Мы ўсе яго сучаснікі i сведкі,
Як ён жыццё i лёсы перайначыў.
I нашыя нашчадкі пазайздросцяць,
Што продкі ix пры Леніне жылі,
Што бачылі той самы дождж i хмары,
Якія бачыў Ленін над Масквою,
Чыталі тыя самыя газеты,
Што Ленін кожнай раніцай чытаў.
Той самы хлеб, цяжкі, шурпаты, глёўкі,
Што еў Ільіч i мы ў дзяцінстве елі,
I пакляліся Леніну жывому
Быць гэтай клятве вернымі заўжды.
Апошні раз мы не стрымалі слёзы
У студзені, калі гулі сірэны,
I сцюжа лютавала над зямлёю,
I ўпершыню пачулі — Маўзалей.
Мы ўсе за тую зіму пасталелі
Так, як у горы сіраты сталеюць,
I сталі вочы вострымі, сухімі,
А плечы i дужэй, i трывалей.
Здавалася, што ленінская воля
I сіла перайшлі ў мільёны сэрцаў,
Што гэтай сілы, мужнасці i веры
I гэтай праўды хопіць на вякі.
Нам стала неабходна, як паветра,
Нялёгкая гарачая работа,
Бо сэнс жыцця, i нашае бяссмерце,
I шчасце пакаленняў толькі ў ёй.
Прымаюць нашы дзеці эстафету
Ад першых трактарыстаў i вучоных,
Ад сталявараў, дойлідаў, хірургаў,
Каб новым пакаленням перадаць.
Спрачаецца, працуе, марыць Ленін,
I кожны з нас, калі бывае цяжка,
К яму ідзе па мудрую параду,
Бо ён вось тут, у сэрцы i ў душы.
Ён выступае на Дваццатым з'ездзе,
Усе мы чуем ленінскую праўду,
Суровую, адкрытую, святую,
Што вучыць нас, вядзе i беражэ,
Што адкрывае нам такія далі,
Дае такую ўпэўненасць i сілу,
Такую мудрасць i такую волю,
Якая зможа ўсё перамагчы.
То свеціцца блакітнымі агнямі,
Гартуе сталь, то праз сівую сцюжу
Вядзе цяжкія гулкія саставы
Энергія жывога Ільіча.
Мы Леніна маглі б i сёння бачыць
Не ў гранітным строгім Маўзалеі,
А на трыбуне, на Чырвонай плошчы,
З заціснутаю кепкаю ў руцэ.
Ён мог бы жыць не толькі ў нашых сэрцах,
A i ў сваёй маленечкай кватэры,
Убачыць Брацк i зорныя вышыні
I слухаць бой курантаў у Крамлі.
А мы за гэты час прайсці паспелі б
Яшчэ далей, яшчэ вышэй узняцца,
Калі б хоць два ці тры дзесяцігоддзі
Ён з намі жыў i з намі працаваў.
Яшчэ ж яго паплечнікі працуюць
I выступаюць на партыйных з'ездах,
Любуюцца святочнаю Масквою.
Яшчэ яго равеснікі жывуць.
А што было б, каб Ленін жыў дагэтуль?
Нікога б мы не страцілі ніколі,
Пабудавалі б, што збудуем заўтра,
Зрабілі больш i менш перажылі б.
Магчыма, што фашысцкая навала
Не падпаўзла б да нашага парогa,
А каб адважылася, каб паспрабавала,
Ніколі б не пусцілі за парог;
Не ведалі б трывог i недаверу,
Не чулі б пра унжлагі i сіблагі,
A Постышаў, Якір i Тухачэўскі
Былі б заўсёды ў баявым страі.
Салдаты, што загінулі пад Брэстам,
Касілі б сена i стагі вяршылі,
Заводы i плаціны будавалі б
I адпраўлялі ў космас караблі.
Слупкі дагэтуль невядомых формул,
Сімфоніі i оперы пісалі б,
Карціны i натхнёныя паэмы,
Якіх за ix ніхто не напісаў.
Мы ix напішам, мы усё здабудзем,
Бы кожны сёння за траіх працуе,
Бо кожны прагне ўсё зрабіць, што трэба,
I нават немагчымае зрабіць.
Бо кожная цагліна, кожны колас,
Сагрэтыя шурпатымі рукамі
I клопатамі партыі пра шчасце,
А шчасце ў нас завецца — Камунізм.
Заўжды жыве у нашых сэрцах Ленін,
Што свет i нашы лёсы перайначыў,
Што нам адкрыў бязмежныя вышыні,
Што партыю ў баях загартаваў.
Яна — наш розум, нашае сумленне,
I праўда непадкупная, i вера,
Надзейны компас у цяжкой дарозе
I самы ясны, самы мудры зрок.
Мы ведаем, што наша пакаленне
Узыдзе на вышыні камунізма
Пад ленінскім непераможным сцягам,
I ўслед за намі пойдзе цэлы свет.
Няхай растуць спакойна нашы дзеці,
Няхай рашаюць цяжкія задачы,
Няхай працуюць, думаюць i мараць
Пра новы дзень i пра наступны век.
За ўсё жыццё я столькі слоў сказаў
I выслухаў, што ix ніхто не злічыць,
Што ix ніхто ніколі не запомніць,
Ды i ці варта ix запамінаць?
Яны знікаюць, як у полі вецер,
I галасы змаўкаюць назаўсёды,
Што мне калісьці сэрца хвалявалі
I не давалі да зары заснуць.
A ў памяці жывуць сяброў абліччы:
На ix то боль, то радасць, то усмешка,
Святыя слёзы першага кахання,
Адкрыты рот, як у нямым кіно.
Читать дальше