Леанід Дайнека
ЛЮДЗІ І МАЛАНКІ
Раман
Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дайнека, Людзі і маланкі. Раман, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1973. — 368 с.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Памяці маці маёй,
Тэклі Іванаўны
Старога Ігната Радзімовіча клалі ў печ. Нявестка Аўдоля падтрымлівала свёкравы ногі, сын Прахор, узяўшы бацьку пад пахі, штурхаў яго ў худыя вузкія плечы.
— Не падкурчвайце ногі, тата, — казала Аўдоля, чырвоная ад гарачыні, што веяла з печы. — Я там саломкі аўсянай пацерусіла, халоднай вадой яе папырскала. Палежыце там, папарыцеся, косці вашы размякнуць... Можа, дасць бог, і хвароба выйдзе.
Ігнат нічога не адказваў ёй, маўчаў, здавалася, усміхаўся сам сабе. Быў ён зусім голы: тырчаць рэбры, зморшчаная васковая скура, як шэранем, абсыпана рэдкімі сівымі валасамі. Ён маўчаў, толькі сухой рукою ўсё стараўся схаваць ад вачэй нявесткі свой мужчынскі гонар.
А яна пазірала на старэчае цэла спакойна, будзённа.
Нарэшце старога ўвапхнулі ў печ. Толькі ягоная галава з вялікай лысінай тырчала адтуль, ды вочы блішчалі сіне-сіне, як васількі пасля дажджу. Прахор, такі ж лысы, як бацька, стаяў, адсопваючыся, каля печы. Аўдоля мачала бярозавы венік у вядро з вадою і пырскала ваду ў печ, каб свёкру лягчэй было цярпець гарачыню. »
І яшчэ чацвёрты чалавек быў у хаце. Прахораў сын, васемнаццацігадовы Антон, завёў каня на луг і цяпер стаяў ля парога з аброццю ў руцэ. Быў ён высокі, худы, вузкі ў касці. Сінія вочы глядзелі трошкі разгублена. Ягоныя валасы кучаравіліся; ззаду былі цёмныя, спераду — колеру бурага восеньскага лісця. Абуты ён быў у стаптаныя лазовыя лапці, якія замачыў у лузе.
— Выцеры ногі! — крыкнула яму маці.
Антон, быццам не пачуў яе, стаяў, глядзеў у печ, з якой віднелася дзедава лысіна, пакрытая буйнымі кроплямі поту. Усе маўчалі. І ўсе думалі — кожны сваё. «Хутчэй бы ўжо... — думаў Прахор, — гаспадарка зусім развалілася. Збіраўся да Баўтрука наняцца лес пілаваць, ды дзе там... Хлеба толькі да калядаў хопіць, а там хоць салому са страхі еш...»
Аўдоля ж разважала так: «Хату трэба перасыпаць, згніла... Дзіну замуж аддаваць — сохне дзеўка. На адну падушку наскубла пер'я, і ўсё... Ці ж гэта можна, каб дзеўка з пустымі рукамі ў чужую хату ішла? А грошай ні капейкі няма. Няўжо ён, — яна глядзела на свёкра, што абліваўся потам, — не схаваў дзе-небудзь хоць які рубель?..»
І толькі Антон думаў зусім пра іншае. Яго маладая душа яшчэ не скамянела ад гэтага бруднага, галоднага, няўтульнага жыцця. Ён мог яшчэ плакаць і смяяцца, не хаваючыся ні ад сябе, ні ад людзей, шчыра і непасрэдна, як робяць гэта ў юнацтве. Ён сціскаў рукой мокрую аброць, з якой капала вада, і думаў: «Учора дождж ліў, а сёння мокры снег ідзе... Як памрэ дзед, закапаем яго ў магілу, а ў ёй халоднай вады да краёў...» Ад такой думкі яго самога аж да касцей працінаў холад, хоць у хаце было горача.
— Памажыце мне вылезці, — папрасіўся раптам стары. Голас яго дрыжаў.
— Можа, бацька, яшчэ трохі паляжыш?.. Пацярпі... — Прахор падышоў да самай печы, схіліўшы галаву, глянуў у яе.
— Ой, нявестачка, золатка, дастань мяне адсюль... Дыхаць няма чым... — Заенчыў стары на ўсю хату.
— Вы, тата, як малое дзіця, — нахмурыўшы светлыя бровы, нездаволена сказала Аўдоля. — Людзі хварэюць, і хоць бы што... А вы крычыце немаведама чаго...
Яны выцягнулі Ігната з печы, ужо і Антон памагаў, паклалі яго на драўляны, паточаны шашалем ложак. Аўдоля закідала старога розным зрэб'ем, толькі віднеўся яго чырвоны, зморшчаны худы твар.
— То я пайду лучыны накалю, бо скора цёмна будзе. — Прахор борздзенька ўзляпіў на галаву кучомку і выслізнуў з хаты.
— Каб ты спарахнела такое жыццё. — Аўдоля аж плюнула ад злосці і крыўды. Сказала ў чорныя, закопчаныя дзверы, якімі толькі што ляпнуў Прахор: — Пабег гіцаль, а тут хоць вяроўку на шыю накідвай. — Цяжка ўздыхнуўшы, яна ўзяла кошык і палезла ў пограб — дастаць бульбы на вячэру.
— Антонка, падай мне вады, — сказаў Ігнат. Ён сіпла, з ціхім прысвістам, дыхаў: быццам ледзьве гарэла, датлявала сырая лучына. Потым піў з конаўкі цёплую нясмачную ваду, і чутно было, як дробненька ляскаюць ягоныя зубы.
— Памру я, Антонка, — сказаў, выпіўшы ваду, стары, і сівая лысая галава затрэслася, вочы заплюшчыліся. Потым ён знерухомеў, быццам прыслухоўваўся да нечага далёкага, выпрастаў рукі паверх дзіравай зашмальцаванай коўдры.
І Антону на хвіліну здалося, што дзед ужо сапраўды памёр, так запалі шчокі ў старога, вытыркнуўся, як курынае яйка, кадык. Толькі над ілбом яшчэ вілася лёгкая пара.
Читать дальше