– Кніга? – прашаптаў ён, прыціскаючыся вуснамі да яе запясця. І, не хаваючы здзіўлення, спытаў: – Ты плачаш праз нейкую кніжку? Ты? Такая вялікая дзяўчынка? Я думаў, ты такіх кніжак ужо не чытаеш, – у яго голасе прарэзалася насмешка.
– А канкрэтна? Гэта якіх «такіх»? – адказала яна і рэзка прыпаднялася на локцях. Кніга павольна спаўзла ёй на жывот, адкрываючы грудзі.
– Ну, такіх… такіх… – заікаўся ён, шукаючы прыдатнае слова.
У яе позірку з’явілася раздражненне, а ў голасе – нецярплівасць. Ён добра ведаў, што, калі Надзя кажа «канкрэтна» гэткім тонам, часцей за ўсё гэта пачатак спрэчкі, а то і сваркі. Спрачацца з ёю ён вельмі любіў, сварыцца часам таксама – у асноўным таму, што пасля яны цудоўна мірыліся. Але цяпер, калі яна голая ляжала побач, гэта было апошняе, чаго яму хацелася.
– Ну, назавём іх рамантычнымі, напрыклад, – дагаварыў ён і схіліўся, каб пацалаваць яе грудзі.
Але яна не дазволіла – скрыжавала рукі, уперлася далонямі яму ў лоб, падняла ягоную галаву і, гледзячы ў вочы, спытала:
– А ты? Ты ніколі не плакаў над кніжкай?
У яе голасе ён пачуў рашучасць і добра знаёмую яму задзірлівасць і спакойна адказаў:
– Нешта не прыгадваю. Хіба што над якой зусім ідыёцкай. Са злосці, што мушу марнаваць час на такую дурату, – прагучала гэта кпліва.
– Вельмі дзіўна, – ціха адказала яна, не рэагуючы на яго жарт.
– Чаму?
– Таму што ты вельмі чуллівы. Я ніколі раней не сустракала такога чуллівага хлопца, як ты. Таму і дзіўна. Вельмі.
Яна павярнулася на бок і прыціснулася азадкам да яго жывата. Колькі часу яны моўчкі ляжалі абняўшыся.
– У сваю абарону, – шапнуў ён неўзабаве, – магу сказаць, што над кніжкамі я, можа, і не плакаў, але над лістамі – так. І нават даволі часта. Калі ўжо мае слёзы падчас чытання такія важныя.
– Ты ніколі пра гэта не расказваў, – памаўчаўшы, адказала яна.
У яе голасе ён пачуў смутак. Яна рэзка павярнулася да яго і адцясніла на край ложка. Іх вочы цяпер былі на адным узроўні.
– Мы знаёмыя ўжо амаль год, спім разам, – прамовіла яна, накручваючы пасму валасоў на палец, – ты ведаеш маё цела ва ўсіх падрабязнасцях, мы ямо за адным сталом і вячэры, і сняданкі. Я распускаю для цябе валасы. Не баюся баяцца ў тваёй прысутнасці, не саромеюся ні плакаць, ні хіхікаць. Ты купляеш мне тампоны і ведаеш, якога памеру трэба. Укладваеш мяне ў ложак, калі я нап’юся. Я паказала табе свае думкі, надзеі, мары, а гэта нашмат больш, чым галізна. Маю біяграфію ад дзіцячага садка да сёння ты ведаеш так дакладна, што лёгка зрабіў бы з маіх фотак дакументальную інста-сторы. Пералічваць можна яшчэ доўга. Ты ведаеш пра мяне ўсё. І пра маю сям’ю таксама. На могілках ты запальваеш разам са мною знічы. Ты ведаеш пра мяне ў тысячу разоў больш, чым мая маці. І ведаеш гэта ад мяне, – цвёрда дадала яна, памаўчаўшы. – А я? Я, – працягвала дзяўчына, – па сутнасці, ведаю толькі тое, што ты адзінае дзіця ў сям’і, жывеш з бацькамі і паступіў ва ўнівер без экзаменаў, бо перамог у нейкай алімпіядзе. А больш я не ведаю нічога. Нібыта ў цябе зусім няма мінулага. Нібыта тваё жыццё пачалося толькі летась у жніўні, калі мы пазнаёміліся. Ты гэта заўважыў, Якуб? – ціха спытала яна і змоўкла.
Ён слухаў яе з недаверам, цалкам ашаломлены. Тое, што пачалося з нявіннага пытання, прычынаю якога быў клопат, паволі перарастала ў сур’ёзную размову пра іх адносіны. Такой рэакцыі ён зусім не чакаў.
– Ты заўважыў? Я пытаю, ці заўважыў ты, verdammt noch mal! [1] Каб цябе чэрці ўзялі (ням.) .
– усклікнула яна, павысіўшы голас, бо, задумаўшыся, Якуб доўга не адказваў.
Гэта быў знак. Недвухсэнсоўны. Апошняе папярэджанне. Надзя ніколі не мацюкалася. Ніколі. Ні калі была ў ярасці, ні калі праз няўважлівасць білася каленам аб край драўлянага крэсла, ні жартам, ні нават расказваючы непрыстойныя анекдоты. Нават выпадкова не мацюкалася. Таму цяпер гэта выглядала неверагодна. І гаворка тут зусім не пра словы на «п…», «я…» і «х…» з навамоднай вулічнай фені, бо назваць гэта слэнгам, а пагатоў мовай, цяжка. Не пра гэтую лаянку п’яніц, ды і многіх студэнтаў, тут вядзецца. Бо ёсць жа лаянка «сітуацыйна апраўданая і нават неабходная, амбівалентная, часам анірычная, а часам – і дакладная, і не замяняльная нічым годная лаянка», як казаў яго сябар – зрэшты, адзіны – Вітальд, на дадзены момант студэнт трэцяга курса паланістыкі («дзесьці ж трэба пераседзець жыццёвы крызіс»), бо ўжо трэці раз не паступіў на медыцыну, якая была яго жарсцю, у той час як «біялогія і хімія – ужо, на жаль, не». Марыка (дзяўчына, з якой Вітальд бавіў больш за ўсё часу, хаця публічна – і ў яе прысутнасці таксама, – цвярозы ці п’яны, кляўся, што не знаходзіцца з ёй «ні ў якіх адносінах, апроч сэксуальных і эканамічных») сцвярджала, што «Віткацы1 прэцца на тую медыцыну, бо хоча самадыягнаставацца як носьбіт сіндрому Аспергера і потым выпісваць сабе нейкія там рэцэпты». І ўсё ж Якуб ніколі не сустракаў пары, шчаслівейшай за Марыку і Вітальда.
Читать дальше