Да розных складовых частак гістарычнай культуры мы абавязкова вернемся ў іншым месцы. Зараз жа хочацца прапанаваць чытачу размову пра гістарычныя міфы. Бо менавіта іхнае існаванне ў гістарычнай адукацыі майго пакалення адыграла фатальную ролю ў грамадскім мысленні сучаснага беларускага грамадства.
Я маю на ўвазе насаджэнне міфаў «западнорусизма»; міфаў пра існаванне беларусаў выключна ва ўлонні дабрадзейкі «матушки России», якая толькі і робіць, што ратуе іх ад «чужынцаў». У выніку настойлівага насаджэння такіх міфаў грамадзянства Беларусі было пераарыентаванае з традыцыйных «самастойніцкіх» поглядаў на мінулае — на імперскія, якія поўнасцю супадалі з дарэвалюцыйнымі русіфікатарскімі. Гэта не магло не спрычыніцца да рэзкага падзення даверу да гісторыкаў тыпу Абэцэдарскага. Бо такія спецыялісты зыходзілі з пераканання неабмежаванага маніпулявання гістарычнай сведамасцю грамадства, з падмены гістарычных ведаў вышэй памянёнай гістарычнай ідэалогіяй. Адсюль у гістарычнай навуцы з'явілася пагарда да фактаў: фальшаванне гістарычных крыніц, навязванне гістарыяграфіі (гістарычнай навуцы) прынцыпаў, выпрацаваных праз палітыку і гвалтоўнае ўмяшанне ў асновы гісторыі дзеля дасягнення неадкладнага палітычнага эфекту.
Мне даспадобы іншая пазіцыя — пазіцыя дыялогу, пазіцыя шчырай, адкрытай размовы з грамадствам, гэта значыць партнёрскія паводзіны. Яны закладаюць рэчавае стаўленне да пазанавуковых гістарычных уяленняў, якія немінуча функцыянуюць у грамадстве побач з навуковымі. Надзённыя, побытавыя веды гісторыі складаюцца як з праўдзівых, так і з памылковых элементаў. Некаторыя лічаць, што іх трэба «выкараняць». Я мяркую, што трэба разважліва спрабаваць рабіць іх больш навукова абгрунтаванымі. На мой погляд, іншага шляху да рацыяналізацыі гістарычнай сведамасці грамадства, а гэта значыць да разумення ісціны, апрача паступовага выцяснення з яе фальшывых элементаў і замяшчэння іх магчыма праўдзівымі ведамі, няма.
Ненармальныя ўмовы нацыянальнага жыцця пад час доўгай няволі ў значнай ступені вызначылі ўяўленні беларусаў аб сваёй гісторыі. З'явіліся стэрэатыпы не тых, хто будаваў, а тых, хто заваёўваў і разбураў Беларусь. Расчараванне спадчынай таталітарызму і сучаснасцю можа спрычыніцца да стварэння чарговых гістарычных утопій, да «антыміфаў» ці новых міфаў, да чаго іншым разам з зусім добрымі намерамі заклікаюць у друку [49].
Гэтак заўсёды бывае ў перыяд крызісаў. Гісторыя, якая выракаецца балючай праўды, якая кажа толькі тое, што грамадства ў дадзены момант хоча пачуць, траціць магчымасць не толькі чаму-небудзь навучаць, але (раней ці пазней) шмат са свайго аўтарытэту.
Вось чаму я палічыў бы надзённым вярнуцца да вопыту такіх сумежных з гісторыяй гуманітарных навук, як сацыялогія, псіхалогія, этналогія, культуралогія, і паспрабаваць разабрацца ў стасунках міфа і гісторыі.
Разуменне міфа. Праблема стасунку паміж міфамі і гісторыяй дасюль недастаткова высветленая. На праблему міфаў ужо даўно звярнулі ўвагу этнолагі, сацыёлагі, псіхолагі, культуролагі, тэолагі, гісторыкі літаратуры, гісторыкі мастацтва. Гісторыкі ж грамадства гэтую праблему абміналі, што асабліва датычыць літаратуры краін былога СССР. Бо, як той казаў, у доме шыбеніка аб вяроўцы не гавораць. Амаль усе гуманітарныя навукі там былі наскрозь прасякнутыя міфамі. Мне не ўдалося знайсці ў расейскім навуковым друку адпаведных працаў пра месца міфа менавіта ў гістарычнай думцы. Адна з галоўных прычын таго — у неадназначных стасунках тэрмінаў «міф» і «гісторыя». Азначэнне міфа, якое ўспрымалася б усімі — і навукоўцамі, і неспецыялістамі аднолькава, даць цяжка. Тэрмін «міф» мае некалькі значэнняў. Навукоўцы розных профіляў даюць міфу розныя дэфініцыі — ад этналагічнай у Тайлара праз псіхалагічную ў Юнга да тэасофскай у Лосева.
Для Мірча Эліядэ міф — гэта апавяданне пра падзею, што адбылася ў дагістарычныя часы чалавецтва, для Леві-Строса — гэта сістэма паміж сэнсавымі супрацьлегласцямі, якія змешчаныя ў розных плоскасцях. Сацыёлагі разглядаюць міф у аспекце першаснасці ў дачыненні да дадзенай устойлівасці сацыяльна-культурнай супольнасці (ці культурнай папуляцыі), бо ён стварае сацыяльнае быццё, а паводле тэолага Бультмана, міф — аб'ектывацыя панадсветавага. У гэтым выпадку культурная папуляцыя выступае як крэатура міфа, а той, у сваю чаргу, і ёсць прастора каштоўнасцяў і мэтаў, у якой чалавек жыве. Нутраная праца па пераадоленні разыходжанняў міфа і канкрэтных падзеяў, якія перажывае асоба, — гэта і ёсць змест духоўнага жыцця. Такім чынам, міф стварае, а не тлумачыць сацыяльную рэальнасць.
Читать дальше