Яўген Мірановіч
НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
.
Прадмова навуковага рэдактара
Аўтар гэтай кнігі — беларус, грамадзянін Польшчы, прафесар Беластоцкага універсітэта, асоба, кроўна павязаная з беларускай культурай, і гісторык, які атрымаў адукацыю ў польскім універсітэце. Польскую Народную Рэспубліку нездарма называлі самым вясёлым баракам у савецкім лагеры. Універсітэты гэтай краіны захавалі некаторую аўтаномію і, калі параўноўваць з савецкімі калегамі, значна менш былі падданыя ідэалагічнаму дыктату камуністаў.
Працы па найноўшай гісторыі Беларусі, напісаныя савецкімі гісторыкамі за гады існавання БССР, не маюць нічога агульнага (а калі маюць, то вельмі мала) з рэальнай гісторыяй краіны. Тыя працы ствараліся пад пільным ідэалагічным кантролем апарату камуністычнай партыі і павінны былі апяваць савецкую рэчаіснасць і адвечнае імкненне беларусаў да яднання з Расеяй. 3 тае прычыны абсалютная большасць падобных твораў станавілася макулатурай адразу пасля выхаду з друкарскай машыны. 3 тае самае прычыны вялікая «армія» дыпламаваных беларускіх гісторыкаў найноўшага часу (каля тысячы дактароў і кандыдатаў навук) не здолела стварыць ніводнай навуковай сінтэзы гісторыі краіны XX стагоддзя.
Яўген Мірановіч цалкам свабодны ад савецкіх ідэалагічных штампаў, прапагандысцкай тэрміналогіі і ўвогуле ад стылю мыслення савецкага чалавека. Адметнасцю аўтарскага стылю з'яўляецца «непрыўкрашанасць» інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі. Падкрэслена сухая, «аб'ектывісцкая» будова тэксту спрацавала як прадуманы літаратурны прыём, які толькі ўзмацняе напругу і эмацыйнае ўздзеянне аўтарскага выкладу. Чытач не мае сумненняў, што аўтар не толькі спрабуе паказаць як развіваліся падзеі, але з глыбокім зацікаўленнем і хваляваннем шукае адказу на пытанне: «Чаму так сталася?» Гэтае хваляванне, аднак, не перашкаджае лагічнаму навуковаму аналізу, які афармляецца ў адстароненую, нават халаднаватую канстатацыю.
Абазнаны чытач не з усім пагодзіцца, у прыватнасці, з некаторымі ацэнкамі апошніх падзеяў у краіне. Але галоўнае ў кнізе тое, што яна ўяўляе сабою твор новай суб'ектнай гістарыяграфіі незалежнай Беларусі.
Аляксандар Краўцэвіч
доктар гістарычных навук
Старшыня выканкама Беларускага гістарычнага таварыства
У польскай гістарыяграфіі гісторыя Беларусі на фоне іншых суседзяў Польшчы займае надзвычай мала месца. У школьных падручніках Полацкае княства, якое паспяхова супраціўлялася інтэграцыі з сярэднявечнай дзяржавай Кіеўскай Руссю, нават не згадваецца. Цягам некалькіх стагоддзяў Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. У свядомасці палякаў Вялікае Княства Літоўскае часта атаясамліваецца адно толькі з дзяржавай літоўцаў, хоць літоўцамі (ліцвінамі) у XVI стагоддзі называлі беларускіх князёў і баяраў, а старабеларуская мова была дзяржаўнай і на ёй вялося ўсё справаводства. У XIX стагоддзі тэрмін «Рэч Паспалітая» абазначаў тое ж, што і «Польшча», таму ўзнікненне на пераломе XIX і XX стагоддзяў беларускага нацыянальнага руху пераважнай большасцю польскіх элітаў успрымалася як ненатуральная з'ява і расейская інтрыга. Падобным чынам да гэтага пытання ставіліся расейскія ўлады, уважаючы яго за польскую выдумку.
Падзеі 1918–1920 гадоў надта выразна паказалі, што беларускія і польскія нацыянальныя інтарэсы ўзаемасупярэчныя. Беларускія нацыянальныя і палітычныя памкненні таксама нельга было пагадзіць з расейскімі імперскімі інтарэсамі, якія ажыццяўлялі бальшавікі.
Абвешчаная ў 1918 годзе беларуская дзяржаўнасць існавала больш як ідэя, чым рэальная палітычная з'ява. Аднак у свядомасці беларускіх элітаў яна набыла трывалы характар. На падзеленай у выніку Рыжскае дамовы тэрыторыі стварыліся розныя ўмовы нацыянальнага развіцця. Большасць беларускіх палітычных арганізацыяў, якія дзейнічалі ў II Рэчы Паспалітай, не адмовіліся ад думкі пра незалежную і аб'яднаную Беларусь. Некалькі гадоў ліберальнага бальшавіцкага кіравання ў 1920-х гадах спрычыніліся да таго, што на тэрыторыі Савецкай Беларусі стварылася амаль беларуская нацыянальная дзяржава. Беларускія дзеячы са згоды цэнтральных савецкіх уладаў маглі ажыццяўляць найбольш смелыя планы, аб якіх марылі пад час I Усебеларускага з'езда ў снежні 1917 года. Іх дасягненняў у галіне беларусізацыі не ўдалося цалкам знішчыць у 1930-х гадах, калі знішчаліся ўсе, хто меў хоць якое дачыненне да беларускай нацыянальнай ідэі.
Читать дальше