Кастусь Акула
Людзі й людзі…
Сяньня яшчэ не асеў прыказачны пыл… І яшчэ сьвежыя раны…
Звычайна чалавек думае эмоцыяй, значыцца сэрцам, а не мазгом. Ці, як кажуць, на гарачую руку… А гэтта, каб разабрацца ў чым справа, "гарачая рука" не паможа. Наадварот… Калі згадаць улюблёную фразу Юркі Віцьбіча: літаральна гаворачы, каб паглядзець як высокая гара, трэба ад яе на нейкую адлегласьць адыйсьціся.
Катастрофа вялікая: тэрміты ядуць падваліны Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Чужыне. Зьбянтэжаныя вернікі, - з Божае ласкі добрыя людзі, - якім ня чужыя цярпеньні і насалоды жыцьця зямнога, беларускія патрыёты й хрысьціяне, што бачаць уратаваньне сябе й паняволенага народу ў рытуале царкоўнае службы ці ў ціхай малітве да Ўсявышняга ў зацішшы, воддаль ад гоману вуліцы, ніяк ня могуць спанатрыць чаму й калі гэта пачалося.
Фармальнасьці, суды й свае й чужыя груганы-адвакаты нахлынулі пасьля. Гігіканьне чужых агентаў збоку пачулася пазьней. Прадаваць на кірмаш павалаклі ў чацьвер, а ня ў панядзелак. Памыі пачалі выносіць пасьля першага ці другога акту. А дзе шукаць вытокаў таго, што сталася?
Магчыма, што гэныя вытокі будзе лягчэй знайсьці нашым патомкам. Пыл асядзе, дакуманты царкоўныя, грамадзкія й палітычныя з жыцьця беларускае эміграцыі, спадзяюся, — калі не сатлеюць у атамнай вайне, — захаваюцца ў розных архівах. Папяровыя й фільмовыя сьляды дзейнасьці беларускае эміграцыі астануцца ў дзяржаўных архівах і ў прыватных асобаў сяньня вольнага сьвету. Пры нейкіх намаганьнях, бязь ніякае эмоцыі, можна будзе іх сабраць, упарадкаваць, вывучыць, сваё слова сказаць. Але…
На аснове дакумантаў выйдзе можа агульная, цьмяная зарыса таго, што сталася. Будуць адсутнічаць шмат якія дэталі…
Калясальнасьць характэрыстыкі падзеяў у БАПЦ й навокал яе не падпарадкуецца простай інтэрпрэтацыі таму, што будзе шмат няведамага… Наша сьціплая царкоўная, грамадзкая, палітычная й навуковая прэса, з прычыны недахопу сілаў і сродкаў матар'яльных, ледь-ледзь спраўляецца занатоўваць самыя факты. На эміграцыі зусім, як дагэтуль, адсутнічае мэмуарная літаратура. Няма каму пісаць, няма грошы на яе выданьне. А калі яе, мэмуарную літаратуру, лічаць удабрэньнем гісторыі, дык які будзе плён нівы бяз гэткага ўдабрэньня?
Гаворачы пра ўспаміны, якіх у нас, на эміграцыі, амаль няма ў сьціплых беларускіх бібліятэках, маю наўвеце ўспаміны найперш пра людзей. Жывых людзей, дый тых, што ўжо адыйшлі. Пра іх характары, навыкі, цноты, недахопы, заганы, сацыяльнае паложаньне, уроджаныя здольнасьці, пагоню за грашмі ці нэгацыю матар'яльных здабыткаў. Пра іх сем'і, зносіны, становішчы ў чужых грамадзтвах, дый найбольш іхныя адносіны да беларускага жыцьця на эміграцыі ўва ўсіх яго відах. Калі гэтага ўсяго няма, дык як тыя, што прыйдуць пасьля нас, змогуць адно на аснове пакінутых архіваў ці ў бальшыні суб'ектыўна-прапагандовае прэсы адтварыць такі важны пэрыяд зь гісторыі нашай эміграцыі, а таксама беларускага народу?
Крызіс у БАПЦ пачаўся не ад фармальнасьцяў, а ад людзей. Галоўных і пабочных актораў на арэне зьявілася ня так многа. Варта было-б зірнуць прынамсі на галоўных, трымаючы на ўвазе, што ня ўсе, але шматлікія зь іх дзеялі з чыста прыватных і суб'ектыўных матываў.
Некалі выдатны й ахвярны Алесь Грыцук, калі не хапала ў нас, у Канадзе, сілаў, каб падпрэгчы да нацыянальнай працы, любіў паўтараць: — А да нашага берагу нічога добрага ня прыплыве, адно трэскі…
Характэрыстыка тых, што прыплывалі, дасканалая.
Толькі трэскі…
Дзе й калі яны мелі вучыцца, гадавацца, гартавацца, шліфавацца? Раней чужая нечысьць душыла ўсё беларускае, а пасьля секла вайна тое галоўнае нацыянальнае дрэва… Трэскі апынуліся ў Заходняй Эўропе, за акіянамі… А некаторыя з трэсак ужо й шашалем паточаныя, гнілыя й цьвілыя…
У эміграцыйную грамадзкую, палітычную ці царкоўную калясьніцу падпрагалася тое, што пад рукой было, што так ці накш, навет і дэклярацыйна, да працы хінулася. Свой свайго галубіў. Клікалі ўсіх на помач. Дзе там выбіраць будзеш! Гэта было латаньне дзірак. Добрага, цэльнага, маральна ўзгадаванага, веруючага, адданага народу й ахвярнага, таго, што на зарэз патрэбна было, безь якога аніяк нічога ня збудуеш, — хоь ты плач! — ніяк не хапала.
І прыраўнуйце такое "багацьце" людзей, у вялікай меры палітычна зусім прымітыўных, з тымі заданьнамі, якія перад імі стаялі: будаваць Царкву, грамадзкае жыцьцё, а значыцца эміграцыйныя беларускія фінансавыя, палітычныя, рэлігійныя, навуковыя й культурна-асьветніцкія інстытуцыі. Бязь іх, гэткіх вось інстытуцыяў ды асабліва бяз свае прэсы ня будзеш у чужым сьвеце голасам паняволенага народу, які змагаецца за сваё вызваленьне.
Читать дальше