага наканавагшя.
* * *
Ён не любіць называць сябе паэтам, аднак ён паэт з тым разуменнем сваёй значнасці, якой дастаткова, каб ягонае ільняное прозвішча гучала як сінонім паэзіі.
Праўда, у саму паэзію не верыць — яго не назавеш парнаскім артадоксам.
Зрэшты, не назавеш і адступнікам.
У паэзію вераць Л. Галубовіч і А. Разанаў.
Ен жа накіраваны на высокія персаналіі. Ён верыць у паэтаў.
Невыпадкова ж, як асноўныя словы сваёй малітвы, здушлівым дактылем прамовіў: «Колас, Купала...», а пасля ў песні на ўсю краіну аортным рэфрэнам: «Ян-ка Ку-па-ла...»
* * *
Чарада, натоўп, гурт, статак...
Ён не з чарады, не з натоўпу, не з гурту,— і ніколі не шукаў сабе месца ў статку.
Не, ён не эстэт-сябелюб, — проста не прымае халопства чарады, згубны імпэт натоўпу.
Варта прыгадаць адно здарэнне з яго дзяцінства, каб сябры і ворагі нарэшце зразумелі, чаму ён такі...
У Крэве зімою тануў у возеры хлопчык, — бегаў па першым лёдзе і праваліўся.
Непадалёку нейкія дзядзькі рабілі хату.
Яны і кінуліся ратаваць дзіця.
Кінуліся, як мае быць, гуртам, славянскім «скопом», і ўсе апынуліся ў вадзе.
Слабы лёд не вытрымаў гэтых безаглядных выратоўцаў.
Дзіця, вядома, не ўратавалі, і самі ледзьве не ўтапіліся.
Ці варта казаць, што ўсё абышлося б, дзіця жыло б, калі б у натоўпе знайшоўся хоць адзін разважлівы, які не пусціў бы ўсіх на лёд...
Аднак жа натоўп таму і натоўп, што ў ім разумных, разважлівых не бывае.
Такі ён — горкі і страшны ўрок дзяцінства.
* * *
Някляеў ведае на памяць ці не усе свае вершы і песні і мноства вершаў іншых паэтаў; ведае бясконцую колькасць чужых песень.
Дзякуючы глыбокай памяці, можа працаваць проста з голасу, з дыхання, з настрою.
Яму не патрэбны пісьмовыя дапаможнікі — дзённікі, нататнікі, рабочыя сшыткі.
Читать дальше