Не прапускаліся аказіі і да маніфэстацыяў з прычыны розных камуністычных угодкаў і сьвяткаваньняў. Аднэю з такіх маніфэстацыяў была ў Косаўскім павеце 7 лістапада 1926 году, калі адбыўся паход з пяяньнем: "Сьмела таварышчы ў ногу" і "Уставай пракляцьцям закляймены". Паход гэты закончыўся мітынгам, на якім дайшло да сутычкі з паліцыяй.
Балей за ўсё "Грамада" заклікала да апору ўладзе. Напр., на абшары аднаго ваяводзтва зусім такі ў кароткім часе ўзбуджана балей 100 судовых справаў 257 грамадаўцам за апор уладзе. Апор гэты пераходзіў у забойствы агентаў паліцыі, а ў Косаве 3 лютага 1927 году закончыўся крываваю сутычкаю з паліцыяй, прычым было забітых 6 асобаў.
Гэта, можна сказаць, агульная характарыстыка дзейнасьці "Грамады".
У далейшым працягу "Акт абвінавачаньня" дае характарыстыку важнейшых асобаў гэтага працэсу і разважае "вывратовую" дзейнасьць "Грамады" на абшарах паветаў: Стаўпэцкага, Наваградзкага, Пружанскага, Ваўкавыскага і Сакольскага.
На гэтым закончыўся трэці дзень працэсу.
Чацьверты дзень працэсу — 27 лютага.
Сялянская Ніва, №22(169), 7 сакавіка 1928.
Далейшы працяг акту абвінавачаньня і выясьненьні абвінавачаных.
Канчатковая часьць акту абвінавачаньня, якая чыталася ў чацьверты дзень працэсу, агаворвала акцыю "Грамады" на абшарах паветаў: Слонімскага, Дзісьненскага, Вялейскага і Лідзкага, справу Куліны-Куліноўскага, абвінавачанага ў шпіёнстве і справу забойства Івашкевіча, канфідэнта палітычнай паліцыі.
У агульных вывадах пракуратура абвінавачвае:
1) усіх 56 абвінавачаных у тым, што ў часе ад 1920 году да паловы студзеня 1927 году бралі ўдзел у змове пад назовам "Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада", маючы на мэце даканаць замах на дзяржаўны лад Польшчы, так-жа на цэласьць яе тэрыторыі шляхам увядзеньня дыктатуры пралетарыяту, савецкага ладу і адарваньня ад Польшчы, пры помачы ўваружанага паўстаньня, паўночна-ўсходніх ваяводзтваў і далучэньня іх да Савецкай Расеі, пры чым для зьдзейсьненьня гэтай мэты мелі склады аружжа;
2) Апрача гэтага, пракуратура вінаваціць Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Валошына, Мятлу, Астроўскага, Бурсэвіча, Акінчыца і Шваркевіча ў тым, што ў працягу 1925, 1926 і студзеня 1927 г., будучы польскімі грамадзянамі, далі забавязаньне савецкаму ўраду аказаць праз сябе і ўсіх учасьнікаў вышэй апісанай змовы збройнай помачы ўва ўсіх яе ваенных чынах проці Польшчы, на выпадак вайны паміж гэтымі дзяржавамі;
3) Куліна-Куліноўскага ў шпіёнскай акцыі, які нібы-та даваў інфармацыі савецкай камэндатуры ў Слабодцы аб лічэбным стане і разьмяшчэньні атрадаў польскага войска і пастарункаў паліцыі на савецкай граніцы;
4) С. Казачонка, М. Кавалёва, Н. Кавалевіча і М. Карніловіча пракурат. вінаваціць у забойстве канфідэнта палітычнай паліцыі — Івашкевіча.
Ніхто з абвінавачаных да віны, якую ім закідваў акт абвінавачаньня, ня прызналіся.
Старшыня Суду Аўсянка перад тым, як даць слова абвінавачаным для выясьненьняў, зьвярнуў увагу абвінавачаных, каб яны адказвалі папольску дзеля таго, што некаторыя адвакаты не разумеюць пабеларуску.
Першым даў выясьненьне Тарашкевіч і зазначыў, што ён, у выніку розных прычынаў, будзе гаварыць пабеларуску, хоць і можа папольску. Тарашкевіч у сваім выясьненьні зазначыў, што "Грамада" была праўнаю арганізацыяю, дзейнасьць яе месьцілася ў рамках Канстытуцыі і мела мэтаю падняцьце культуры і дабрабыту беларускіх масаў, і што дзяржаўнае жыцьцё Польшчы змушае тварыць партыі, без каторых няма магчымасьці працаваць.
Рак-Міхайлоўскі абураецца проціў назову адносна яго ў акце абвінавачаньня "абрусіцель". Зазначае, што ён зьяўляецца тварцом беларускага школьнага руху, а не абрусіцелем.
Мятла і Валошын дадуць выясьненьні пасьля.
Астроўскі цьвердзіць, што на спэкуляцыі ў часе нямецкай акупацыі не збагаціўся.
Акінчыц цьвердзіць, што сядзіць у вастрозе другі год нявінна.
Шнаркевіч — працаваў на культурна-прасьветнай ніве.
Коўш (схаваў крыж пад адзеньне) — палітыкаю не займаўся і вёў гаспадарчую працу, за што ня можа быць караны.
Луцкевіч — яго прозьвішча зьвязана з беларускім рухам, якога ён быў піанэрам 26 гадоў таму назад. Меў выбітныя становішчы, як у Беларускім Урадзе і ў Міжнароднай Канфэрэнцыі ў Парыжу. Сядзеў у расейскіх вастрогах. Не кандыдаваў у Сойм у 1922 годзе па слабасьці здароўя. Ад 1923 году адыходзіць ад грамадзка-палітычнай працы і аддаецца працы публіцыстычнай. "Грамадою" не кіраваў. За чужыя плечы не хаваўся.
Читать дальше