Падсуд. Луцкевіч складае пасьля выясьненьне, што паперу і фарбы давала ім (Ластоўскаму, Яну і Антону Луцкевічам) за грошы нямецкая Preszestelle; праз паўгодзьдзе немцы дазволілі выдаваць "Гоман" кірыліцай (адначасна выдавалася газета і лацінікай; карэктарам пры лацініцы быў сьпярша Аляхновіч, а пасьля Я Станкевіч, на якога карэктара немцы давалі 75 мар.; іншыя выдаткі былі пакрываны, дзякуючы дапамозе беларускага грамадзянства).
Сьведкі Аврэйцэвіч і Стэповіч, працаўнікі друкарні ім. Фр. Скарыны паказваюць якія газэты і брашуры ў гэтай друкарні друкаваліся, колькі вынасіў поўны наклад 1 000 экз.; пры гэтым Стэповіч зазначае, што найчасьцей замаўляў Бурсэвіч, які і аплачваў рахункі і што часта былі залегласьці з выплатай грошаў.
Сведкі: Дойліда і Шыла (былы рэдактар), прыслалі ў пісьме свае паказаньні. Апошні зазначае, што Луцкевіч падаваў у газэту толькі навуковыя артыкулы.
Сьведку Грышкевіча закідае пракуратар пытаньнямі, на якія ён адказвае, што як ён быў студэнтам у Празе (Чэхія), прыяжджаў туды Тарашкевіч, але паміж студэнтамі не выступаў, ня быў на ніводным студэнцкім сходзе; ён-жа (Грышкевіч) бачыўся з ім зусім прыватна.
Сьведка Лапінская, адміністратарша друкарні "Pax" падае, што поўны наклад на 2 000 экзэмпляраў газэты «Narodny Zwon» каштаваў ня больш 160 злотых.
Сьведка д-р Дварчанін Ігнат. На запытаньне судзьдзі "што пан ведае ў гэтай справе", адказаў: "ведаю, што дзеецца крыўда, дзеля таго, што сядзяць тутака тыя людзі..." за што старшыня заклікае яго да парадку.
Судзьдзі: "пан цяпер ёсьць паслом, з якой лісты?" З лісты № 39 у Наваградчыне. Ці гэта ліста грамадаўская? Гэта сьпісак: "Змаганьне за інтарэсы сялян і работнікаў".
Далей гаворыць што ён вучыўся ў Унівэрсытэце ў Празе Чэскай, дзе ўваходзіў у лік студэнтаў-беларусаў, яна налічыла 110 сяброў. Па прыезьдзе з Прагі ў Вільню ўступіў у "Грамаду", бо бачыў на чале яе людзей, "якія былі сапраўднымі павадырамі беларускага руху", якіх ведаў раней і верыў ім. Уступіў у "Грамаду" і таму яшчэ, што сюды, як да лэгальнае партыі, належаў амаль ня ўвесь беларускі народ і што ідэалёгія "Грамады" ня была ў супярэчнасьці з яго ўласнымі грамадзкімі пераконаньнямі.
На запытаньні судзьдзі, ці ведаў у Празе студ. Цьвяткова, Бабровіча і Макоўскага — сьведка адказвае, што ведаў добра. Цьвяткоў належаў зразу да Беларуск. Студэнцкага Саюзу, потым перайшоў у Расейокі Камітэт. У Вільні бачыўся толькі з Макоўскім.
Падсуд. Рак-Міхайлоўскі пытае сьведку, калі жыў (Дварчанін) у яго, то якой мовай гаварыла яго сям'я і ці меў ён асабістага сэкрэтара, на што Дварчанін адказвае: толькі беларускай, а сэкрэтара ніякага ня было.
Сьв. Камэрмахэр, кіраўнік друкарні Клецкіна і I. Левін — уласьнік друкарні (Нямецкая вул., 22). Апошні зазнае, што тут друкаваліся ад пачатку існаваньня "Грамады" газэты, прамовы паслаў і адзін раз партыйныя білеты. Пры гэтым кошты за 1 000 экз. газэты вынасілі 140 зл., далейшыя 1 000, толькі 20 зл. (папера і клішэ даваліся заказчыкамі). У 1926 г. друкаваліся 1 000 экз. газэты, пасьля 2 000 — 2 500.
Сьв. Кузьма Крук, радны места Вільні, былы скарбнік цэнтральнага гуртка "Грамады". За пасаду грошы не атрымоўваў, а працаваў ганарова. У справе выбараў да мястовай Рады прызнаецца, што яго запрасілі жыдоўскія і некаторыя работніцкія арганізацыі прыняць удзел у выбарчай акцыі, на што ён згадзіўся і быў сэкрэтаром Агульнага Камітэту; рэпрэзэнтаваў агул Беларусаў, якія ішлі на выбары пад адным сьцягам; пры гэтым тлумачыць нязгоднасьць паміж паказаньнямі ў судзьдзі сьледчага і тут.
Сьв Лукашэвіч сэкрэтар Віленскае Беларускае Гімназіі, былы сябра Нагляднае Рады Беларускага Банку гаворыць аб гімназіі, рэмонтах, якія там адбываліся, хто калі быў дырэктарам, што гімназія ўтрымоўвалася (і ўтрымоўваецца) з вучнёўскіх аплатаў, з субвэнцый Т-ва Беларуск. Школы і ахвяраў. Будучы сябрам Нагляднае Рады Банку ад яго залажэньня, падае, што фундацыйным падставовым капіталам Банку былі ўклады паслоў. Галоўнымі дахадовымі пазыцыямі Банку былі транзакцыі пераказавыя з Банкам у Рызе. Пазычкі мог атрымоўваць той, хто выказаўся маемасьцю (пасьведчаньнем). Высокасьць пазычак даходзіла да 30 дал., пры гэтым часта былі такія моманты, калі ў Банку адчуваўся брак грошаў.
Аб Астроўскім гаворыць, як аб чалавеку багатым і што ён ад 1924 г. быў дырэктарам Белар. Гімназіі ў Вільні. Сям'я яго жыла ў Радашкавічах да 1926 г., куды ён езьдзіў падчас вакацыяў; у 1926 г. перанясьліся яны ў калёнію калеёвую (вярсты 2 ад Вільні).
Сьв. Маразовіч, выдавец "Маланкі", у некалькіх словах, гаворыць ён аб "Маланцы": што выходзіла эгзэмпляраў ад 1 500 да 3 000, і што кошты аднаго выданьня былі ад 400 да 450 зл.; ганарары за аўтарства былі вельмі малыя. На пытаньне адв. Эгтінгера, ці добра цяпер расходзіцца "Маланка", дастае адказ: "нішто, расходзіцца добра, зыск заўсёды ёсьць, бо інакш не магла-б існаваць". Аб падсуд. Астроўскім гаворыць, што яму вельмі падабалася "Маланка" і што ён (Астроўскі) напісаў нават калісь сатыру "Банк у Маскве". У справе гэтае сатыры падсудны Астроўскі дае выясьненьне.
Читать дальше