— Ты б калёсы змазаў, а то рыпяць, як рэбры грэшнікаў у пекле, — пераходзячы на ціхі голас, сказаў Іван.
— Дзёгцю няма... — Антон углядаўся наперад, моцна трымаў у руках лейцы.
Яны ехалі не па дарозе, а проста па лесе. Чумак палахліва стрыг вушамі, касіў вокам на дрэвы і кусты.
— Ты не баішся, Капыток? — зноў загаварыў Антон, бо карцела хоць нечым адагнаць ад сябе трывожныя думкі.
— Слухай, братка, не заві ты мяне Капытком, — раптам папрасіў Іван.
Твар яго выцягнуўся, чорныя бровы сышліся на пераноссі. Антона ягоная просьба дужа ўразіла, і ён не знайшоў што адказаць.
Так, моўчкі, яны і даехалі да Чорнага ляда. Разы са два натрапілі на глухія лясныя дарогі, спудзілі ў асінніку, што яшчэ дзе-нідзе палымнеў лістотай, зайца.
Лес быў казённы, але гады за два да вайны чатырыста дзесяцін перакупіў у казны пан Незабітоўскі. Навакольныя сяляне, у тым ліку і чмялёўцы, парабкавалі ў Незабітоўскага: былі смалакурамі, пілавалі лес і на конях вазілі бярвенні на бліжэйшы паўстанак Лібава-Роменскай чыгункі. Адтуль ён, казалі, ехаў у далёкія шахты Данбаса і аж за мора. За морам ім карысталіся, а вось тут, у Чмялях і Запольцах, ніхто не меў права ні галінку ў лесе падабраць, ні ягадку сашчыкнуць.
— Вось гэты дубок, — сказаў Антон, калі яны ўжо трохі былі паблудзілі каля ляда. Прыкінулі — у які бок валіць, каб дуб ні за што не зачапіўся, і Антон выцягнуў з-за пояса сякеру. Яна лёгка ўпівалася ў дрэва. Шэрая кара пырскала ва ўсе бакі. Потым пачалі пілаваць, стараючыся рабіць гэта як мага цішэй.
— Абсячом голле, а вершалінку возьмем. Не прападаць жа дабру. — Іван хутка стаміўся і цяжка дыхаў. Вінавата ўсміхаючыся, растлумачыў: — Цэлую раніцу жорны круціў...
Антон пакрысе пачаў супакойвацца. Натужліва цягаў да сябе ручку пілы, думаў: «Не ўсё ж ім... Трэба ж і дзеду майму... Хоць дрэўца... Хоць мёртваму... Дзед заслужыў...»
Зноў узняўся вецер. Прыляцеў аднекуль зверху, прынёс пах восеньскага поля, халоднай зямлі. Усё наўкола зашумела, захвалявалася, залапатала апошнім лісцем. З хмаркі, што вісела якраз над лядам, пасыпаўся мокры снег. І ў гэты час з лесу, з-за дрэў, з-за косых струменьчыкаў снегу, выскачылі верхавыя. Чацвёра. У калматых казацкіх шапках, з бізунамі ў руках. Холадна блішчала сталь вінтовак за плячыма.
Антон з Іванам ад нечаканасці выпусцілі з рук пілу. Яна слаба дзынкнула, забілася, затрапяталася, як вялікая бліскучая рыбіна. Антон дрыжачай рукой пачаў змахваць пілавінне з анучаў і лапцяў.
— Не прыхарошвайся, сівалапы, — пачулася за спінаю. Яны азірнуліся. Баўтрук ішоў проста на іх. Сухое галлё трашчала пад яго нагамі. Быў ён высокі, шыракаплечы, з пукатымі грудзьмі, з русымі завіткамі густых валасоў. Ішоў, прыставіўшы стрэльбу да пляча, і цэліўся ў іх.
«Заб'е...»— халадзеючы нутром, падумаў Антон. А ляснік, якога баяліся, як агню, і пракліналі, і не раз падпальвалі ягоны хутар, падышоў зусім блізка. Шырокі твар раскалоўся напалам халоднай усмешкай. Быў ён прыгожы, гэты твар, але, аказваецца, на свеце можа быць непрыемная прыгажосць, могуць быць прыгожыя вочы, у якія не хочацца глядзець.
— Што, сівалапыя, дубка захацелася? Зараз вы ў мяне пілавінне будзеце жэрці.
Ён нетаропка сагнуўся, шырокай, як рыдлёўка, далонню пачаў зачэрпваць з зямлі пілавінне. Верхавыя, казакі з паўсотні, што была раскватаравана ў маёнтку Незабітоўскага, пад'ехалі бліжэй і з цікаўнасцю назіралі за тым, што адбываецца. Іхнія твары былі сытыя і вясёлыя.
«Божачка... — думаў Антон, гледзячы, як птушанё на ўдава, на вялізную руку Баўтрука, што павольна ўзнімалася ад зямлі і праз пальцы якой сыпалася пілавінне. — Ён жа, і праўда, будзе прымушаць нас есці гэту брыдоту. Што ж рабіць?»
Ён бездапаможна азірнуўся наўкола. Казакі пасміхаліся. Іхнія коні, здавалася, пагардліва фыркалі на худога сумнага Чумака.
«Што ж рабіць? — Да Антонавага сэрца падкочвалася млявасць: — Не паслухаў бацьку... Нейкая гарачка найшла... Дзе ж нам з імі дужацца? Іхняя сіла... Іхні лес...»
— Ну, сівалапыя, ешце. — Баўтрук тыкаў ім у твары жменю.
— Ах ты, дзік балотны! Сучка! — Іван пачарнеў, сагнуўся, галавой ударыў Баўтрука ў жывот.
Баўтрук, як пераламаўся, упаў на спіну.
— Уцякай, Антон! — Іван скокнуў ад дубка.
Баўтрук, схапіўшыся за жывот, качаўся па зямлі.
Казакі выдзіралі з-за спінаў вінтоўкі. Куды дзелася іхняя весялосць! Т-тах! Стрэл разарваў лясную цішыню. Тах! Тах! Коні ўзвіліся на дыбкі. Антон убачыў, як Іван спатыкнуўся, асеў каля бярозы. Сам жа ён кінуў на зямлю сякеру, якую ў першыя хвіліны схапіў, відаць, інстынктыўна, стаяў усё на тым жа месцы і гаварыў :
Читать дальше