Я ведаў, што Уладзімір Сакалоў памёр учора, 29-га, але не ведаў, што з гэтым расійскім паэтам Ён быў блізка знаёмы і меў агульную багемную радасць.
Непераадольная спакуса расказаць пра чужую багемную радасць!
Аднак жа расказваць пра яе, — нават калі зусім далікатна апавядаць, — зноў жа ўсё адно што пляткарыць.
Шчыра прызнаюся, хадзіць у плеткарах не хочацца.
Тым болей, што не яна, гэтая рызыкоўная радасць, сталася тэмаю той ранішня-начной сустрэчы на Ягонай веранднай кухні...
I яшчэ.
Цікавая асаблівасць: Ён, калі ведаў, што йду да Яго, ніколі не чакаў мяне на вуліцы.
А тут — чакаў.
Мусіць, незвычайны час нашай сустрэчы (недзе каля чатырох раніцы) прымусіў гэта зрабіць — тобок, некалькі хвілін пастаяць на Падгорнай, насупраць свайго дома, каля італьянскае амбасады...
— Ці паміналі хоць раз расійскія паэты беларускіх... у такую пару сутак?!
На мой відавочны сарказм Ён усміхнуўся сваім характэрным, мяккім усмехам і (яму аднаму ўласцівым рухам), крыху схіліўшы долу, павярнуў убок галаву; пры гэтым купалаўскія рысы ягонага твару выявілі задаволеную замаркочанасць...
А пасля мы сядзелі моўчкі і пілі.
I адмаўчаўшы, і адпіўшы неабходнае — размаўлялі.
Гаварылі пра старасць і гаварылі пра нашых класікаў.
Найбольш пра тое, што Максім Багдановіч не дажыў да старасці, Янка Купала ўбачыў старасць, Якуб Колас зжыўся з ёю, а Кандрат Крапіва быў старасцю з'едзены...
Не змаўляючыся, прыйшлі да скутку, што самае артыстычнае, самае моцарціянскае — не дажыць...
Ён спытаў:
— Ты ўяўляеш сваю старасць?
Я адказаў:
— Яна будзе, як віно, у якое ўсыпалі соду...
— А мая старасць будзе не падобная старасць...
Я не паказаў свайго недаўмення, бо ўспрыняў сцвярджэнне: «старасць не падобная на старасць» — як фігуру стылістычнага паўтору і не больш таго.
У гэты ж міг на дно маёй памяці, каб захавацца, упала выпадковае чатырохрадкоўе:
...але ў канцы жыцця, як не складаеш вершы,
Тады й жывеш!
Апошні ўздых і ёсць твой верш найлепшы,
Найгеніяльны верш...
А далей мы гаварылі пра хараство, — пра тое, што кожны вобраз хараства, як вучылі вялікія, імгненны, і калі на кожны такі вобраз паглядзець з біблейскае вышыні, то такім парадкам, напэўна ж, магчыма атрымаць формулу мастацкай вечнасці і наблізіцца да разумення: хараство — ключ паэзіі.
Ён згаджаўся: паэзія ў літаратурным выяўленні пачынаецца з першага выпадковага слова, а проза — не; шчасце паэта не ў тым, каб шчасце было, а ў тым, каб яго было не больш за саму паэзію; не трэба шукаць адказ на пытанне — што такое паэзія? — бо ў часе такога несамавітага пошуку паэзія знікае.
I яшчэ Ён згаджаўся, што няма большай прафесійнай асалоды, чам асалода даведвацца пра існаванне невядомых паэтаў.
Аднак жа кпліва глядзеў на мяне, калі я заяўляў: цьмянасць — гэта й ёсць сапраўдны вынік шчасця...
А з адной маёй прыгожай мары, атуленай кухонным алкаголем, дык наогул пасмяяўся.
А мара была такая: жыць у краіне, у якой паэзіі адведзена роля залатога гадзінніка, назаўсёды згубленага ў густой траве цывілізацыі.
— Не, браце, жыць ты будзеш тут і да скону! — з відавочна колкім задавальненнем выразна вымавіў Ён.
Я не пакрыўдзіўся.
Наадварот, адчуў у сабе нязвыкла-шчаслівую меладыйнасць і, знаходзячыся ў палоне ўсё той жа адвольнай летуценнасці; усё адно як праспяваў:
— Ну, калі не там, тот тут, але нязменнае застанецца нязменным...
— Ты пра што гэта?!
— А пра тое, што найвышэйшая праява паэзіі ўсё ж не ў складанні вершаў, а ў стварэнні паэтычных паводзін.
— А-а... Ну-ну... I пра гэта, вядома ж, трэба дбаць штодня,— іранічна выдыхнуў Ён і са сваёй знакамітай стомленасцю ў голасе імправізацыйна дагаварыў за мяне:
— Бо калі мы дапускаем, што існуе культура, скажам, палітычных, эканамічных, урэшце — сексуальных паводзін, дык павінна ж існаваць і культура паэтычных паводзін, прынцып якой: бачыць у субяседніку паэта. Ці не так?! А калі так, калі гэта сапраўды твае думкі, то ты вынайшаў правіла творчага шчасця, вынікам якога насамрэч з'яўляецца — цьмянасць!
На слове «цьмянасць» Ён зрабіў прыкметны акцэнт.
Зразумелая рэч, што наўмысна.
Няхай.
Я засмяяўся:
— Ты амаль угадаў мае думкі, але крыху зблытаў, як кажуць у Давыд-Гарадку, ячнае з пшанічным!
На гэту заўвагу Ён адказаў першым радком з майго перакладу (запомніў жа!):
— Ён без капелюша — купецкага вянца...
— ...Зайшоў адзін да каралеўскага краўца, — падхапіў я і скорагаворкай прачытаў усе чатыры перакладзеныя страфы.
Читать дальше