Клаўдзя Гоцко — адзіная кабета ў гэтым працэсе — была сэкрэтаркаю аднаго з камітэтаў "Грамады", але не агітавала за зачыненьне польскіх школаў.
Якімовіч — вёў культурна-прасьветную працу, каб дапамагчы зьніштожыць антаганізмы, якія дзеляць польскі і беларускі народы.
Баліцкі — іронізуе і гавора, што Беларусаў падводзяць пад бальшавікоў, можа дзеля таго, што абодва словы пачынаюцца з аднэй літары.
Калпак — у "Грамадзе" камуністычнай работы ня было.
Патоцкі — ніколі не хваліў савецкіх парадкаў, будучы-ж у крытычным матэрыяльным палажэньні стараўся залажыць школу, каб астацца ёй вучыцелем.
Якубчык — ніколі не належаў да К.П.З.Б.
Суўкіля просіць звольніць яго з вастрогу, бо ён— 100% інвалід.
Варанковічы цьвердзяць, што ніколі не належалі да "Грамады".
Даніловіч vel Кулага просіць вычыркнуць яго псэўданім.
Каліна-Каліноўскі запярэчвае закіды акту абвінавачаньня аб шпіёнстве.
Карніловіч расказвае аб забойстве Івашкевіча, з якога вынікае, што Івашкевіч у часе п'янства сам перавярнуўся на падлогу і разьбіў сабе голаву.
Іншыя абвінавачаныя будуць даваць выясьненьні пры дапросе сьведкаў.
На гэтым закончыўся чацьвёрты дзень працэсу.
Воля Працы, №4, 22 сакавіка 1928.
Другі, трэці і чацьвёрты дні прысьвечаны чытаньню акту абвінавачаньня. ... пяройдзем да пятага дня працэсу, у які пачынаецца дапрос сьведкаў.
Першым сьведкам якога дапытываюць, зьяўляецца М. Ясінскі, б. начальнік акруговага сьледчага ўраду ў Беластоку. Пасля прысягі сьведка кажа, што пасьля ліквідацыі КПЗБ у Беластоку быў камандыраваны ў турму, дзе сядзеў Гурын, арыштаваны пры ліквідацыі КПЗБ Гурын захацеў пагаварыць з афіцэрам паліцыі. За гэта ўзяўся сьведка Ясінскі. Гаварыў ён з ім у працягу 3 месяцаў. На аснове гэтых гутарак сьведка кажа, што Камінтэрн пастанавіў арганізаваць КПЗБ і выкарыстаць нац. меншасьці ў Польшчы дзеля сусветнай рэвалюцыі. Дзеля гэтага было пастаноўлена стварыць Беларускую Сялянска Работніцкую Грамаду, N.P.Ch. і лявіцу P.P.S. У 1925 г. адбылаcя канфэрэнцыя ў Гданску, на якой быў Тарашкевіч. У кантакце з камуністамі, кажа Ясінскі, былі Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла, а Астроўскі быў кур'ерам. Так у кантакце з КПЗБ вялася ўся праца Грамады. У такім духу гаворыць сьведка Ясінскі ўвесь час, апіраючыся на тое, што сказаў яму Гурын, і на тое, што ён высачыў пры помачы тайнай паліцыі. Калі-ж абарона (адв. Сьмяроўскі, Дурач) дамагаюцца канкрэтных дадзеных у справе лучнасьці Грамады і КПЗБ — сьведка Ясінскі адказаць затрудняецца.
Далей дае паказаньні сьведка Патрэба, аўтар ліста да свайго брата, што жыве ў Савецкім Саюзе. У лісьце ён гаворыць аб былым тэроры ў Польшчы і просіць прыслаць 500 зл. на аплату адміністрацыйнай кары. Як высьвятляе пракурор Калапскі, сьведка Патрэба сядзіць у турме і мае справу па 102 арт. К. К., што сьведка на паказаньні ў сьледчага судзьдзі сцьвердзіў кантакт Грамады з КПЗБ.
Дук Антон усе паказаньні супраць Нікіфароўскага апірае не на тым што сам чуў, а кажа, што казалі Шульгі аб Нікіфароўскім.
Асьпірант паліцыі Васілеўскі гаворыць аб пашырэньні Грамады ў Віленшчыне. Свьвярджае кантакт Грамады з лявіцай ППС. На прэсу выдана 190 000 зл. Кіраваў прэсай Луцкевіч пад наглядам Гурына і Лагіновіча. Аднэй з пляцовак, падпіраючай Грамаду быў і мэтодызм. "На Маланку" даваў грошы Інбелкульт у Менску. Дзеля змучанасьці сьведкі — суд адкладвае справу да чароднага дня.
Сялянская Ніва, №23(170), 14 сакавіка 1928.
Пяты дзень працэсу — 28 лютага. Дапрос пракурорскіх сьведкаў.
Перад распачацьцем паседжаньня Суд абвесьціў рэзалюцыю адносна прыняцьця дадатковых сьведкаў, аб чым старалася абарона. Суд пастанавіў паклікаць толькі тых сьведкаў, паказаньні якіх маюць істотнае значэньне для справы, між інш. Тугута і Касмоўскую. Пачынаецца дапрос сьведкаў. Першым дае паказаньні былы начальнік Акружнага Сьледчага Ураду ў Беластоку.
Ясінскі Мар'ян. Ён гавора, што пасьля арыштаваньня Ц.К.К. у Беластоку, стварылася новая "пяцёрка" ў Вільні з Тарашкевіча, Цьветкова, Каплана, Бабровіча і Марцінчыка. У гэтым часе быў арыштаваны Міхал Гурын, каторы пажадаў даць рэваляцыйныя інфармацыі. Пракуратура паслала ў вастрог яго, Ясінскага, катораму Гурын выясьніў:
Пасьля II зьезду камуністычнае партыі ў Маскве пастаноўлена выкарыстаць нацыянальныя меншасьці ў Польшчы для масавай працы. Бачачы, што сялянства неахвотва адносіцца да канспірацыйнай працы, пастаноўлена стварыць легальныя партыі, як: NPCh, Б.С.Р.Г. і РРS-лявіца, у каторых кіраўніцтва занялі-б людзі верныя Комінтэрну. На канфэрэнцыі ў Данцыгу высунута Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Мятлу і Валошына для працы ў "Грамадзе", якія забавязаліся вясьці працу згодна інструкцыяў з Масквы і не перашкаджаць NPCh. Астроўскі быў лучнікам з "Крэстінтэрнам" і атрымліваў для Банку грошы ад Баліна ці Ульянава. Валошын быў кіраўніком дзейнасьці МОПР-у.
Читать дальше