Побач БСГ і БПНС дзейнічалі ўжо іншыя беларускія партыі, якія таксама распрацоўвалі розныя праекты наконт будучыні. У Маскве паўстала Беларуская народная грамада, у Петраградзе — каталіцкая Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, у Віцебску — Беларускі народны хаўрус, у Магілёве — Беларускі нацыянальны камітэт, у Гомелі — Хаўрус беларускай дэмакратыі. Большасць гэтых арганізацый мела сваіх прадстаўнікоў у БНК.
У красавіку 1917 г. дэлегацыя БНК на чале з Раманам Скірмунтам падалася ў Петраград, каб прад’явіць Часоваму ўраду пастулаты наконт аўтаноміі Беларусі. Дэмакратычныя ўлады Расіі, так як і раней царскія, не лічылі, аднак, беларусаў асобным народам і адмовіліся весці перагаворы на гэтую тэму. У такой сітуацыі сацыялісты БСГ, якія пераважалі ў беларускім нацыянальным руху, пачалі шукаць паразумення з расійскімі радыкаламі — эсэрамі і бальшавікамі. Нават сваю прапагандысцкую рыторыку прыпадобнілі яны да той, якой карысталіся рэвалюцыянеры партыі Леніна.
На з’ездзе БСГ у Петраградзе ў чэрвені 1917 г. старшынёю партыі быў абраны камуніст Зміцер Жылуновіч. Сваёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла ўвядзенне сацыялістычнага парадку ў Беларусі «цераз развіццё класавай барацьбы і сацыяльную рэвалюцыю». Гэта абазначала раскол у беларускім руху, паколькі для часткі кіраўніцтва БНК — Скірмунта, Алексюка, кс. Гадлеўскага — чужымі былі погляды, якія прадстаўлялі сацыялісты. У атмасферы пашыраючайся радыкалізацыі грамадскіх настрояў павялічваліся палітычны капітал БСГ і лік чальцоў партыі. У палове 1917 г. было іх ужо больш за 5 тысяч. Некаторыя з іх былі адначасова чальцамі расійскіх сацыялістычных груповак. У такой сітуацыі скліканы ў Мінск 8 ліпеня 1917 г. ІІ З’езд беларускіх партый і арганізацый праходзіў пад знакам дамінацыі БСГ. З’езд распусціў Беларускі нацыянальны камітэт з прычыны ягонай кансерватыўнасці і стварыў Цэнтральную раду беларускіх арганізацый і партый, якая мела прадстаўляць «поўнасцю дэмакратычныя» арганізацыі, што ў тадышніх умовах абазначала крайне левыя групоўкі.
У пераломны момант гісторыі, калі вырысоўваліся перспектывы атрымаць хаця б аўтаномію і неабходнай была кансалідацыя ўсіх беларускіх груповак, класавыя інтарэсы ўзялі верх над нацыянальнымі.
Летам 1917 г. палітычная сітуацыя ў Мінску адлюстроўвала стан настрояў у іншых гарадах Расіі. Гаспадарчы хаос, масы дэмаралізаваных салдат, над якімі страцілі кантроль генералы і Часовы ўрад ды вострая бальшавіцкая рыторыка аб патрэбе сілай пераняць «пралетарыятам» уладу сталі прычынай далейшай радыкалізацыі грамадскіх настрояў. Уздзейнічала гэта і на беларускі рух. У верасні 1917 г. частка чальцоў БСГ перайшла на бальшавіцкі бок. У штораз большай ступені партыя падвяргалася грамадскім настроям і траціла нацыянальную тоеснасць. Толькі чарговы з’езд БСГ у кастрычніку 1917 г. спыніў працэс уліцця гэтай самай вялікай беларускай арганізацыі ў рэчышча ўсерасійскай рэвалюцыі. З’езд старшынёю і ягонымі намеснікамі выбраў больш памяркоўных палітыкаў — Язэпа Дылу, Аляксандра Прушынскага і Аркадзя Смоліча, якія дзеля нацыянальнага інтарэсу згодны былі вярнуцца да супрацоўніцтва з партыямі несацыялістычных напрамкаў. Неўзабаве пасля з’езда БСГ было склікана пасяджэнне Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, якая ўжо на другі дзень перайменавалася на Вялікую беларускую раду (ВБР). У ходзе пасяджэння ВБР, якое працягвалася ад 16 да 24 кастрычніка, яе састаў быў папоўнены прадстаўнікамі вайсковых і самаўрадавых асяроддзяў. Старшынёй выканаўчага камітэта стаў чалец БСГ Вячаслаў Адамовіч, а ў яго склад увайшлі дзеячы хрысціянска-дэмакратычнай плыні — Эдуард Будзька і Павел Аляксюк. ВБР вызначыла сабе ролю вышэйшага органа часовай улады аўтаномнай Беларусі.
5 лістапада праходзіў у Мінску З’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту, які вырашыў падпарадкавацца ВБР і ад яе імя пачаць фарміраванне сваіх узброеных сіл. З гэтай мэтай была створана Цэнтральная беларуская вайсковая рада (ЦБВР), якая бесперашкодна працягвала дзейнасць таксама пасля захопу ўлады ў Беларусі бальшавікамі. Ва ўмовах палітычнага хаосу і бальшавіцкай дэкларацыі аб праве народаў на самавызначэнне стваранне беларускіх структур у расійскай арміі лічылася цалкам натуральнай з’явай, тым больш што мелі яны прадстаўляць Беларусь у складзе Расіі. З’езды воінаў-беларусаў праходзілі ў лістападзе і снежні 1917 г. таксама ў ваенных акругах па-за тэрыторыяй Беларусі — у Кіеве, Адэсе, Смаленску. Усюды прымаліся дэкларацыі падтрымкі для аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай расійскай дзяржаўнасці і заявы аб гатоўнасці садзейнічаць намаганням ЦБВР у справе фарміравання беларускага войска. Некаторыя камандзіры, не чакаючы дазволу расійскіх начальнікаў, самі пачыналі ствараць беларускія нацыянальныя часці.
Читать дальше