Працэс Сялянска-Работніцкае Грамады
Калаж заходнябеларускай прэсы
Склаў Леанід Лаўрэш
Арышты паслоў. Зламаньне канстытуцыі.
Сялянская Ніва №6(57), 19 студзеня 1927.
У начы з пятніцы на суботу, 14-15 студня с. г. на ўсіх абшарах Заходняе Беларусі польснія ўлады правялі арышты павадыроў Беларускай Работніцка-Сялянскай Грамады і асоб вінавачаных у камунізме.
У самай Віленшчыне зроблена шмат рэвізыяў і арыштавана каля 200 асоб.
Між іншым паліцыя арыштавала паслоў: Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага і Валошына.
Апрача Віленскага ваяводства рэвізіі і арышты адбыліся у Наваградзкім, Палескім, Беластоцкім і іншых ваяводствах.
Арышты ў Вільні і паветах Зах. Беларусі.У Вільні арыштавана 11 сяброў і супрацоўнікаў цэнтральнага сэкрэтарыяту Грамады; у Бельскім пав. 22 асобы; Сакольскім — 5; Ваўкавыску — 3; Горадні — 12; Беластоку — 5; Берасьцейскім — 6; Дзісненскім — 6; Наваградзкім — 10; Слонімскім — 11.
Рэвізія ў цэнтральным Сэкрэтарыяце. А гадзіне 3 у начы паліцыя ўвайшла ў кватэру цэнтральнага сэкрэтарыяту, арыштоўваючы на месцы прысутных супрацоўнікаў і сяброў Грамады. Правяла рэвізію дакумэнтаў і забрала іх як матэр'ял для абвінавачаньня. Па сканфіскаваньню ўсялякіх дакумэнтаў паліцыя апячатала кватэру "Грамады".
Арышты сяброў Грамады і інш. Адначасна адбывалася рэвізыя ў паслоў і беларускіх дзеячоў Грамады. Рэвізыя адбылася таксама ў Беларускім Банку. Паслоў арыштавалі пры такіх абставінах: пас. Тарашкевіча паліцыя знайшла ў Калёніі (пад Вільняй) у доме Астроўскага. Пры арышце, як пішуць польскія газэты, у Тарашкевіча знойдзена вялікая сума ў далярах і інструкцыя, як тварыць арганізацыі камуністычнай партыі. Пас. Валошына арыштавалі ў кватэры, а п. Рак-Міхайлоўскага на вакзале, у часе калі меўся садзіцца на цягнік. Сярод дзеячаў Грамады ў Вільні арыштавалі: гр. Астроўскага, Каўша, Шнаркевіча, Назарука, Мэнке, Марцінчыка, Навакоўскага і Бурсэвіча М., апрача таго Алейнічука з ляв. ППС, Вагнэра і Краўца, вінавачаных у прыналежнасьці да камуністычнай партыі З. Беларусі.
Рэвізыя ў Беларускім Банку. Адначасна дэлегат Міністэрства Скарбу пры помачы паліцыі зрабіў рэвізыю ў Беларускім Коопэратыўным Банку.
Рэвізыя ў прафэсіянальных саюзах. Апрача таго адбылася рэвізыя ў гэтакіх прафэсіянальных саюзах: мэталёвым, будаўляным, табачным і скурным.
Ліквідацыя Грамады.
Урадавае паведамленьне.
У сувязі са зробленым арыштаваньнем 3-х паслоў і іншых, урад выдаў наступнае паведамленьне: Вядомыя арганізацыі, якія працуюць ужо доўгі час на абшары Польскай Дзяржавы, выяўляюць работу, на якую выдаткі зусім відавочна пераходзяць магчымасьць пакрываць з уласных даходаў тых арганізацыяў. Гойнае аплачаваньне інструктараў, агітатараў, агентаў; выдаваньне цэлага сьцягу брашураў, адозваў і лістоў дарма рассыланых, урэшце перакідаваньне вялізарнымі грашовымі сумамі, дзеленымі ў форме беззваротных пазык з мэтай зьяднаньня сабе прыхільнікаў сьведчыць бяссумлеву аб тым, што работу гэтых арганізацыяў аплачываюць чужыя дзейнікі.
На чале гэтых арганізацыяў сталі некаторыя паслы ў Сойм, якія тымі грашмі, паходзячымі з чужых крыніц, шырокай жменяй распараджаліся.
Урад такой работы, скіраванай на шкоду Польскай Дзяржавы і роўнай здрадзе стану, ня можа далей таляраваць (зносіць). Ня можа ён і ня хоча дапушчацьца пашырэньня сярод супакойнай люднасьці замуту і бяскарнага тварэньня праступных плянаў выкліку, з падвучаньня і па загаду чужых дзейнікаў, якіх-небудзь забурэньняў у Дзяржаве. Дзеля гэтага засталіся арыштаванымі паслы: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і агітатары, якія стаялі на чале арганізацыяў аплачываных з чужых грошаў. Перасьцерагаецца, што прыналежнасьць да гэтых арганізацыяў, на чале якіх стаялі арыштаваныя паслы, будзе прасьледавацца са ўсей строгасьцю як за работу на шкоду Дзяржавы.
Вільня, 15 студня 1927 г.
Ліст Маршалка Сойму Ратая.
Судовыя ўлады паведамілі маршалка Сойму аб арыштаваньні паслоў.
Маршалак у папалуднявых гадзінах выслаў да міністра справядлівасьці наступны ліст: «Даведаўся я прыватна, што сягоньня ў ночы былі арыштаваныя ў Вільні па загаду тамашняга пракурора паслы: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і Валошын. Прашу пана міністра аб паведамленьню мяне, ці гэтае вестка згаджаецца з праўдай, а калі так, дык на якой падставе і з якіх повадаў зроблена арышты?»
Читать дальше