Падсуд. Валошын: ці сьведка не памятае, як я ў 12 гадз. паведаміў пана, што будзе справаздаўчы мітынг? Сьв. Не, памятаю толькі, што пан прышоў на пастарунак і шумна захоўваўся.
Старшыня суду Аўсянка: сьв. казаў у сьледчага судзьдзі, што Валошын паведаміў пану аб мітынгу.
Сьв. Боровскі, ст. пшод. апісвае мітынг пас. Валошына ў Гарадку, які адбыўся ў кастрычніку 1926 г. і на якім было прысутных каля 400 асоб. У прамове сваей Валошын называў польскую канстытуцыю правам белага тэрору, а дзяржаўны лад Польшчы — будынкам на курыных ножках. Пракурораў і судзьдзяў называў катамі, якія мыюць свае рукі ў беларускай крыві. Прыпомніў факт, калі адзін пракурор сфальшаваў дату, каб закуць аднаго вязьня-беларуса.
Сьв. Лапата войт — паказвае, што ў сувязі з узростам Грамады залягалі падаткі. Успамінае, што на вясну 1927 г. мела быць паўстаньне і што ўжо былі вызначаны беларускія ўлады, як напр. на ягонае месца нейкі Мацкевіч. Але ніякіх непарадкаў, як актыўныя выступленьні, у яго воласьці ня было.
Адв. Гонігвіль: ад каго пан чуў, што Мацкевіч быў выбраны войтам і што будзе паўстаньне?
Сьв. Чуў, цікавіўся.
Сьв. Мінковскі, канфідэнт Бельскага пав., доўга затрымліваецца над працай "Грамады" і КПЗБ. Кажа, што на абшары Белавежскай пушчы было 15 гурткоў і адна камуністычная ячэйка, якую арганізавалі Вашкевіч і Пісарэўскі — грамадаўцы. На адным з паседжаньняў ячэйкі праектавалася забойства ген. Ст. Балаховіча. Выканаць яго меўся пачаткова бандыт Бойка, а пасьля грамадаўцы Паўла і Антон Шпаковічы. Першы пад імём Рамановіча быў выключаны а ліку сяброў "Грамады", але толькі фікцыйна, каб яго ўчынак ня кінуў плямы на ўсю арганізацыю "Грамады". Забойца меўся зьявіцца ў Цэнтральны Сэкрэтарыят у Вільні, дзе атрымаў-бы 300 зл. за сваю работу. Усе перагаворы за пасярадніцтвам Вашкевіча вёў Бурсэвіч.
Пасьля пытаньняў абароны выясьняецца, што ўсе гэтыя весткі паходзяць ад Вашкевіча, які і цяпер знаходзіцца на волі, ў той час, калі яго супрацоўнікі арыштаваны. Сьведка ня можа вытлумачыць таксама, чаму Шпакевіч і Рамановіч маюць адзначаць адну і тую самую асобу.
Адв. Гонігвіль просіць суд запатрабаваць а Беластоцкага Акружнога Суду акты справы Шпаковічаў, якія датычацца арганізацыі забойства ген. Балаховіча. Суд згаджаецца.
Сьв. Нэстэровіч і Рускі нічога новага да справы ня ўносяць.
Сьв. Пожэра, канфідэнт Бельскага пав., бадаў у сваім часе Унушынскага, які быў на зьезьдзе, скліканым б. пас. Валошыным у Бельску. Зьезд не адбыўся і Валошын арганізаваў толькі канфэрэнцыю мужоў даверра. Раздаваў ім бібулу. Па выхадзе з памешканьня, дзе адбываўся сход, Унушынскага арыштавалі. Пры ліквідацыі Грамады зроблена 106 рэвізіяў і ў 15 выпадках знойдзена камуністычная літэратура, якая паходзіла ад паслоў Валошына і Мятлы. Пасьля пытаньняў абароны выясьняецца, што сьведка ня памятае зьместу адозваў, што Унушынскі быў арыштаваны не па выхадзе з памешканьня, я пасьля.
Падсуд. Мятла заяўляе, што апрача зьезду ў Ст. Беразове ён ніколі ня быў у Бельскім павеце.
Сьв. Погожэцкі, канфідэнт, бадаў сяброў Грамады ў Беластоку. Кажа агульнікова аб разьвіцьці "Грамады", паўтараючы больш-менш тое, што і ўсе канфідэнты.
Сьв. Полеўчак. пшод. кажа аб зьезьдзе ў Ст.-Бяразове, які адбыўся ў сьнежні 1925 г. На зьезьдзе былі прысутнымі б. паслы Валошын і Мятла. Упушчалі некаторых асоб, якія ня мелі сяброўскіх білетаў. Авантура паўстала ўнутры памешканьня. Мятла страляў.
Падсуд. Тарашкевіч — хто мог быць прысутным на зьезьдзе?
Сьв. — хто меў білеты.
Падсуд. Мятла — ці сьведка быў прысутным на зьезьдзе?
Сьв. — быў.
Мятла — ці сьведка не памятае, як звонку пачалі кідаць каменьні і ламаць дзьверы?
Сьведка замінаецца... і кажа, што ламалі і звонку. Мятла — асьвядчаю Суду, што сьведка гавора няпраўду.
Сьв. Шунайла і Семашка не дадаюць нічога новага.
Сьв. Жукевіч — быў пры рэвізыі ў б. пасла Валошына, якая адбылася ў кватэры пасла ў Саколцы падчас ліквідацыі Грамады. Забралі валізу і на пастарунку ў прысутнасьці камэнданта адамкнулі. Знайшлі 42 камуністычныя адозвы ў некалькіх мовах. У сувязі з гэтым суд пастанаўляе адчытаць пратакол рэвізыі.
Адв. Гонігвіль проці адчытаньня, тлумачучыся тым, што паліцыя бяз судзьдзі сьледчага ня мела права рабіць рэвізыі, а тым больш у памяшканьні пасла, які ў той час карыстаўся з нятыкальнасьці. Па нарадзе суд адчытвае пратакол.
Валошын асьвядчае, што яму быў чытаны іншы пратакол, у якім была мова аб двух знойдзеных у валізе рэвальверах, аб якіх цяпер не ўспамінаецца — дзе ж той пратакол?
Читать дальше