Род Пржэвальскіх — даўні род Перавальскіх з Віцебшчыны, як і род Дастаеўскіх паходзіць з Дастоева...
Пералічваць можна бясконца. Але варта ўспомніць яшчэ адну жанчыну, Марту Скаўронскую, якая ўцякла разам з бацькам у Ліфляндыю, дзе яе, ужо замужнюю, адшукаў Меньшыкаў, а пасля Пётр Першы ўвёў у гісторыю як царыцу Кацярыну I...
I хаця гэта не мае прамога дачынення да Слоніма, усё гэта таксама — гісторыя Беларусі...
Даўным-даўно, калі, кажуць, яшчэ і Пінска не было, нейкі багаты пан закапаў, паміраючы, скарб — шмат золата і розных дарагіх рэчаў. Пачалі шукаць людзі той скарб. Дазнаўся пра гэта Бог і па баяўся, што знойдуць золата пана, які быў у яго ў вялікай ласцы. Таму Бог ператварыў усе палі за вёскай у багністае балота, па якім нельга было ступіць...»
Гэта, вядома, легенда. Але Пінск сапраўды знаходзіцца ў нізінным месцы, на беларускім Палессі. Тут густая сетка рэчак і азёраў: Прыпяць і яе прытокі Ясельда, Піна, Бобрык з Вісліцай, азёры Пагосцкае і Палескае; у раёне знаходзіцца і канал Агінскага, праведзены гетманам Агінскім, што жыў у Слоніме, на Гродзеншчыне. Як многія беларускія гарады, Пінск, назва якога паходзіць ад рэчкі Піны, узнік на злучэнні гэтай ракі з Прыпяццю.
Паўнаводная Піна, уздоўж якой знаходзіцца прыгажэйшая частка горада, надае гэтаму гораду непаўторнасць, з ёю звязаны гісторыя і эканоміка, мастацтва і творчасць гараджан.
Менавіта непадалёк ад ракі ўзнікла першае паселішча. Раскопкі археолагаў расказваюць нам пра драўляны горад, умацаваны равамі і валамі, з вялікімі гандлёвымі сувязямі (Кіеў, Прычарнамор'е, Валынь), досыць высокай культурай. Тут знойдзены самая багатая на тэрыторыі Кіеўскай Русі і Полацкай зямлі калекцыя каляровых керамічных плітак, шмат упрыгожанняў для старажытных модніц (бранзалеты, каралі, падвескі).
Вядома ж, першае ўспомненне пра горад, якое адносіцца да 1097 года ("Аповесць мінулых часоў") і называе горад Пінескам альбо Піньскам, расказвае не пра пачатак яго гісторыі, а пра час, калі тут ужо стаяў вялікі горад, які належаў да Тураўскай зямлі, а пасля, у XII стагоддзі, стаў цэнтрам удзельнага княства, дзе развіваліся асвета і навука. З адной такой школы ў Пінску выйшаў Мітрафан-летапісец. На жаль, летапісы, ім напісаныя, не захаваліся, як не захаваліся і старажытныя мураваныя храмы, якія тут былі. А вось імёны першых князёў летапісы называюць: гэта сыны тураўскага князя Юрыя Яраслававіча — Яраполк і Яраслаў. Іх успамінаюць летапісы XII стагоддзя. Наступны, XIII век дае Уладзіміра, затым Расціслава, які ваяваў з Данілам Галіцкім, валадаром магутнага тады Галіцка-Валынскага княства. У 1229 годзе ўспомнены князь Уладзімір, які абараняў Бярэсце, а таксама трое Уладзіміравічаў — Фёдар, Дзямід і Юрый (пад самы канец стагоддзя). Вядома, Іпацьеўскі летапіс, які пра гэта расказвае, пісаўся далёка адсюль, а мясцовыя летапісы загінулі, таму пра сваю гісторыю мы даведваемся з чужаземных крыніц. Але нават з тых крыніц вынікае, як мужна ўмелі змагацца нашы продкі, як абаранялі яны сваю зямлю.
...Сюды, на Піну, прыязджалі гандляваць і ў больш познія часы, калі горад за вялікім князем Гедымінам увайшоў у Вялікае княства Літоўскае. Сын яго, Нарымунт, хрышчаны Глебам (дарэчы, няхрышчаных князёў на чале беларускіх гарадоў не было) валодаў горадам. З 1348 года вядомы як уладары Пінска ягоныя сыны Міхаіл, Васіль і Юрый, а пазней — вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч.
Гэты князь, які пазней быў забіты ў Трокскім замку (яго бацька — у Крэўскім), атрымаў вялікакняжацкі пасад воляй лёсу і болей вядомы не сваімі карыснымі справамі, а тым, што быў жорсткі і бязлітасны, а яшчэ тым, што ў 1392—1398 гадах разам з сынам быў вязнем ордэна як заложнік Вітаўта — вялікага сына нашай зямлі. Прыхільнасць да Жыгімонта каштавала жыцця мітрапаліту Герасіму, які быў спалены ў Віцебску ў 1435 годзе супернікам Жыгімонта Свідрыгайлам.
Вядомы яшчэ дзве валадаркі Пінска — княгіня Марыя з роду Алелькавічаў і каралева Бона, жонка караля Жыгімонта I Старога, якая ўтварыла на тэрыторыі Пінскага княства стараства (1539).
Каралева Бона бывала ў гэтым горадзе. Вядома з летапісаў, што разам з каралём Жыгімонтам яна была на вялікім сойме ў Брэсце ў 1545 годзе, дзе маладога каралевіча Жыгімонта Аўгуста зацвердзілі вялікім князем Літоўскім. I на тым сойме, піша летапісец, «многа было біскупаў, паноў-рад, панове-рада Вялікага княства, панята, уся шляхта харугоўная і ўсё рыцарства ўсіх зямель і княства Літоўскага, такжа было мноства людзей на тым сойме, што на абодвух баках вакол Бярэсця (Брэста) на колькі міль стаялі...» У далёкім Кракаве падпісвала Бона ўказы, што тычылі староства, але кожны гэты каралеўскі подпіс змяняў нешта ў жыцці людзей. Бона, як вядома, была з італьянскага роду Сфорцаў, мела палкую кроў і жаданне тварыць палітыку. Дамагалася ўлады спачатку ад свайго мужа, за што атрымала нелюбоў магнатаў і шляхты, нязвыклай да гэткіх жаночых памкненняў, пасля — ад свайго сына, Жыгімонта Аўгуста. Але сын не даў ёй звыклай улады (характэрная дэталь — ужо стаўшы ўдавой, яна працягвала па звычцы карыстацца чырвонай фарбай для пячаткі і чырвонымі чарніламі — як знакам таго, што яна ўсё роўна валадарка). Пінскам яна цікавілася пастаянна, пра што сведчыць шмат дакументаў.
Читать дальше