Насельніцтва Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя
У 1897 г. быў праведзены першы перапіс насельніцтва Расійскай імперыі. Яго вынікі былі аб’яўлены толькі ў 1905 г. У пяці губернях Паўночна-Заходняга краю — Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, Віленскай і Гродзенскай — пражывала 8 518 247 чалавек, у тым ліку 5 408 420 беларусаў (63,5 %), 1 202 129 яўрэяў (14,1 %), 492 921 расіянін (5,8 %), 424 236 палякаў (5,0 %), 377 487 украінцаў (4,4 %), 288 921 літовец (3,4 %), 272 775 латышоў (3,2 %), 27 311 немцаў (0,3 %), 8448 татараў (0,1 %), 19 658 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей (0,2 %). Амаль 480 тысяч беларусаў жыло па-за межамі пяці названых губерняў, галоўным чынам на Смаленшчыне і Чарнігаўшчыне. Беларускай мовай у найбольшай ступені карысталася насельніцтва Магілёўскай (82,4 %) і Мінскай (76 %) губерняў. На гэтай мове размаўляла 56 % жыхароў Віленскай, 52 % Віцебскай і 42 % Гродзенскай губерняў. Рассяленне беларускамоўнага насельніцтва было таксама нераўнамернае і ў паасобных губернях. У Віленскай губерні, напрыклад, у Вілейскім павеце складалі яны 86,9 % жыхароў, а ў Віленскім павеце — толькі 26 %. Таксама і ў Сакольскім павеце Гродзенскай губерні беларускамоўнае насельніцтва складала 83,9 % ад агульнай колькасці жыхароў, а ў суседнім Беластоцкім павеце гэтая катэгорыя насельніцтва займала трэцяе месца (26,1 %) за палякамі (34,2 %) і яўрэямі (28,3 %). Беларускай мовай карысталася амаль 90 % насельніцтва Краснага павета Смаленскай губерні і 70 % Сумскага павета Чарнігаўскай губерні.
Рэлігійная структура насельніцтва Беларусі ў пэўнай ступені адрознівалася ад моўнай. Праваслаўныя складалі 70,4 % усіх жыхароў, католікі — 13,5 %, яўрэі — 14,0 %, а прадстаўнікі іншых канфесій — 2,1 %.
Пераважная большасць беларускага насельніцтва — 85,5 % — жыла на вёсцы. Астатнія найчасцей былі жыхарамі малых мястэчак. У губернскіх цэнтрах жыло толькі 2,6 % беларусаў. У гарадах на тэрыторыі Беларусі дамінавала яўрэйскае насельніцтва, якое складала 53,5 % усіх гараджан.
Паводле перапісу ад 1897 г. найбольш палякаў пражывала ў Гродзенскай і Віленскай губернях, а ў некаторых паветах складалі яны большасць жыхароў. Але ўжо ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях іх удзел у агульнай структуры насельніцтва складаў толькі 2,3 %. Рашучую большасць польскамоўнага насельніцтва, асабліва ў выпадку названых губерняў, складала шляхта. З ліку 153 тыс. чалавек, якія належалі да гэтай грамадскай праслойкі, 43,3 % палічыла сваёй роднай мовай беларускую, 33,8 % — польскую і 19,1 % — рускую. Сярод амаль паўмільённай масы расіян толькі 5 % складалі земляробы, а чыноўнікі і іх сем’і — 51,8 %. Рускую мову роднай прызналі 61,5 адсотка праваслаўных, астатнія ўказалі на беларускую.
У ліку 5,4 млн. чалавек, якія размаўлялі на беларускай мове, 81 % складалі праваслаўныя, 18,5 % — католікі, 0,4 % — стараверы, 0,03 % — лютэране. Амаль 40 % чыноўнікаў і 60 % настаўнікаў усіх тыпаў школ назвалі сябе беларускамоўнымі. Можна меркаваць, што значная частка духоўных, чыноўнікаў, настаўнікаў сваю беларускасць разумела ў катэгорыях заходнерусізму, а не паводле канцэпцыі прапагандаванай «Нашай нівай». У выпадку шляхты моўны крытэрый праўдападобна не прадрашаў пытання нацыянальнай свядомасці асоб, якія належалі гэтай грамадскай праслойцы.
Час вайны, міграцыі і рэвалюцыі (1914–1917)
Першая сусветная вайна, з пункту гледжання беларускіх палітычных і нацыянальных інтарэсаў, пачалася зарана. Застала яна беларускія эліты без выразнай канцэпцыі дзеяння ў выпадку парушэння існуючага геапалітычнага парадку, а само грамадства — у стадыі ўваходжання на шлях фарміравання нацыі. Вайна аказалася, аднак, каталізатарам перамен у свядомасці сялянскіх мас. Разбурыла яна іх ізаляваны ад вонкавага свету спосаб жыцця. Дамінацыя элементаў натуральнай гаспадаркі на беларускай вёсцы не прымушала сялян кантактавацца са светам, які знаходзіўся па-за межамі найбліжэйшай мясцовасці. Праўда, гэтыя ўмовы ахоўвалі сялянскае асяроддзе ад уплываў чужога акружэння і яго асіміляцыйнага ўздзеяння, але адначасна перашкаджалі кантактам са сваёй інтэлігенцыяй. Вайна выгнала са сваіх сядзіб мільёны людзей, давяла да канфрантацыі з чужым светам і дасведчанасці, якой не ведалі іхныя продкі.
Беларусь з першых дзён вайны стала прыфрантавой паласой. У жніўні 1914 г. на яе тэрыторыі ўведзена было ваеннае становішча, забаронены былі публічныя сходы, гандаль газетамі і кніжкамі без дазволу ўлад. У той час арганізаваліся шматлікія патрыятычныя маніфестацыі і набажэнствы. Неўзабаве размясцілася тут паўтарамільённая расійская армія. У самым Мінску раскватаравалася 150 тыс. салдат. У армію былі прызваны сотні тысяч жыхароў Беларусі.
Читать дальше