Лонг. Апулей
Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. Метамарфозы, ці залаты асёл
Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою / Лонг ; пераклад са старажытнагрэцкай, прадмова і каментарыі Анатоля Клышкі. Метамарфозы, ці Залаты асёл : раманы / Апулей ; пераклад з лацінскай мовы, прадмова і каментарыі Пятра Бітэля ; [мастак М. Селяшчук]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. — 283, [1] с., [8] л. каляр. іл. ; 21 см. — (Скарбы сусветнай літаратуры). Тыраж 16 900 экз.
Лонг
Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою
На Лесбасе, палюючы, я ўбачыў у гаі, прысвечаным німфам, найпрыгажэйшае відовішча, якое калі-небудзь бачыў: маляўнічую выяву, гісторыю аднаго кахання. Прыгожы быў і сам гай — шмат дрэў, поўна кветак, удосталь вады: адна крыніца ўсё жывіла, і кветкі, і дрэвы; але прывабнейшы быў абраз — тут і адменнае майстэрства, і праўда кахання; так што і шмат чужаземцаў, прачуўшы пра яго славу, ішло сюды, німфам маліліся, абразам дзівіліся. А на ім жанчыны — адны нараджаюць, другія — немаўлят у пялёнкі завінаюць; дзеці пакінутыя і авечкі ды козы, што кормяць іх, пастухі, што дзяцей да сябе прымаюць, маладыя, што ў шлюб уступаюць, напад разбойнікаў, уварванне захопнікаў. Шмат іншага, але ўсё пра каханне бачыў я і здзівіўся, і прага мяне агарнула паспрачацца ў выяве з тым абразом. І, знайшоўшы таго, хто мне змог вытлумачыць абраз, вышчыраваў я чатыры кнігі ў ахвяру Эрасу, німфам і Пану, у дарунак усім людзям на ўцеху: хворага вылечыць, зажуранага суцешыць, таму, хто ўжо кахаў, згадкі абудзіць, таго, хто яшчэ не кахаў, навучыць.
Бо ўвогуле ніхто ж ад кахання не ўцёк і не ўцячэ, пакуль ёсць краса і вочы бачаць. Нам жа хай дасць бог у ясным розуме каханне іншых людзей апісаць.
1.Горад на Лесбасе ёсць — Мітылена, вялікі, прыгожы; яго разразаюць каналы, яго аздабляюць масты з часанага белага каменю. Можна падумаць, што бачыш не горад, а выспу. Ад гэтага горада Мітылена прыблізна за стадыяў дзвесце быў маёнтак аднага багацея. Цудоўнае ўладанне: дзічына ў гарах, пшаніца ў палях, вінаградная лаза на пагорках, чароды авечак, коз на пашах, і мора набягае на мяккі пясок разлеглага ўзбярэжжа.
2.У гэтым маёнтку казапас, на імя Ламан, пасвячы, знайшоў дзіця, якое карміла адна з яго коз. Быў там лес і гушчар з цярніны, якую абвіваў плюшч, ды мяккая трава, на ёй і ляжала дзіця. Сюды ўпотай усё бегала каза, знікаючы і пакідаючы сваё казлянятка, абы пабыць з немаўлём. Згледзеў Ламан, што яна бегае туды і назад, шкада ж яму было пакінутага казлянятка; і аднаго разу ў самы поўдзень падаўся ён услед за ёю назіркам і бачыць, як каза асцярожна пераступае цераз дзіця, каб не пашкодзіць яго капытцамі, і як малое, нібы з матчынай цыцы, ссе струменістае малако. Поўны здзіўлення, ён, вядома, падыходзіць бліжэй і знаходзіць хлопчыка, моцнага і прыгожага, і пры ім рэчы, зараскошныя як на долю падкідыша: было там коўдзерка пурпуровае, зашпілька залатая і ножык з тронкам са слановай косці.
3.Спярша ён намерыўся забраць толькі прыкметныя знакі, не турбуючыся пра малога; але пасля засаромеўшыся, што з казою і то не зраўняўся ў спагадлівасці, і дачакаўшыся ночы, прыносіць усё да свае жонкі Мірталы — і прыкметныя знакі, і дзіця, і самую казу. Жонка здзівілася, што козы прыводзяць на свет і хлапчукоў, але ён усё расказаў, як знайшоў падкінутага, як бачыў, што дзіця ссала казу, як сорамна стала кінуць яго на пэўную смерць. Яна з ім згадзілася, яны хаваюць усё, што ляжала пры ім пакінутае, а дзіця прызнаюць сваім і аддаюць казе карміць яго. І каб імя дзіцяці здавалася пастушыным, вырашылі назваць яго Дафнісам.
4.Ужо два гады мінула, і вось пастух на імя Дрыяс, што пасвіў на памежных лугах, натыкаецца на такую ж праяву і знайду.
Была тут пячора німфаў — вялікая скала, усярэдзіне пустая, а зверху акруглая. Статуі ж саміх німфаў былі зроблены з каменю: ногі босыя, рукі да плячэй голыя, валасы распушчаныя на шыю, павязка на паясніцы, усмешка ў вачах; а ўсе разам нібы танцуюць у карагодзе. Уваход у пячору быў якраз пасярод вялікай скалы. Вада, што выбівалася з крыніцы, утварала ручаіну, так што перад пячораю рассцілаўся дужа прывабны луг, густую і мяккую траву яго і паіла гэтая вільгаць. Тут віселі даёнкі, флейты-папярочкі, сірынгі, дудачкі-чарацянкі — ахвярныя дары даўнейшых пастухоў.
5.У гэтую пячору німфаў часта забягала авечка, якая нядаўна акацілася, так што не раз нават думалі, быццам яна загінула. Каб пакараць яе і вярнуць да парадку, пастух скруціў вітку з зялёнай галінкі на ўзор пятлі і падаўся да скалы, каб злавіць авечку. Але, падышоўшы, ён убачыў тое, што найменш спадзяваўся ўбачыць, авечку, якая зусім у чалавечы спосаб дае дзіцяці ссаць вымя, поўнае малака, а немаўля без плачу прагна шукае то аднаго, то другога саска сваім роцікам, чыстым і свежым, бо авечка аблізвала языком твар немаўляці, як толькі яно напівалася. Гэта была дзяўчынка, і пры ёй ляжалі пялёнкі і прыкметныя знакі: залататканая павязка на галаву, гафтаваныя золатам чаравічкі і залатыя бранзалеты на ногі.
Читать дальше