Надзя не лаялася нават у такіх сітуацыях. Прынамсі не па-польску. Калі ж яна пачынала лаяцца па-нямецку – вельмі рэдка і толькі па-нямецку, – гэта значыла, што вытрымка пачынае ёй здраджваць, што нешта ў ёй рвецца, што яна наблізілася да нейкай мяжы ці перашкоды. Не чакаючы адказу, Надзя павярнулася да Якуба спінай і дадала:
– Чаму так? Чаму ты не пускаеш мяне ў сваё мінулае? Раскажаш ты мне ці не?
– Бо… бо ты ў мяне пра яго не пытала, – спакойна адказаў ён.
– Ах так? А можа, я думала, што нельга! З павагі да цябе і твайго права на прыватнасць. Не выпытваць. Чакаць, пакуль сам раскажаш. Цярпліва чакаць. Ты пра гэта не думаў? А раптам гэтая мая нецікаўнасць сведчыла пра нешта трывожнае? Можа, табе варта было б занепакоіцца? Раптам тое, што яна не цікавіцца маім мінулым, значыць, што яна не плануе са мной будучыні? Вось што трэба было падумаць. Бо я часта так і думала. Такой была мая логіка.
– Надзя, перастань! Прашу цябе! – абурыўся ён, павысіўшы голас. – Твая логіка не зусім лагічная. Ты цудоўна ведаеш, што я кажу табе ўсё, нават калі ты не пытаеш. Проста я думаў, што маё мінулае не настолькі цікавае і ўвогуле ні пры чым. Тое, як мы разам пражываем сённяшні дзень, гаворыць пра мае планы на будучыню нашмат больш. У тым ліку пра звязаныя з табой. Асабліва пра іх. Мая логіка іншая. І я маю на яе права, – цвёрда дадаў ён, прыпадымаючыся на локцях. – Што на цябе найшло? Ты хочаш сапсаваць нам нядзелю праз нейкую дзяўбаную кніжку? Нешта мне ўлом запаўняць анкету Пруста. Не сёння, фердамт нох маль! – тэатральна выкрыкнуў ён, перадражніваючы яе нямецкую.
Якуб цярпець не мог гэтай мовы і лічыў, што яна прыдатная толькі каб аддаваць загады. Людзям і коням.
Ён углядаўся ў яе спіну, чакаючы адказу. Надзя маўчала. Праз хвіліну ён паклаў руку ёй на азадак і, нахіліўшыся, прашаптаў на вуха:
– Каханая, ты ж разумееш, што гэтая нядзеля магла б пачацца зусім іначай?
Не паварочваючы галавы, яна спытала:
– І хто ж пісаў табе такія лісты? – і кпліва дадала: – Калі гэта не таямніца, вядома.
– Адна вельмі дарагая мне жанчына.
– Вось як? – прабурчала Надзя. – І пра што такое ўзрушальнае яна пісала?
– У асноўным пра тое, што сумуе. І што самы радасны для яе момант за ўвесь дзень – гэта той, калі яна адрывае лісток ад календара перад сном. Бо дзякуючы гэтаму ведае: чакаць мяне засталося на дзень менш. І пра тое, што часам ёй здаецца, нібыта з пад’езда даносяцца мае крокі, але да дзвярэй яна не падыходзіць, бо ведае, што пасля гэтага будзе яшчэ сумней. І што яна часта сніць мяне, і ў тых снах мы абдымаемся. Вось калі я ўсё гэта чытаў, то, бывала, плакаў, бо таксама вельмі сумаваў па ёй. Толькі ёй пра гэта пісаць не хацеў. Я быў смаркачом, і мне здавалася, што я мушу паводзіцца мужна, як рыцар. Даўно было, дурань быў. А ад рыцара меў хіба што мазгаўню як вядро, – Якуб памаўчаў. – Бо на тугу трэба адказваць узаемнасцю, – і ціха спытаў: – Ты згодная?
Надзя ляжала нерухома і не адказвала. Ён таксама змоўк.
– Як яе завуць? – раптам спытала дзяўчына.
– Агнешка Дабраслава, – спакойна адказаў ён.
– Прыгожая? Вы яшчэ стасуецеся?
– Прыгожая – гэта мякка сказана. Найчароўнейшая. Вядома, стасуемся, больш-менш рэгулярна. Апошні раз я з ёй бачыўся пазаўчора ўвечары, – адказаў ён.
– І што? – спытала Надзя.
У яе голасе ён пачуў трывогу.
– Ну як што? Пацалаваў яе, як заўсёды, – прашаптаў ён і змоўк. А потым дадаў: – Але табе няма чаго хвалявацца, яна замужам.
Надзя раптоўна адхіснулася ад яго і пачала ярасна выпіхваць яго руку з-пад сваёй шыі.
– Што здарылася, Надзя, што такое?! – тэатральна ўсклікнуў ён, прыкідваючыся расчараваным. – Я заўсёды цалую маці на развітанне, калі сыходжу надоўга. Я ж у пятніцу вечарам сышоў, а сёння нядзеля, – ён вельмі стараўся гаварыць сур’ёзным тонам. Потым прыціснуў дзяўчыну да сябе і ціха дадаў: – Ну, калі ты забыла.
Яна рэзка вырвалася з яго абдымкаў і навісла над ім. Яе калені ўперліся Якубу ў рэбры, яна маўчала, нервова кусаючы вусны. У яе позірку ён заўважыў дзёрзкую ўсмешку. І праз хвіліну Надзя з усіх сіл пачала лупіць яго падушкай.
– Ты псіх! І выдумкі ў цябе ідыёцкія! І мазгаўня як сумнае вядро! Бач якую пан рыцар гісторыю накруціў! Vivat licentia poetica! [2] Слаўся, паэтычная вольнасць! (лац.)
Сраны Рыльке Жаласных Лістоў знайшоўся! – крычала яна, бязлітасна б’ючы куды папала.
Ён закрываўся ад удараў, гучна смеючыся. Стаміўшыся, яна схілілася, накрыла яго твар падушкай і, цяжка дыхаючы, прашыпела праз зубы:
Читать дальше