– Я б цябе з радасцю прыдушыла, каб ты ведаў. Хіба што… у цябе ёсць якая ідэя, каб узнагародзіць мае пакуты.
Ён павольна зняў падушку з твару. Надзя стаяла на каленях побач з ім, апусціўшы рукі. Шырокія лопасці вентылятара ляніва круціліся, пераразаючы святло, што падала праз прастакутнае мансарднае акно і клала на твар, грудзі, жывот і сцёгны Надзі рухомыя спіралі ценяў. Яе вочы то з’яўляліся, то знікалі. Якубу здавалася, што яны ўсё павялічваюцца і блішчаць усё мацней. Блішчалі і прадкі яе валасоў, намоклыя ад поту.
Як ён любіць яе валасы… Доўгія, густыя, цёмна-мядовыя зімой і ўсе ў пералівах колеру сухога коласа летам. Любіць, калі яна забірае іх уверх, блізка да скуры – а потым заплятае ў патройную касу. Любіць глядзець на яе, калі яна расчэсваецца. Гэта робіць яго ціхамірным і спакойным. Чароўна гіпнатызуе. Часам Надзя перавязвае касу шырокай атласнай стужкай, часцей за ўсё – яго любімага пунсовага колеру. Ён любіць пасмоктваць яе валасы, любіць іх пах, любіць дакранацца да іх, зарывацца ў іх вуснамі і пальцамі. І мыць іх любіць. Ён часта схіляецца над Надзяй, якая сядзіць у ванне – звычайна з кнігай у руках. І дзяўчына тут жа яе адкладае, крыху падымаецца з пены, што пахне лавандай, а ён, не кажучы ні слова, доўга і пяшчотна ўцірае шампунь у яе цяжкія ад вады пасмы, якія падаюць на плечы. Потым павольна і старанна змывае іх пад душам. Ён добра ведае, што вада мусіць быць гарачай настолькі, каб нямоцна апякаць скуру на вонкавым баку перадплечча, але не ягонай рукі. Здараецца – а апошнім часам кожны раз, – што ў пэўны момант Надзя паварочвае галаву, і вада струменямі сцякае па яе твары, збіраючыся на пагорачку прыадкрытых вуснаў. Тады ён выпускае душ, бярэ яе твар у рукі і доўга цалуе вусны, а потым шчокі, лоб, павекі. Бывае, Надзя ў бяспамяцтве зацягвае яго ў ванну, таму цяпер ён стараецца загадзя даставаць з кішэні тэлефон і партманет: з тае пары як ён пачаў масіраваць Надзі галаву, загінулі ўжо тры тэлефоны.
Яе валасы… Яго фетыш. Магічны.
З таго моманту як яны пазнаёміліся, Надзя распускае валасы толькі для яго. Ён ведаў, што яго чакае, калі яна выходзіла з ваннага пакоя з распушчанымі валасамі. І ніколі не памыляўся.
Хаця гэта пераважна ён яе «разнявольваў», як яна сказала аднае ночы. Часцей за ўсё – калі яны кахаліся. Выпусканне валасоў на свабоду было інтымным момантам, які меў права спазнаць толькі ён, Якуб. Так было і так ёсць. Толькі ён. Як адзіны ў свеце мужчына. Здаралася, гэта нагадвала рэлігію, якую ён апошнім часам недалюбліваў, але чаго ўжо там…
Апроч загару ён убачыў лёгкі сып у яе на скуры крыху ніжэй за шыю. Калі Надзя ўзбуджалася – не толькі сэксуальна, хаця перадусім так, – у яе з’яўляўся сып. Дактары казалі, што гэта фізіялагічная рэакцыя – на рэзкае павышэнне ўзроўню адрэналіну ў крыві, рэакцыя, відаць, не такая ўжо рэдкая, а ў жанчын – дык і даволі пашыраная. Надзя яе не так саромелася, як баялася, бо лічыла, што калі нехта заўважыць сувязь паміж яе сыпам і ўзбуджэннем ці хваляваннем, то зможа неяк выкарыстаць гэтыя веды. Супраць яе. Такая вось дзівачная тэорыя змовы, здавалася яму. І гэты сып у яе на скуры для Якуба мог быць альбо вельмі добрым, альбо вельмі кепскім знакам. Ён дакладна ведаў, калі спрэчкі з Надзяй набліжаюцца да мяжы, за якой выбухае сварка, – дастаткова было прыгледзецца да яе шыі і дэкальтэ.
Але цяпер, заўважыўшы пачырваненне, што пачыналася адразу пад падбароддзем і заканчвалася нераўнамернымі плямамі там, дзе ўздымаліся грудзі, ён не быў упэўнены ў яго прычыне. Усхвалявалася ад жарту пра маці? Ці, можа, узбудзілася? Яна сядзела на ім вярхом, ён адчуваў яе цяжар на сцёгнах. Засунуўшы ў рот пасмачку валасоў, яна глядзела Якубу ў вочы, нервова пасмоктвала яе і маўчала. І раптам падскочыла, злезла з ложка і падышла да акна. Потым вярнулася, падняла з падлогі яго кашулю, прыкрыла ёю азадак, абвязала вакол таліі і, не сказаўшы ні слова, выйшла на балкон, зачыніўшы дзверы.
Павольна спаўзаючы з ложка, ён бакавым зрокам ухапіў кнігу, што ляжала на падушцы. Схапіў яе і злосна шпурнуў у кірунку металічнай сметніцы пад пісьмовым сталом. Кніга паляцела занадта высока, урэзалася ў корпус камп’ютара, адскочыла і, падаючы на стальніцу, скінула фатаграфію ў драўлянай рамцы. Ён не ўстаў, каб яе падняць. Так і сядзеў нерухома, утаропіўшыся ў павольныя лопасці вентылятара.
Ён няшмат расказваў ёй пра сваё мінулае, гэта праўда. У параўнанні з няшчасцямі, якія зазнала яна, яго жыццё выглядала ідылічным – прадказальнае, нуднаватае і, не лічачы адной шчанячай драмы, якую ён з усіх сіл намагаўся забыць, не вартае таго, каб пра яго расказваць. Да таго ж Якуб не адчуваў, што нешта павінен ці да чагосьці змушаны, бо побач з Надзяй сам усяго хацеў. І гэта было, на яго думку, самае цудоўнае ў іх стасунках. Ну і што магла значыць яго біяграфія, калі значэнне мела толькі Надзя? Для яго адлік часу пачаўся летась на Каляды. І ў той самы вечар пачалося яго мінулае, апавядаць пра якое сэнсу не было, бо Надзя сама яго цудоўна ведала. З першай хвіліны. Іх першай хвіліны разам…
Читать дальше