– Ён заўважыў мяне. І калі пачаў паволі набліжацца, я імгненна забыла пра Бога і пра ўдзячнасць, пра тое, што з размазаным макіяжам і вялізным кровападцёкам на руцэ выглядаю як скончаная наркаманка. Захацелася ўскочыць з лаўкі і бегчы да яго. Дакрануцца да яго. І толькі тады паверыць канчаткова.
Але я не здолела. Ногі нібыта прыраслі да мармуровай падлогі.
Можа, да лепшага? Можа, у гэтым быў нейкі план? Жанчына не павінная бегчы да мужчыны. Нават калі закаханая. Асабліва калі закаханая.
Памятаю, што, калі ён падышоў да маёй лаўкі і паглядзеў на мяне сваімі вялізнымі сумнымі блакітнымі вачыма, я прыклала палец да вуснаў, просячы нічога не казаць. А потым… – жанчына ўздыхнула і запаліла чарговую цыгарэту. – Потым ужо толькі…
Раптам у гасцёўні запалілася святло. Яна сціснулася. Праз імгненне пачуліся крокі. Жанчына паспешліва раздушыла цыгарэту аб кубікі лёду ў шклянцы і схавала яе паміж ног, накрыўшы начнушкай.
Яго абудзіла хваля цяпла. Нейкая дзіўная, бо яму здавалася, што гэтае цяпло дакранаецца толькі да ягонай спіны. Павекі павольна падняліся. Вясёлкі, падумаў ён, жмурачыся. Мноства маленькіх вясёлак, накладзеных адна на адну. Што за фігня? Так, яны ўчора курылі траву, але не тое каб шмат. Дакладна не столькі, каб кайфаваць да раніцы. Адзін касяк на нос, не больш. На сярэдзіне свайго Надзя расшпіліла кашулю і зняла станік. Ён памятае ўсё, што рабілася адразу пасля гэтага, але як яны дабраліся да ложка, не памятае зусім. Зрэшты, не ўпершыню.
З ёю яму зусім не была патрэбная трава, каб ад’ехаць падчас сэксу. Аднойчы яны кахаліся ў па-дэкадэнцку вялізнай ванне ў нейкім пафасным варшаўскім гатэлі ля вакзала. У яго тады вочы на сто восемдзесят градусаў закаціліся. Проста ўнутр галавы. Страшнаваценька, калі ўявіць такое ў іншых абставінах, але тады, у той ванне, так і было. Ён глядзеў у вочы самому сабе! І гэта быў не адбітак у нейкім там люстэрку. У свае ўласныя вочы! І бачыў у іх абрыс Надзінай галавы паміж сваімі нагамі, расплывісты і невыразны ў сваёй дваістасці. Ён тады зажмурыўся. Вельмі моцна. І для пэўнасці прытрымаў павекі кончыкамі пальцаў. Хацелася вярнуцца ў рэальнасць. Хацелася бачыць тое, што робіць Надзя, без усялякай дваістасці. Бо няма на свеце апіятаў, здольных параўнацца з яе ротам…
Ён шырока расплюшчыў вочы і колькі часу ляжаў нерухома, збіраючыся з думкамі. Гэты россып вясёлак – усяго толькі оптыка. Вось яно! А ніякі не падоўжаны кайф. На скуры Надзі высыхалі кроплі вады. Яны ўтварылі мікраскапічныя воблачкі пары, і святло расшчапілася. Як у прызме. Як у небе пасля дажджу. Прызмаў шмат, вось і вясёлак таксама. На яе спіне, азадку, сцёгнах. А дотык цяпла, які ён адчуў? Звычайная тэрмадынаміка. Ужо тыдзень на дварэ трапічная спёка, таму Надзя прымацавала танны кітайскі вентылятар, куплены на распродажы, да касой столі ў пакойчыку на паддашшы. Ён сам дзіравіў вагонку, чапляючы гэтую пачвару. Вялізны вентылятар працаваў хвілін пятнаццаць, а потым толькі ляніва варушыў лопасцямі, з цяжкасцю прадзіраючыся праз нерухомае, густое, нібыта жэле, паветра. Лопасці былі такія вялікія, што сягалі сярэдзіны мансарднага акна. І, круцячыся, кідалі на яго цень. Вось вам і дотык.
Ён разглядаў Надзіны спіну і азадак. Пры тонкай таліі дупка выглядала нібыта прыклеенае да цела і перарэзанае вузкай шчылінай сэрца. А проста над ёю віднелася выпукласць. Нармальная такая, нібыта эвалюцыя пакінула зашмат ад малпінага хваста. Яму гэтая выпукласць шалёна падабалася. Ён дакранаўся да яе кончыкамі пальцаў, цалаваў, лізаў, прыпадаў да яе вуснамі, дыхаў на яе. Часам асцярожна прыкусваў там скуру з ледзь бачнымі светлымі валаскамі, якія пасля гэтага нібы па камандзе падымаліся ўверх. Надзя пачынала гучна дыхаць, круціць сцёгнамі і шаптаць сваё салодкае: «Якуб, што ты зноў са мной зробіш…» Не «робіш», а менавіта «зробіш».
Ён бясшумна споўз уніз па прасціне, дакрануўся вуснамі да маленькай вясёлкі на выпукласці і шапнуў:
– Добрай раніцы, каханая.
Яна рэзка павярнула галаву. Безуважна паглядзела на яго. У яе вачах ён заўважыў слёзы.
– Чаму ты плачаш? Што такое? – спытаў ён, кленчачы над ёю.
Яна павярнулася на спіну і прыкрыла грудзі разгорнутай кнігай. Доўга не адказвала, пяшчотна гладзячы яго па шчоках і вуснах кончыкамі пальцаў.
– Гэта ўсё кніга, – шапнула яна неўзабаве.
Краем вока ён зірнуў на патрэсканую і месцамі патрапаную аранжава-карычневую вокладку, на якой цалавалася пара.
Читать дальше