Дзякуй Богу, Ён не стаў гаварыць пра беларускае паходжанне Апалінэра, — тэму для мяне прыкра-банальную, — а даў нечаканую трактоўку гэтым строфам:
— Яны не біяграфічныя, а паэтаграфічныя. Біяграфія — нешта роднае, дзіцячае, а паэтаграфія якраз і ёсць тая залатая сліна, якою гандлююць на біржах!
— Біяграфія — прадмесце паэтаграфіі, — я зірнуў на гадзіннік: было ўжо дзевяць раніцы.
— Біяграфія — прадмесце паэтаграфіі! — задаволена паўтарыў Ён.— Мажліва. I толькі таму, што гэта мажліва, і толькі таму, што ты паглядзеў на гадзіннік, я хацеў бы, шчыра кажу, пажыць у прадмесці тваёй паэтаграфіі, як і прачытаць твае вершы пра мяне...
Я не здзівіўся, пачуўшы гэта.
Я заўсёды быў гатовы пісаць для Яго і пра Яго з той простай прычыны, што сам Ён не толькі стваральнік паэзіі, а яшчэ і прадмет паэзіі.
Ён — тэма...
Мінула тры гады.
У паветры беларускага жыцця паболела металу.
Непаэты канчаткова заявілі пра сябе як пра паэтаў, а паэтам засталося адно — жывіць сябе наркотыкам шляхетнасці.
Я склаў для яго вершы і прыдумаў уласны жыццяпіс — «прадмесце паэтаграфіі».
«Эмігрант...» Апалінэра так і застаўся недаперакладзены.
(«Крыніца», 58, 1-2000)
* * *
А хто б не зваў дадому,
Які б не быў кур'ер, —
Пакуль не вер нікому
I нават мне не вер.
А вер Варшаве-панне,
Сцішаючы надрыў...
Варшаву для кахання
Бог сапраўды стварыў.
7 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)
* * *
Калі атручана крыніца,
Душа, выходзячы з бяды,
Нанова хоча нарадзіцца
У Крэве, бо якраз туды
Гасподзь заўсёды мосціць кладку —
Да вечна чыстае вады,
Каб да шчаслівага пачатку
Ты не спыняў сваёй хады.
11 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1—2000)
* * *
Застацца на парозе славы
Паблізу будучых пакут,
Прамовіўшы чатыры словы:
«Ojczyzno...» і «Мой родны кут...»
Няхай камусьці будзе лепей;
Улада хай жыве адна, —
Не на паперы, а на небе
Усё распісана да дна...
Вось так шанцуе беларусу
З чужое кварты піць віно,
Каб не ступіць за тую рысу,
Дзе ўжо суцэльнае гаўно.
24 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1—2000)
* * *
Трэба цешыцца з таго:
Здрада мае нюх сабачы...
Бог паможа, хоць яго
Сапраўды, ніхто не бачыў.
Еўрапейскае святло
Зможа ўсё, чаго й не зможа;
Будзе так, як і было —
Нам нябачнае паможа.
24 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)
* * *
Ты мне даводзіў: «Досыць вершаў,
Пра ўсё ўжо класікі сказалі...
Занятак знойдзем цікавейшы —
Цягаць валізы на вакзале!
Ці ж мы з табой паэты, браце?!
«Гаспода», «Прошча» — толькі назвы.
На нашым адраджэнскім свяце
Я прытаміўся ў рыфмы бразгаць!..»
Казаць — казаў ды так не думаў
I пад заснежанаю елкай
З купалаўскім відушчым сумам
Мяне ты частаваў гарэлкай.
I думаў, пэўна, пра магчымасць
Пісьма інакшага і рытму,
Як і пра тое, што злачынна
Паэзія трымае брытву;
Што ўсе бяздомнікі ў дарозе
Тужліва мараць аб начлезе;
Што добра п'ецца на марозе
I цёпла ў беларускім снезе.
27 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)
* * *
Ты вернешся, заўважаны туманам,
I ўбачыш Менск інакшы, як у сне...
Гучацьме не аркестр, а знервавана
Гучацьме шкло ў пішчалаўскім акне.
Усцешыцца душа твая павінна,
Застаўшыся спакойнаю душой,
Што Беларусь — цудоўная чужына,
Што Беларусь павінна быць чужой.
1 жніўня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)
* * *
Сваё апошняе каханне,
Незразумелае такое,
Аддаць магчыма за жаданне
Жыць, як парнасец, у спакоі.
Няма найлепшага нічога
За гэта светлае трызненне,
Калі крыштальная трывога
Цалуе рукі і калені;
Калі збіраешся пакуты
Ад радасцяў былых адрозніць,
Тады не дзенешся нікуды
I будзеш маладосці помсціць;
Калі, як вір, у цемры ночы
Цябе шукае позірк нейчы,
Тады радзімы голас воўчы
Усё адно што чалавечы.
12 верасня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)
* * *
Усё згадаеш, едучы ў Варшаву,
I ўсё забудзеш, едучы назад,
I слава, непадобная па славу,
Сплыве за беластоцкі далягляд...
Читать дальше