Нідзе ніколі не лайдачыў,
Каб хоць маленькі скарб знайсці,
А шчасця так i не пабачыў
У шэрым i даўгім жыцці.
Гадоў i тыдняў не лічу я,
Бо ўжо няма чым даражыць,
I толькі аднаго хачу я —
Зірнуць, як людзі будуць жыць.
Сам-насам з лесам гавару,
А ён амаль што мой равеснік.
Я ў дол гляджу, а не ўгару
I на аблокі ў паднябессі.
На зоры i на Млечны Шлях,
ён то гудзе, нібы званіца,
То часам апануе страх,
Як толькі ўдарыць навальніца.
Маланка з громам рве лісты,
Кару да дзірвана здзірае,
A лівень спорны i густы
На струнах срэбраных іграе.
Залева хвошча i гудзе
Ў святле i ў бляску навальніцы.
Няма ратунку, i нідзе
Hi ўкленчыць i ні памаліцца.
Апошні раз ударыў гром,
I сціхла ўсё пасля «адбою»,
I кроплі звонкім серабром
Зрываліся, i сам з сабою
Лес гаманіў i мне ківаў
Зялёным да аскомы веццем.
Я таямніцы адкрываў
Яму, адзінаму на свеце.
У недасяжнай вышыні,
У неразгаданым сусвеце
Святыя душы, як агні,
У зорным небе вечна свецяць...
Да ніткі вымак i прадрог,
Пакуль грамы спраўлялі месу.
Няхай грахі даруе Бог,
Што я паспавядаўся лесу.
Мяне з маленства вабіць дальні бераг
У лотаці, у мяце i ў расе.
Ён выблісне ў туманах шэрых
I зноў знікае пакрысе.
Далёка ён за чорнымі вірамі,
Здаецца блізкім у трывожным сне,
То у вясёлкавай іскрыцца браме,
То нечакана ў змроку прамільгне.
Шукаю да яго i не знаходжу брод,
Бо у мяне заўсёды высакосны год.
Між пальцамі прасочваецца час:
Плывуць хвіліны, як сухое зерне.
Як ні трымайся, але нас
Назад ніхто ніколі больш не верне.
Спяшаемся, ляцім; не ведаем куды,
I кожны ўсё вышэй імкнецца.
А час бяжыць. Hi зерня, ні вады
Між пальцамі ужо не застанецца.
Не ведаем, чыя заслуга ці віна,
Што ўсё мінае i сысці павінна
Апошняя хвіліна. Вось яна.
А для кагосьці — першая хвіліна.
За зоркаю знікае зорка,
Не заціхае лістапад,
I на світанні вецер горкі
Даносіць палыновы чад.
Адкуль прабіліся крыніцы?
Дзе шлях у вырай, — не відаць,
Так нашай даўняй таямніцы
Ніхто не зможа разгадаць.
Як згасла нечакана свечка,
Мы не заўважылі калі,
Бо даўнюю пустую спрэчку
Ніяк дакончыць не маглі.
Змаўкалі галасы i гукі,
Здавалася, на ўсёй зямлі,
I толькі вусны, толькі рукі
Ўсё зразумець дапамаглі.
Калі душа душу сагрэла,
Я зразумеў i ўсё спасціг,
Таму, што свечка дагарэла
I мы з табой былі ўдваіх.
Майму абвостранаму зроку
Усё да дробязі відно,
Бо нас у таямнічым змроку
З'яднала хмельнае віно.
Не ведаю, каму маліцца
Асенняй ноччу без святла,
Але над намі Мілавіца
Неспадзявана узышла.
То Месяца пярсцёнак тонкі,
То знічкі першыя ўзышлі,
А мы з табой свае пярсцёнкі,
Як ні шукалі, не знайшлі.
Спытала бабуля
Відаць, не дажыву, не дацягнуся
Я да жаданае пары,
Калі шчасліва ў' Беларусі
Зноў зажывуць гаспадары,
I шчыра засмяюцца людзі,
Па свеце гоман пабяжыць,
Што радасці i ў нас прыбудзе,
Што выжылі i будзем жыць,
Што дружна зарунее ніва,
Што пацяжэюць каласы,
I будзе мой народ шчаслівы
На ўсе вякі, на ўсе часы.
Усё ў мінулым засталося,
Дарогі снегам замяло.
Бо за вясной настала восень,
А лета так i не было.
Hi адпачыць i ні сагрэцца,
Няма чым смагу наталіць,
Ледзь б'ецца змучанае сэрца,
То замірае, то баліць.
Гады, як здані, праляцелі,
А мне ніколькі не лягчэй,
Бо ад нядзелі да нядзелі
Жыць i складаней, i гарчэй.
Нам суджана ў пару крутую
Цярпець i гаркату, i зло:
То восень, то зіма лютуе,
А лета так i не было.
Радкі, запісаныя на білеце
Читать дальше