Кожны дзень працэс пачынаецца ад 9 раніцы да 9 вечара, з перарывам на абед.
Падсудныя абедаюць тамака, ў памяшканьні Суда.
Настрой ў іх супакойны. На судзе трымаюцца аольна і рэчова бароняць сябе. Некатарыя бароняцца ў польскай мове.
Г. К.
Воля Працы, №5, 28 сакавіка 1928.
Пасьля адзінаццаці дзён перарыву на час выбараў у Сойм і Сэнат працэс узноўлены 12 сакавіка, ад 12 гадз. Старшыня суда абвясьціў, што пратакол прабегу суда да перарыву блізкі да канца, і што хутка староны змогуць пазнаёміцца з ім. Пратакол займае 56 старонак друку.
Пакуль пачаць дапытваць пакліканага на гэты дзень сьведку Д. Пятроўскага, старшыня прапануе дапрасіць сьв. Я. Бушмана, які толькі-што вышаў з турмы, дзе адбываў адміністрацыйную кару за стараньні перайсьці граніцу, за ўдзел у нелегальным сходзе, за ўхіленьне ад вайсковай службы; Сьв. Быў сэкратаром гуртка Грамады ў Стаўпецкім павеце. Калі яго затрымалі на граніцы, знайшлі пры ім сяброўскі білет Грамады і больш ніякіх дакументаў пры ім ня было.
Судзьдзя Борэйка: А ці сьведка ў часе пераходу граніцы меў польскі пашпарт?
Сьв. ня меў бо забралі яго бальшавікі, калі быў на савецкім баку ў 1925 г. больш нічога важнага сьведка ў справу ня ўносіць.
Далей ідзе дапрос сьв. Домініка Пятроўскага, кіраўніка аддзелу бясьпечнасьці ваяводзкага ўраду. Гаворыць ён аб камуністычным руху, да якога адносіць і "Грамаду". Успамінае пастановы III Зьезду ПКП (Польскай Камуністычнай Партыі), што адносяцца да арганізацыі вызвольнага руху сярод беларусаў. Рух гэты меў прыгатаваць сялянства да камуністычнага ладу. Зьезд П.К.П., праклямуючы адарваньне тэрыторыяў, прызнаў за патрэбнае ўтварыць партызанку. Даказвае, што "Грамада" зусім не хацела апекавацца беларускім нацыянальным рухам і кіраўнікі "Грамады" ня цікавіліся беларускасьцяй яе. Сьв. бярэцца далей аналізаваць праграму "Грамады". Супроць гэтага выступае абарона.
Адв. Сьмяроўскі: Сьведка гаворыць, як экспэрт, а не як сьведка. Абарона сама патрапіць аналізаваць праграму "Грамады" і бяз сьведкі.
Суд радзіцца ў гэтай справе, пасьля чаго старш. прапануе сьв. гаварыць далей.
Далей сьв. цьвердзіць, што праграма "Грамады" на першы плян выстаўляе сацыяльныя мамэнты. Абяцанка аб тым, што праца "Грамады" будзе вясьціся ў рамках канстытуцыі — ня была датрымоўвана, бо пры працы было шмат адміністрацыйных караў. Падкрэсьлівае сьв. і міжнародны характар "Грамады", бо жыды бралі ўдзел у дэманстрацыях, ладжаных Грамадой, як напр. у часе дэманстрацыі ў салі "Helios" п. Тарашкевічу рабілі авацыю. Кажа, што шмат выдатных сяброў КПЗБ былі ў Грамадзе, што выступленьне Грамады 14 сьнежня перад Лукішкамі мела вялікае значэньне для Камінтэрну, бо савецкія газэты пісалі аб гэтым. У такім духу сьв. далей гаворыць аб шкоднасьці "Грамады".
Пераходзячы да абгаварваньня працы Грамады ў войску, сьв. просіць суд, каб зрабіць загад, каб суд адбываўся пры зачыненых дзьвярох. Суд просьбу прыймае паўгадзіны часу справа вядзецца пры зачыненых дзьвярох, пасьля чаго абвяшчаецца перарыў на абед. Пасьля абеду суд ішоў пры зачыненых дзьзярох.
Воля Працы, №5, 28 сакавіка 1928.
Дзень гэты быў прысьвечаны дапросу сьведкаў. 6 з іх адказываюць з вастрогу, бо сядзяць як абвінавачаныя па 102 арт. К. К.
Не зьявіліся сьв адв. Андрэеў, (прабывае ў Луцку на судзе) і Вільчынскі.
Уваходзіць сьв. Бах, рефэрэнт Мініс. Унутраных Спраў па справах "вывротовага руху". Паказаньні яго апіраюцца на вестках высланых з паадзінокіх ваяводзтваў у Міністэрства, тым больш, што сьв. ня робіць уражаньне чалавека беглага ў справах, а навет робіць уражаньне чалавека мала інтэлігентнага. Гаворыць аб сутычнасьці Грамады з КПЗБ.
Сьв. Бандровіч Макар адзін з арыштаваных за належаньне да КПЗБ (Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі). Запярэчвае ён перадусім, што належыў да КПЗБ, кажучы, што належаў толькі да "Грамады". Нязгоднасьць цяперашніх паказаньняў з паказаньнямі ў сьледчага судзьдзі, калі сьв. прызнаўся, што быў сябрам ячэйкі КПЗБ у Сініцы, высьвятляе тым, што тады яго біла паліцыя, дык, каб уратаваць сябе ад далейшых пабояў, змушаны быў прызнацца да таго, што яму падказвалі.
На пытаньне судзьдзі Барэйкі, чаму ўступіў у "Грамаду", адказвае, што ўсе ўступалі ў "Грамаду" дык і ён уступіў, тым больш, што "Грамада" была левай партыяй, партыяй працоўнага люду.
Сьв Гедройць, б. войт Забрэскай вол., Валожынскага пав. кажа аб тым, што ўплывы "Грамады" спрычыняліся да ненармальнай аплаты падаткаў.
Читать дальше