Існуе функцыйная тэорыя міфа, якую прапанаваў этнолаг Б. Маліноўскі. Згодна з ёю, міф ёсць абавязковай часткай кожнай культуры і стала абнаўляецца. Кожная гістарычная перамена стварае сваю ўласную міфалогію, хоць яна толькі ўскосна звязана з гістарычнымі фактамі. Падобных поглядаў трымаецца Ганна Імбс, якая лічыць, што «міф адыгрывае ў культуры пазнавальную ролю, складае цэласную сістэму, якая фармулюе тэрміны, што ўпарадкоўваюць і высвятляюць свет (…). Міф — гэта асабісты знак, які адлюстроўвае лад культуры, ажыццяўляе ў ім адначасова падзел і ўніфікацыю парадку вартасцяў і рэчаў і сферы «святога» і дасягальнага ўсім. Тэндэнцыі выкасавання міфа з культуры ёсць выяўленнем імкнення да замены сферы «святога», бо яно з'яўляецца непазбыўнаю воссю культуры. Замена сферы «святога» бурыць культурны лад… Гэта адначасова і эрозія сілаў, якія ствараюць культуру» [52].
Міф жывучы менавіта таму, што прапануе простыя адказы на складаныя пытанні. У людзей, для якіх гістарычнай навукі не існуе — а гэта датычыць не толькі першабытных грамадстваў — міф ёсць ісціна. Назваўшы нешта міфам, навуковец выяўляе крытычнае стаўленне да разгляданых веранняў або ўяўленняў. Гэтым ён аспрэчвае іхную аб'ектыўнасць і праўдзівасць. Міф — гэта тое, што даследнік лічыць выдумкай. А гэта не дапускае наяўнасці ў міфе сапраўдных падзеяў, якія даследнік мог бы пазней вылучыць.
Мае рацыю Поль Валеры, які сцвярджае, што «міф — гэта тое, што гіне пры найменшым удакладненні. Строгі погляд і катэгарычныя меркаванні, шматлікія і ўзгодненыя ўдары, якія наносіць сваімі пытаннямі жвавы розум, руйнуюць міф, прыводзячы да бясконцага збяднення свету неазначальных рэчаў і ідэяў» [53].
У кожную гістарычную эпоху абсяг міфічнага залежыць ад таго, што людзі прымаюць за «рэальнае». З развіццём навукі ён натуральна пашыраецца, бо навуковыя і філасофскія тэорыі акрэсліваюцца і мяняюць крытэры рэальнага.
Ужо грэцкія філосафы пасля Ксэнафонта называлі міфічнымі традыцыйныя апавяданні пра багоў, несумяшчальныя з запатрабаваннямі розуму. Але яны не крытыкавалі пабудовы свету, у якім адбываліся апісаныя ў міфах падзеі. З развіццём навукі і гэты свет быў далучаны да абсягу міфічнага.
У ХIХ і ХХ стагоддзях гісторыкі жорстка крытыкавалі міф. Лічылася, што ён адпавядаў дзяцінству людскога роду. Як дзеці ўваходзяць у свет казак сваімі фантазіямі, што выцясняюцца пасля сур'ёзнымі жыццёвымі ўяўленнямі, так і чалавецтва, якое яшчэ не асэнсавала сваёй магутнасці над сабою і над светам, дазваляла калыхаць сябе міфамі.
Згодна з меркаваннем П. Рыкёра, пасля «збяднення мовы», якое адбылося ў наш час, «міф узбагачае яе па-новаму», бо сёння мы адчуваем патрэбу пакінуць спусташальныя метады крытыкі і зноў «задаваць пытанні», бо міфы і сімвалы «прымушаюць задумацца» [54].
Як лічыць Ф. Рэфуле, усе міфы супрацьпастаўленыя гісторыі — апісанню мінулага. Як аповяд яны лічацца міфамі, калі падзеі, апісаныя імі, не адпавядаюць дадзеным гістарычнай крытыкі, гэта значыць аналізу гістарычных крыніц. Але сярод гэтых міфаў навуковец заклікае адрозніваць міфы, з якімі сутыкаецца этнолаг і якія выяўляюць імкненне першабытнага чалавека пазбегнуць прыняцця гістарычнага рашэння, ад міфаў, якія адкрываюць для чалавека новыя магчымасці ягонага існавання і заахвочваюць яго да свабоднага выбару. І ўрэшце, калі вернікі прызнаюць біблейную гісторыю ў вышэйшай меры экзістэнцыяльнай, яны пакідаюць разглядаць яе як міф [55]. Інакш хрысціянская вера перастае быць сапраўднай.
У кожны гістарычны момант абсяг міфа лёгка вагаецца ў залежнасці ад індывіда, бо крытэр рэальнасці ва ўсіх розны. Сёння, напрыклад, можна назіраць, як рацыяналістычны падыход да свету выключае з яго ўсё звышнатуральнае, далучаючы да міфаў веранні хрысціян і юдэяў, тым часам як вернікі хоць і бачаць у іх звышнатуральнае, лічаць гэтае звышнатуральнае сапраўднай рэальнасцю.
Таму калі ўжываюць слова «міф», заўсёды маюць на ўвазе карэнную супрацьлегласць рэальнасці. Так гістарычная навука дае адзін з крытэраў рэальнасці. У той ступені, у якой традыцыйныя апавяданні, што датычаць падзеяў мінулага, не супадаюць з рэканструкцыяй мінулага, зробленай сучаснай гістарыяграфіяй, яны лічацца міфічнымі. У шырокім сэнсе мы называем міфам кожны від аповяду, які мы не можам узгадніць з дадзенымі гістарычнай крытыкі. Менавіта на падставе гэтай крытыкі сучасныя гісторыкі лічаць міфічнымі імёны першых цароў Крыта і Рыма. Гэтак жа і герой швайцарскай легенды, якая адлюстравала барацьбу супраць Габсбургаў у XIV стагоддзі, Вільгельм Тэль лічыцца міфічнай асобай. Сапраўды, сведчання, якое б паказвала на існаванне швайцарскага месціча з такім імем і прозвішчам, няма. Як няма і звестак пра існаванне габсбургскага У. Германа Геслера, якога, паводле падання, забіў Тэль, што паслужыла сігналам да народнага паўстання. Адначасова можна даказаць, што падобныя апавяданні існавалі ў шмат якіх краінах аж да Індыі.
Читать дальше