Лёзунгам гэтай арганізацыі былі: "актывізацыя масаў — зямля для сялянства бяз выкупу; зьмяншэньне, ці абсалютнае скасаваньне падаткаў; пашырэньне нянавісьці да палякаў; работніцка-сялянскі ўрад; адарваньне ад Польшчы" і г. д. На адбытых у Маскве "IV канфэрэнцыі камуністычнай партыі Польшчы" і "III канфэрэнцыі камуністычнае партыі Заходняе Беларусі" даюць падрабязны плян дзейнасьці. Па атрыманьні згоды на плян ад кіраўнікоў — прыступлена да працы, і 1 чэрвеня 1926 г. Соймавы Клюб паведамляе Камісара Ўраду на м. Вільні аб адчыненьні ў Вільні "Цэнтральнага Сэкрэтарыяту" "Грамады". Для ўсіленьня арганізацыі ўзьнікае "Сель-Роб" на Валыні з пасламі Казіцкім, Чучмаём, Макаўкаю і інш. У Вільні Вацлаў Алейнічак закладвае "ППС-лявіцу".
Арганізацыйна "Грамада" была збудавана так: ніжэйшаю адзінкаю быў гурток, які складаўся з сяброў, мужаў даверу і мясцовага камітэту. Гурткі былі падпарадкаваны павятовым камітэтам, гэтыя Цэнтральнаму Сэкрэтарыяту, над якім стаяў Цэнтральны Камітэт, а далей Агульны Зьезд. Арганізацыйныя ўлады выбіраліся сябрамі, у запраўднасьці-ж яны вызначаліся з камуністых.
Кідаючы аграмадныя грашовыя сумы на прапаганду, правадыры асягнулі пастаўленую мэту: масавасьць грамадзкага руху. 10 сьнежня 1927 году у 27 ўсходніх паветах "Грамада" лічыла 1586 гурткоў пры 26.558 сяброх. У склад яе ўваходзілі нават расейцы і жыды. Рабіліся стараньні вытвараць адшчапенцаў "мэтадыстаў і баптыстаў" і ўцягнуць іх у "Грамаду". Некаторыя з кіраўнікоў "Грамады" памагалі ім грашыма, тлумачылі рэлігійныя пісьмы і г.д.
З арганізацыйным узростам "Грам." і непамерна хуткім павялічэньнем яе сяброў, павялічваецца праступнасьць, ці то агульная, пераважна на грунце апору ўладам, ці на грунце антыдзяржаўнай агітацыі, кальпартажу нялегальнай літэратуры і яе раснаўсюджваньня.
Многа гавораць і грашовыя адносіны "Грамады". Першыя банковыя апэрацыі "Беларускага Каапэратыўнага Банку" распачаліся ў канцы 1925 году укладамі Валошына (100 даляраў), Тарашкевіча (211 даляраў) і ў гэтым-жа дню выдана пажычак на 400 даляраў. Банк гэты меў кантакт з "Транзытным Бакам" у Рызе, на паведамленьні якога за кароткі час выплаціў розным асобам 10.985 даляраў. У Банку правадыры "Грамады" ўкладалі свае ашчаднасьці. У часе зачыненьня Банку яны складалі: Валошына 450 даляраў і 21 злотых; Тарашкевіча 312 дал. і 5 злотых; Астроўскага 598 дал. і 6451 зл.; Веры Тарашкевіч 507 дал. і 136 зл.; Мятлы 774 дал. і 73 зл.; Міхайлоўскага 939 дал. і 2450 зл.; Антаніны Астроўскай 30 дал і 3450 зл.; Сабалеўскага 979 злотых і г. д.
Трэці дзень працэсу. (25 лютага). Далейшы працяг акту абвінавачаньня.
"Грамада" сыстэматычна імкнулася да апанаваньня ўсіх беларускіх культурна-прасьветных установаў. Сябры "Грамады" уваходзілі ў "Таварыства Беларускае Школы", "Беларускае Выдавецкае Таварыства", "Беларускае Навуковае Таварыства", "Беларускае Таварыства Помачы Ахвярам Вайны", мелі ўплыў на "Студэнцкі Саюз" і "Віленскую Беларускую Гімназію".
"Грамада" не пакінула і войска. Пры помачы "Комсомола" вяла ажыўленую агітацыю у вайсковых часьцях і зьбірала розныя вайсковыя дадзеныя. Маладыя рэкруты атрымлівалі інструкцыі ў каторых, між іншым, гаварылася: "Не дзеля таго ідзеш у войска, каб служыць пузатым генэралам і афіцэрам, але-ж дзеля таго, каб навучыцца метка страляць, калі трэ' будзе, у капіталістых і буржуяў".
У гэтых пачынаньнях памагае беларуская прэса, каторая бясплатна рассылала свае газэты падпішчыкам. Спэцыяльныя карэспандэнцыі чэрняць "Палякаў, якія не ўважаюць нас за людзей, але за быдло", нападаюць на суды, на ксяндзоў, "якія зьдзіраюць з людзей скуру за хрэст і бароняць паноў", на школьных інспэктараў, на асаднікаў. "Грамада" разьвівае цэлую "вывратовую" сыстэму. Вядзе агітацыю проціў камасацыі. Заклікае да тэрору проціў школаў і байкоту іх, заклікае не плаціць падаткі, зьбірае подпісы пад дамаганьням амністыі для палітвязьняў. Усёю гэтаю акцыяй кіруе "Міжнародны Сэкрэтарыят" у Варшаве, у склад якога увайходзяць такія партыі: "Незалежная Сялянская Партыя" (N.Р.Ch.), "Грамада", "Воля Народу", "Хлопскі Саюз" і "ППС-лявіца", а так-жа прадстаўнікі "Незалежнай Сацыялістычнай Партыі Працы" і "Паалей Сыёну".
Пад дыхтоўку сэкрэтарыяту рабіліся мітынгі і дэманстрацыі. Сьведкаю гэтага была Вільня 8, 11 і 14 сьнежня 1926 году. Апошняя — у часе побыту ў Лукіскім вастрозе ангельскага камуністычнага пасла Шэфэрда з тлумачом Штэрліхам.
У цеснай сувязі з гэтаю галінаю працы "Грамады" быў МОПР (Міжнародная Арганізацыя Помачы Рэвалюцыянэрам), які дастарчаў грошы на патрэбы вязьняў і аплату адвакатаў. Рэвізія ў адваката Родзевіча дала матэрыялы, згодна якіх мелася быць арганізавана "Агульнае бюро абароны" з асобаю таксаю для абаронцаў.
Читать дальше