У канцы 1916 г. у Вільні паўстаў Беларускі клуб — арганізацыя накшталт дыскусійнага форуму для асоб, якія прадстаўлялі розныя палітычныя погляды. Клуб перш за ўсё быў месцам абмяркоўвання спрэчных пытанняў у справе будучыні Беларусі. У 1917 г. віленскія беларусы мелі свой тэатр, якім кіраваў Францішак Аляхновіч, кнігарню і бібліятэку. Стварылі яны новыя арганізацыі — Беларускі настаўніцкі хаўрус, Беларускае навуковае таварыства, Таварыства дапамогі бедным дзецям.
Апрача Вільні цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху былі школы. У канцы 1916 г. было іх толькі восем. Некалькі месяцаў пазней працавала ўжо 50 школ, з ліку якіх 46 знаходзіліся ў беластоцка-гродзенскай школьнай акрузе. Аднак была гэта невялікая колькасць у параўнанні з польскім школьніцтвам, якое мела ў сваім распараджэнні сотні школ на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны. Развіццё беларускага школьніцтва ўдачна тармазілася каталіцкім духавенствам, якое найчасцей выказвалася за пасыланне дзяцей у польскія школы. Лік беларускіх школ павысіўся да 350 толькі ў 1918 г., калі з Расіі пачалі вяртацца праваслаўныя бежанцы і настаўнікі, якія працавалі ў расійскай асвеце да 1915 г. Семінарыя ў Свіслачы, хаця і выпусціла звыш ста настаўнікаў, не была ў змозе вырашыць кадравае пытанне беларускага школьніцтва.
19 снежня 1915 г. у Вільні выйшаў «Універсал Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага». Быў ён надрукаваны на беларускай, літоўскай, яўрэйскай і польскай мовах. Яго аўтарамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы. «Універсал» напісалі яны ў паразуменні з некалькімі прадстаўнікамі пералічаных народаў, а затым канцэпцыяй аднаўлення Вялікага княства Літоўскага, як самастойнай дзяржавы, прабавалі зацікавіць немцаў і цэнтры польскага і літоўскага палітычнага жыцця. Іх прапановы не знайшлі, аднак, ніякага водгуку ў адрасатаў. І палякі, і літоўцы выказваліся за аднаўленне сваіх нацыянальных дзяржаў, а немцы ў сваю чаргу дзяржаўную прыналежнасць Беларусі абумоўлівалі вынікамі вайны з Расіяй.
Беларускае пытанне ўпершыню паявілася на міжнароднай арэне ў красавіку 1916 г. падчас канферэнцыі народаў Расіі ў Стакгольме. У выніку захадаў прысутных на канферэнцыі беларускіх палітыкаў — Івана Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага — быў вынесены пастулат палітычнай і культурнай аўтаноміі для Беларусі ў складзе расійскай дзяржаўнасці.
Сітуацыя ў Беларусі на ўсходнім баку лініі фронту была звязана з ходам падзей у Расіі. І хаця ў 1915–1916 гадах у Мінску і Петраградзе дзейнічалі структуры Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і выходзілі штотыднёвікі «Светач» і «Дзянніца», аднак іх уздзеянне на беларускае грамадства было нязначнае. Арганізаванне месц працы, кравецкіх, пчалярскіх ці агародніцкіх курсаў для бежанцаў і гульняў для іхных дзяцей — гэта ўся дзейнасць, на якую дзеячам БТДПВ дазвалялі расійскія ўлады. З другога боку, служба ў расійскай арміі сотням тысяч беларускіх сялян прынесла паскораную палітычную адукацыю. Былі яны відавочцамі паступовага падзення аўтарытэту ўлады, арміі і расійскай дзяржавы. Лютаўская рэвалюцыя падштурхнула да дзеяння грамадскія і нацыянальныя групоўкі, якія некалькі гадоў раней далёкія былі ад ідэалаў, з якімі цяпер атаясамліваліся.
У Мінску і многіх іншых гарадах Беларусі падзенне царызму ўспрымалася энтузіястычна. Усе чакалі скорага заканчэння вайны. Антываенную атмасферу згушчаў факт прысутнасці ў Беларусі амаль паўтарамільённай расійскай арміі. Для насельніцтва знаходжанне так вялікай колькасці войска было надта значным абцяжараннем, а для расійскіх салдат вайна, пасля некалькіх спроб выгнання немцаў, цалкавіта страціла сэнс. У Мінску і наваколлі стаяла звыш 150 тыс. салдат. Пераняць кантроль над такой масай войска стараліся таксама бальшавікі, якія, так як ва ўсёй Расіі, пачалі ствараць саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Беларусь, аднак, заставалася часткай расійскага палітычнага тэатра, а беларускі нацыянальны рух, хаця пасля лютаўскай рэвалюцыі развіваўся надта інтэнсіўна, знаходзіўся ўсяго толькі на абочыне галоўнага рэчышча падзей 1917 г.
На пачатку сакавіка 1917 г., пасля дзесяцігадовага перапынку, узнавіла дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада. Яе адраджэнне адбылося на аснове структур БТДПВ. Найбольш прыхільнікаў адноўленай партыі знаходзілася ў Мінску, Петраградзе, Віцебску, Бабруйску. За некалькі тыдняў дзейнасці БСГ удалося згуртаваць некалькі соцень чальцоў, пераважна прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Спрыялі гэтаму палітычныя абставіны, а перш за ўсё атмасфера свабоды і папулярнасць лозунгаў аб праве народаў Расіі на захаванне сваёй тоеснасці. На канферэнцыі БСГ 25 сакавіка 1917 г. паўторна была вынесена прапанова ператварыць Расію ў федэратыўную дзяржаву і даць Беларусі аўтаномію з краёвай радай як органам заканадаўчай улады. Апрача таго быў сфармуляваны шэраг прапаноў па правядзенні грамадскіх рэформ — перадача сялянам памешчыцкай зямлі, адмена прымусовай ваеннай службы і замена яе народнай міліцыяй, нацыяналізацыя асветы. На канферэнцыі БСГ прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай партыі народных сацыялістаў (БПНС) і некалькіх меншых галіновых арганізацый. Па гэтай прычыне ўдзельнікі канферэнцыі абвясцілі сябе І З’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый і абралі выканаўчы орган — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), які ўзначаліў памешчык Раман Скірмунт. Управу БНК складалі: Павел Аляксюк, Браніслаў Тарашкевіч, кс. Вінцэнт Гадлеўскі, Казімір Кастравіцкі, Усевалад Фальскі, Зміцер Жылуновіч, Аркадзь Смоліч, Іван Краскоўскі, Лявон Дубейкаўскі. БНК атрымаў паўнамоцтвы прымаць у свой склад прадстаўнікоў новаствораных беларускіх арганізацый.
Читать дальше