Я ж сустрэўся калісьці з табой на катку:
На крутым віражы падтрымаў, каб не ўпала.
Даганяў цябе потым на кожным вітку,
Але бачыць было вельмі мала.
Ты магла спатыкнуцца. Я рукі развёў.
Лёд звінеў, мітусіліся іскры ў паветры,
Мне хапіла усмешкі i некалькіх слоў,
Каб атрэсці твае заінелыя гетры.
Мы ішлі. За плячыма звіцелі канькі,
Ты смяялася, мабыць, з мае асцярогі,
Што баяўся крануцца гарачай рукі
I зірнуць на высокія ногі.
Ты, напэўна, за дурня лічыла мяне,
А здавалася німфаю, зоркай, багіняй.
Я баяўся, як толькі зіма праміне,
Лёд растане, сяброўства загіне.
...Праляцела паўвека. Расталі снягі,
Вечар буйнымі кроплямі плача.
Я адзін, i збавення няма ад тугі,
Бо на памяці — толькі няўдачы.
Маладыя услед i насустрач ідуць:
Нехта з дому, а нехта — дадому.
Хто каго, i куды, i навошта вядуць, —
Я дзіўлюся, што ўсё ім вядома.
Я ж даўно пасівелы бядую
I сваёй маладосці шкадую.
Запалю ад свечкі свечку,
I пакуль не дагарыць,
Даўнюю прадоўжу спрэчку,
Каб паспець дагаварыць
Усё, што колісь набалела,
I пакаяцца ў грахах,
Бо ізноў душу i цела
Працінае даўні страх.
Ён адхлынуў ненадоўга
З учарнелае душы,
Што калісьці веру ў Бога
Размяняла на грашы
I дрыжала дні i ночы,
Замірала на хаду,
Бо i ясны дзень прарочыў
То трывогу, то бяду.
Па наіўнасці паверыў
Снам i казкам пра дабро,
Але грымнулі у дзверы,
I зламалася пяро...
Ціха дагарае свечка,
Быццам развітальны знак,
А з самім сабою спрэчка
Не канчаецца ніяк.
Яна прыходзіла таемна, то дзяўчынка
То нёманскай русалкаю ў пакой,
Звінела жаўруком, то чарацінкай,
Да скроняў дакраналася рукой,
Нябачанаю, тонкай i гарачай,
Кранала струны чулае душы,
Прарочыла натхненне i удачы,
Пяшчотна паўтараючы: «Пішы».
Прыходзіла ў халодны мур, за краты,
I там свайго абранніка знайшла,
У змрок прынесла нечакана свята
З іскрынкамі чароўнага святла
I пахам рошчыны у роднай хаце
Пад крыкі развітальных журавоў,
З журботнай песняй i слязінкай маці
У змроку вераснёвых вечароў.
Нябачаная муза сон сагнала
I прашаптала у начной цішы:
«Жыццё ўсяго адно, i часу мала,
Таму спяшайся i пішы, пішы».
На досвітку сініцай пазваніла
У вузкае астрожнае акно.
«Мой родны кут, як ты мне мілы...»
Было ужо напісана даўно.
Радок нізаўся да радка трывала,
Прыходзіла ўсё роднае здаля,
Рука пяро упэўнена трымала
I напісала: «НОВАЯ ЗЯМЛЯ».
Інфаркты сэрца мне даўно знаёмы:
Уколы, кропельніцы i трызня,
Вішу на павуцінцы цяжкай стомы, —
Hi вуснаў, ні павекаў не разняць,
Не бачу — ў снезе ці ў лістоце вецце,
Ці на Зямлі я, ці ў дарозе на той свет,
Уверсе Сірыус, ці ўнізе Месяц свеціць,
Ці кардыёграф мой закрэсліў след.
Лячу i падаю то ў прорву, то,прыкуты,
Спрабую ўратавацца кожны раз,
Вярну сябе туды, дзе горш атруты
Калючы позірк i забойчы сказ.
Шкада расстацца з светам i сябрамі,
Яшчэ парадавацца б, нават саграшыць,
Сустрэцца б з маладымі дактарамі,
Што не заўважылі інфаркт маёй душы.
Пра боль яе i пра рубцы маўчым мы,
Бо ix нічым загоіць немагчыма.
Мінорная не моўкне нота,
Нібы даўно не чуты звон.
I адзінота, адзінота
Апошніх непазбежных дзён.
Hi дождж, ні вецер, ні спякота
Не прынясуць ружовы сон,
I адзінота, адзінота
Апошніх непазбежных дзён.
Хвалюе ўвосень пазалота:
У барвах — i дубы, i клён,
I адзінота, адзінота
Апошніх непазбежных дзён.
Зноў рупіць марная работа,
Хоць плён яе ледзь-ледзь відзён,
I не суцешыць адзінота
Апошніх непазбежных дзён.
З кожным днём адыходзім далей i далей
I не знаем, дзе суджана ўпасці,
Ты ў мой келіх хоць трошкі налі
Недапітага некалі шчасця.
Усміхніся, руку пакладзі на руку
I пачуеш удары збалелага сэрца,
Што дагэтуль не ведае, як на вяку
Дамаўчаць i дажыць давядзецца.
Читать дальше