Выбары ў расійскую Думу ў 1907 г. сталі паказчыкам уплываў і папулярнасці розных партый, якія дзейнічалі ў Беларусі. Апрача ўсерасійскіх прыхільных ураду груповак, такіх як «Хаўрус 17 кастрычніка», сваіх кандыдатаў вылучыла таксама заснаванае ў 1906 г. «Рускае ўскраіннае таварыства», якое з’яўлялася новай формай заходнерусізму. Гэтым групоўкам дасталася ў Беларусі 36 дэпутацкіх мандатаў (80,5 %). Паражэнне на выбарах пацярпеў блок сацыялістычных партый, які складалі БСГ, ПСП, Усеагульны яўрэйскі рабочы хаўрус (Бунд) і Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП). Сацыялісты не атрымалі ніводнага мандата.
Выбарчае паражэнне стала прычынай спынення дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады. Сяляне, у якіх беларускія сацыялісты шукалі падтрымкі, прагаласавалі за заходнерускія групоўкі. БСГ гуртавала пераважна людзей, якія выводзіліся са шляхецкіх і чыноўніцкіх колаў. Не ўмелі яны паўплываць на свядомасць вясковага насельніцтва, якое заставалася пад уздзеяннем Праваслаўнай царквы і ўрадавай прапаганды, распаўсюджваемай школай, арміяй, установамі і лаяльнымі ў адносінах да царызму заходнерускімі арганізацыямі. Большасць лідэраў БСГ абмежавала сваю актыўнасць да асветнай працы з народам.
У 1906–1907 гг. у пецярбургскай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца» выйшлі друкам тры падручнікі па беларускай мове. У 1907 г. паўсталі першыя прыватныя школкі, у якіх навучанне вялося на беларускай мове. Немагчыма вызначыць памеры гэтай з’явы, але гэта не былі адзіночныя выпадкі. Восенню 1907 г. адбыўся з’езд настаўнікаў гэтых школ, які заснаваў нелегальны Беларускі настаўніцкі хаўрус.
У Пецярбургу, Вільні, Мінску паўставалі многія новыя арганізацыі — літаратурныя, культурныя, асветныя, выдавецкія суполкі. У 1907–1912 гг. адна толькі рэдакцыя «Нашай нівы» выпусціла 31 кніжку, у тым ліку 12 надрукаваных лацінкай. У Вільні неўзабаве паўсталі новыя выдавецтвы — «Наша хатка», «Палачанін» і Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ). Гэтае апошняе, якім загадваў Вацлаў Іваноўскі, адчыніла нават сваю кнігарню — адмысловы асяродак распаўсюджвання беларускай літаратуры.
Апрача прыгожага пісьменства, гістарычнай літаратуры і падручнікаў БВТ рыхтавалася друкаваць кніжачкі для набажэнства і Свяшчэннае Пісанне на беларускай мове.
Актыўнасць нешматлікай беларускай інтэлігенцыі была настолькі відавочнай, што выклікала процідзеянне расійскіх нацыяналістычных груповак. Расійскія газеты, якія выдаваліся ў Мінску і Вільні — «Белорусский вестник», «Минское слово» і заходнеруская «Белорусская жизнь» (з 1911 г. — «Северо-Западная жизнь»), вялі пастаянную ідэалагічную вайну з «Нашай нівай». Выдаўцы «Северо-Западной жизни», праўду кажучы, не аспрэчвалі існавання беларускай нацыянальнасці, але беларускай літаратурнай мовай, культурнай мовай беларусаў — пераконвалі — з’яўляецца мова Гогаля і Пушкіна. Друкаванне кніжак і перыядычных выданняў на беларускай мове называлі яны польска-каталіцкай інтрыгай.
Беларускія нацыянальныя імкненні таксама з недаверам успрымаліся некаторымі польскімі асяроддзямі. «Кур’ер літэўскі» («Kurier Litewski»), «Пшэглёнд віленьскі» («Przeglad Wilenski»), а таксама іншыя польскія перыядычныя выданні не раз унушалі, што «Наша ніва» і кніжкі на беларускай мове выдаюцца за дзяржаўныя грошы, а канчатковай мэтай гэтых старанняў з’яўляецца русіфікацыя народу, які мае схільнасці да польскай культуры. «Сумніўнай ёсць справа, — пісаў В. Чачот, — ці сённяшні люд ацаніў бы дабрадзейства, якое хочуць яму аказаць нацыяналісты, вучачы яго іх уласнай гаворкі замест культурнай польскай мовы». Беларускую мову ў польскім віленскім друку часта называлі «грубай мовай», а яе распаўсюджванне — «адцягваннем простанароддзя ад польскасці». Польскія публіцысты беларусаў-католікаў прынцыпова прылічалі да польскага народа. Паўсюднай была боязь, што развіццё беларускага руху можа пагражаць польскай зямельнай уласнасці ў Беларусі.
Хаўруснікамі беларускай інтэлігенцыі не былі таксама сяляне, ад імя якіх рэвалюцыянеры і пазітывісты фармулявалі свае пастулаты. Слабасць беларускіх эканамічна прывілеяваных слаёў — мяшчанства, памешчыкаў і інтэлектуальнай эліты, якія звычайна былі істотнай умовай развіцця культуры і нацыянальнай ідэалогіі, была прычынай кволасці беларускіх патрабаванняў на фоне інтэнсіўна змагаючыхся польскіх і расійскіх уплываў. Плебейскі характар беларускай грамадскасці стаў прычынай таго, што грамадскія пытанні, а не нацыянальныя, вызначалі яе свядомасць.
Читать дальше